Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікерка Сэйму Літвы пра сытуацыю ў Беларусі: Такія рэжымы ня падаюць пасьля першага ўдару


Сьпікерка Сэйму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсен
Сьпікерка Сэйму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсен

Шлях у NATO, вайсковая і іншая дапамога ад Літвы Ўкраіне, ці лічыць Пуціна забойцам і будучыня «Паўночнага патоку-2».

Пра ўсё гэта ў эксклюзіўным інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода расказала сьпікерка Сойму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсен. Прапануем вашай увазе фрагмэнт, які тычыцца непасрэдна Беларусі.

— Пагаворым пра Беларусь. Літва заўсёды была вялікім сябрам беларускага народу, але асабліва з пачаткам пратэстаў у жніўні мінулага году. Як доўга, на вашу думку, Аляксандар Лукашэнка застанецца ва ўладзе, нягледзячы на тое, што актыўнасьць пратэстаў зьменшылася? І што ЭЗ можа зрабіць, каб дапамагчы аднавіць дэмакратыю ў Беларусі?

— Мы стараемся рабіць усё, каб падтрымаць дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі, але таксама захаваць міжчалавечыя адносіны з нашымі суседзямі, якія вельмі блізкія да нас. Толькі дзясяткі кілямэтраў аддзяляюць нас ад краіны, якая, здаецца, знаходзіцца ў зусім іншай рэальнасьці. Гэта вельмі дзіўнае адчуваньне. Але гэта стварае шмат спачуваньня ў літоўскім грамадзтве. Калі ў жніўні мінулага году абвясьцілі вынікі фэйкавых выбараў у Беларусі, у Літве прайшлі велізарныя дэманстрацыі — «Дарога свабоды», якая злучыла Вільню і беларускую мяжу, і на акцыю выйшлі каля 50 000 чалавек. Таму гэта была ўражальная дэманстрацыя намеру дапамагчы суседзям.

Што можна зрабіць? Мы арганізуем шмат маштабных падзей з удзелам дэмакратычнай апазыцыі Беларусі, інтэлектуалаў, навукоўцаў. Мы стараемся зьвяртаць увагу палітыкаў зь вялікіх краінаў ЭЗ на сытуацыю ў Беларусі. У гэтым кантэксьце сытуацыя трохі падобная да нашай актыўнасьці ў дачыненьні да Ўкраіны. Вельмі важна, каб ніводзін палітык у ЭЗ не пачаў думаць, што статус-кво — гэта нармальна, што мы нічога ня можам з гэтым зрабіць.

Калі мы гаворым пра Лукашэнку, пра канец яго рэжыму, мы павінны разумець, што такія рэжымы ня падаюць пасьля першага ўдару. Трэба працягваць змагацца і наносіць гэтыя ўдары. І, на жаль, за гэта даводзіцца плаціць вялікую цану. Цану здароўя людзей і іх жыцьцяў. У парлямэнце Літвы мы ўзялі пад апеку некаторых палітычных зьняволеных, якіх пасадзілі без абвінавачаньня або паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў, і на працягу многіх месяцаў іх утрымліваюць у жудасных умовах. І, вядома, яны робяцца пакутнікамі гэтага рэжыму.

Я вельмі спадзяюся, што гэта пытаньне ня вельмі далёкай будучыні, калі мы ўбачым зьмену сытуацыі ў Беларусі, бо мы бачым шмат пэрспэктыўных прадстаўнікоў маладога пакаленьня палітыкаў, якія імкнуцца змагацца за дэмакратыю ў гэтай краіне да канца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG