Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачаньне, справу неўзабаве перададуць у суд


Максім Знак, ліпень 2020
Максім Знак, ліпень 2020

Папярэдняе сьледзтва ў справе сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака закончанае.

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале Зьміцер Лаеўскі, адвакат Максіма Знака.

«7 траўня нам, абаронцам Максіма Знака, абвешчана пра заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня. Гэта значыць, што орган сьледзтва лічыць усе сьледчыя дзеяньні выкананымі і мае намер перадаць справу пракурору для накіраваньня ў суд», — напісаў Лаеўскі.

Зьміцер Лаеўскі
Зьміцер Лаеўскі

Ён таксама паведаміў, што па выніках азнаямленьня са справай абарона мае права хадайнічаць «аб правядзеньні дадатковых дзеяньняў або аб спыненьні крымінальнага перасьледу (напрыклад, у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства, пра што мы раней ужо неаднаразова заяўлялі і ў чым мы абсалютна перакананыя)».

Лаеўскі нагадаў, што раней адвакатам забаранілі ня толькі расказваць пра «дадзеныя папярэдняга сьледзтва», але нават называць прозьвішчы сьледчых: «Дзіўна, бо калі людзі ўпэўненыя ў тым, што яны робяць, няма патрэбы хаваць сябе».

«У частцы інкрымінаваных Максіму Знаку дзеяньняў гэтае абвінавачаньне пазбаўлена якой-небудзь канкрэтыкі, — перакананы Лаеўскі. — Яно складаецца з абстрактных фармулёвак, зь якіх абсалютна няясна, у чым менавіта палягаюць дзеяньні Максіма, расцэненыя сьледчым як злачынства. У абвінавачаньні на шмат старонак апісваюцца нейкія падзеі і дзеяньні іншых асоб, якія не ўтвараюць злачынства і ня маюць дачыненьня да абвінавачанага».


Адвакат пералічыў хібы, якія, на ягоную думку, утрымліваюць матэрыялы сьледзтва:

  • «У частцы абвінавачаньня ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) з пастановы няясна, якім чынам, хто і якую ролю выконваў або меўся выконваць, і галоўнае — учыненьне якіх дзеяньняў плянавалася. Не апісаны мэханізм, які мог бы разглядацца ў якасьці захопу ўлады».
  • «Перамовы і адстаўка не зьяўляюцца спосабамі захопу ўлады, бо не прыводзяць да спыненьня ўладных паўнамоцтваў каго-небудзь насуперак ягонай волі».
  • «У частцы абвінавачаньня ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1 КК) пастанова не ўтрымлівае абгрунтаваньняў, чаму афіцыйна агучаная мэта Каардынацыйнай рады (КР) не павінна разглядацца як сапраўдная, паводле якіх усталяваных у законе прыкметаў дзейнасьць КР аднесена да экстрэмісцкай, хто ажыцьцяўляў кіраўніцтва КР і ў чым яно выяўлялася (з улікам таго, што ў КР у прынцыпе не было кіраўніцтва)».
  • «У частцы абвінавачаньня ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК), зьмест якіх-небудзь заяваў Максіма Знака ў выглядзе цытат не прыводзіцца, не названа датаў, часу і месца нібыта агучаных заклікаў. Гэта значыць, з тэксту абвінавачаньня немагчыма выявіць, у якіх выказваньнях сьледчыя ўгледзелі заклікі, ды яшчэ і накіраваныя на прычыненьне нейкай шкоды, і немагчыма праверыць правільнасьць інтэрпрэтацый, якія ставяцца ў віну нашаму падабароннаму».

Адвакат Зьміцер Лаеўскі падкрэсьлівае, што «Максім пад вартай восем месяцаў, і за гэты час не ўстаноўлена рэальнай дзеі, якая б адпавядала прыкметам злачынства. Выстаўленае Максіму Знаку абвінавачаньне беспадстаўнае, яно супярэчыць крымінальнаму і крымінальна-працэсуальнаму закону, і таму крымінальны перасьлед Максіма Знака мусіць быць спынены».

  • Максіма Знака затрымалі 9 верасьня і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі» (ч. 3 арт. 361 КК). 25 студзеня яму падаўжалі арышт папярэдні раз, да 9 сакавіка. У пачатку сакавіка тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі яшчэ на два месяцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG