Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэжцы глядзяць на Беларусь як на асобную краіну і дзяржаву, — нарвэскі дэпутат


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Осла, Нарвэгія. 14 лютага 2021
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Осла, Нарвэгія. 14 лютага 2021

Ян Максімюк размаўляе з Гайрам Тоскедалам, дэпутатам парлямэнту Нарвэгіі ад Хрысьціянскай народнай партыі, пра яго зацікаўленасьць Беларусьсю і пра тое, што ён робіць, каб зацікавіць гэтай сытуацыяй сваіх суайчыньнікаў.

Тры сьмелыя беларускі

— Спадар Тоскедал, маё першае пытаньне будзе пра вашу леташнюю намінацыю трох сьмелых беларусак — Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы — на Нобэлеўскую прэмію міру. Гэта была ваша асабістая ініцыятыва ці, можа, партыйная ідэя? Я маю на ўвазе Хрысьціянскую народную партыю Нарвэгіі…

— Прывітаньне ўсім! Мне ўжо значна больш за 60 гадоў, і я цягам многіх гадоў сачыў за разьвіцьцём сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе. Я пабываў у Польшчы і ў балтыйскіх краінах. Цяпер мы маем такую сытуацыю ў Беларусі, у якую нам трэба ангажавацца.

Калі я пачуў пра беларускае паўстаньне, пра апазыцыю і яе сытуацыю, калі я даведаўся пра некаторыя беларускія арганізацыі, мне падумалася, што і я ахвотна дапамог бы ім. А калі я прачытаў пра трох сьмелых беларускіх жанчын, якія ўзначалілі пратэст, я падумаў, што, паколькі я маю права намінаваць кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію міру, я пакарыстаюся гэтай сытуацыяй і наміную іх. Зразумела, я намінаваў іх ад свайго імя, а не ад імя партыі. Я моцна зацікаўлены сытуацыяй у Беларусі.

— Чаму вы думаеце, што гэтыя жанчыны заслугоўваюць Нобэлеўскай прэміі міру?

— Гэта быў вельмі сьмелы выступ. Яны выступілі за правы чалавека, за дэмакратыю. Зусім відавочна, што гэтага не хапае ў Беларусі, таму я захацеў падтрымаць іх. І гэта быў найлепшы спосаб, каб выказаць сваю падтрымку. Потым шмат людзей прыходзілі да мяне і дзякавалі за гэты ўчынак, і казалі, што яны таксама хочуць дапамагчы беларускай апазыцыі чым толькі могуць. Я лічу, што гэтыя тры жанчыны вельмі мужныя, гэта так.

Гайр Сыгб’ёрн Тоскедал, дэпутат парлямэнту Нарвэгіі ад Хрысьціянскай народнай партыі
Гайр Сыгб’ёрн Тоскедал, дэпутат парлямэнту Нарвэгіі ад Хрысьціянскай народнай партыі

Зьмястоўныя пратэсты

— Мяркую, вы сачылі за асьвятленнем беларускіх пратэстаў у сродках масавай інфармацыі ў большай ступені, чым большасьць вашых суайчыньнікаў. Што вы можаце сказаць пра характар гэтых пратэстаў? Што вас зьдзівіла перш за ўсё?

— Уразіў мяне мірны характар гэтых пратэстаў, шэсьці ў горадзе бяз гвалту з боку дэманстрантаў, і спосаб, у які яны выказвалі свае палітычныя погляды. Якраз гэта ўразіла найбольш. Гэта было вельмі зьмястоўна, пасыл быў лёгкі для разуменьня. Тады адчувалася вялікая моц апазыцыі, значна большая, чым звычайна.

Зразумела, калі мы пачулі пра арышты і зьняволеньні, — я ведаю асабіста некаторых з тых, каго арыштоўвалі — нам балела, нашы дэмакратычныя пачуцьці былі закранутыя. Таму я так моцна хачу іх падтрымаць.

— Як вы ацэньваеце асьвятленьне пратэстаў у Беларусі сродкамі масавай інфармацыі вашай краіны? Ці ведаюць цяпер людзі ў Нарвэгіі пра Беларусь і пра тое, што там адбываецца, больш, чым ведалі год таму? Ці ня блытаюць яны Беларусь з Расеяй?

— Я думаю, што нарвэскія мэдыя занялі вельмі выразную пазыцыю, яны асьвятлялі сытуацыю ў Беларусі вельмі добра. У некаторых пэрыядах амаль штодзённа былі рэпартажы зь Беларусі ў розных СМІ. І мы таксама мелі адмысловую праграму, прысьвечаную Беларусі, у дзяржаўнай нарвэскай тэлевізіі. Так што Беларусі ўдзялялася шмат увагі. Я думаю, што нарвэжцы даведаліся шмат пра Беларусь і ня зьвязваюць яе з Расеяй. Яны глядзяць на Беларусь як на асобную краіну і асобную дзяржаву.

Belarus ці Hviterussland?

— Шмат хто ў Беларусі хацеў бы, каб краіны Заходняй Эўропы адмовіліся ад традыцыі называць Беларусь на сваіх мовах «Белай Расеяй» і называлі яе проста Беларусьсю. Што вы думаеце пра гэтую праблему? Дарэчы, на Беларусь у Нарвэгіі кажуць Belarus ці Hviterussland?

— У Нарвэгіі Беларусь называюць афіцыйна Hviterussland (Белая Расея. — РС). Але я падняў гэтае пытаньне ў Камітэце замежных справаў парлямэнту і абмяркоўваў яго зь міністрам замежных спраў. Пакуль што — Hviterussland, але я думаю, што ёсьць шанец на зьмену. Я спадзяюся, што мы зможам зьмяніць гэтую афіцыйную назву за году ці два, і новай афіцыйнай назвай стане Belarus. Гэта мая палітычная мэта ў партыі.

— Ці ваша партыя падтрымлівае гэтае памкненьне памяняць афіцыйную назву Беларусі ў Нарвэгіі?

— Так, яна падтрымлівае гэта. Таму што гэта будзе станоўчы пасыл для апазыцыі. І мы таксама падтрымліваем памкненьне апазыцыі памяняць сьцяг краіны, мы падтрымліваем кожны сымбаль, які можа дапамагчы Беларусі на яе шляху да дэмакратыі. Беларусь будуць шчыра вітаць у эўрапейскай супольнасьці.

«Я быў і ў Беларусі»

— Ці былі вы асабіста ў Беларусі? Можа, хочаце паехаць туды цяпер або ў будучыні?

— Так, зразумела, што я хачу туды паехаць. Раней я быў у большасьці ўсходнеэўрапейскіх краін. Я быў і ў Беларусі, я быў у Менску і іншых месцах. Я сустракаўся з апазыцыянэрамі і палітычнымі лідэрамі. Я сустрэў там шмат цікавых, разумных і сьмелых людзей, якія любяць сваю краіну і робяць усё магчымае, каб разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі было станоўчае для ўсяго беларускага народу, а ня толькі для іх. Мяне моцна ўразілі сустрэчы з гэтымі людзьмі.

— Калі вы наведалі Беларусь?

— Думаю, гэта было гадоў дзесяць таму. Потым я зноў быў у Беларусі, я сустракаў беларусаў у іншых краінах, я таксама сустракаўся зь беларусамі тут у Нарвэгіі, зь іхнымі арганізацыямі. Мы мелі цікавыя сустрэчы з палітычнымі лідэрамі ў Беларусі.

— Мы пачулі пра вашу актыўнасьць на карысьць Беларусі якраз ад беларусаў у Нарвэгіі. Ці вы падтрымліваеце сувязь зь імі, гэта значыць зь беларускімі арганізацыямі ў Осла або іншых гарадах?

— Так, мы падтрымліваем сувязь зь імі. Калі толькі ў нас узьнікаюць нейкія пытаньні, я кантактую зь імі. Па нядзелях яны зьяўляюцца перад будынкам парлямэнту, так што некаторых зь іх я ведаю асабіста.

«Гэта вельмі прыгожая краіна»

— У завяршэньне нашай размовы я хацеў бы, каб вы сказалі некалькі слоў непасрэдна да людзей у Беларусі. Я ня буду задаваць вам канкрэтнага пытаньня ці прапанаваць канкрэтную тэму. Што б вы хацелі сказаць?

— Я скажу толькі, што гэтая сытуацыя дае вялікую надзею на будучыню, нават калі яна часам выглядае змрочна. Я быў у балтыйскіх краінах, я бачыў, як там мяняецца сытуацыя. Я быў у Польшчы, я быў у Бэрліне і бачыў, як абрынаецца мур. Я некалькі разоў быў ва Ўкраіне і бачыў, як мяняецца да лепшага палітычная сытуацыя і палітычныя погляды людзей. Беларусі, як мяркую, трэба крыху больш часу. Думаю, што час будзе працаваць на зьмену, на новую сытуацыю.

Я вельмі ўражаны тым, як мірна і зьмястоўна апазыцыя спраўляецца зь цяперашняй сытуацыяй. І мне вельмі шкада людзей, якіх арыштоўваюць і зьнявольваюць у турмах. Я зычу ўсяго найлепшага палітычным лідэрам, звычайным людзям і ўсёй Беларусі, каб яна стала дэмакратычнай дзяржавай у будучыні. Гэта было б вельмі добра. Гэта вельмі прыгожая краіна, і я, зразумела, хацеў бы правесьці там свае вакацыі, прыехаўшы на сваёй машыне. Гэта было б цудоўна!

* * *

Гайр Сыгб’ёрн Тоскедал (Geir Sigbjørn Toskedal) — ад 2017 году дэпутат парлямэнту Нарвэгіі ад Хрысьціянскай народнай партыі з акругі Ругаланд на захадзе краіны. У парлямэнце належыць да Камітэту замежных спраў і абароны. Да таго як стаць палітыкам, Тоскедал (нар. 1954) працаваў работнікам на заводзе, кіроўцам, журналістам на радыё, настаўнікам, дырэктарам музычнай школы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG