Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім паэтам Ганьне Комар і Дзьмітрыю Строцаву ўручылі нарвэскую прэмію «За свабоду слова»


Ганна Комар, Дзьмітры Строцаў

Нарвэскі саюз пісьменьнікаў уручыў прэмію «За свабоду слова» 2020 году беларускім паэтам Дзьмітрыю Строцаву і Ганьне Комар.

Арганізатары прэміі адзначылі, што гэтыя аўтары бралі ўдзел у мірных пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, былі голасам пратэстоўцаў і адыгралі важную ролю ў іх падтрымцы. Ляўрэаты прэміі і цяпер застаюцца ў цэнтры барацьбы за свабоду слова ў Беларусі.

І Ганна Комар, і Дзьмітры Строцаў удзельнічалі ў акцыях пратэсту і выступалі на дваровых сходах.

8 верасьня Ганну Комар затрымалі падчас маршу ў падтрымку рэпрэсаваных беларусаў і асудзілі на 9 сутак арышту.

«Для мяне вялікі гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, калі гэта значыць, што я магу нешта зрабіць для Беларусі і яе народу, — напісала Ганна Комар. — Мой шлях як пісьменьніцы і праваабаронцы толькі пачаўся, і я ведаю людзей, якія зрабілі значна больш для свабоды слова ў Беларусі, але гэта знак даверу, і я хачу й надалей быць голасам свайго народу. Спадзяюся, я не падвяду.

Мастакі, паэты, тэатральныя дзеячы, музыкі аднымі зь першых адгукнуліся на заклік да пераменаў, але яны могуць гаварыць за сябе самі. Я ж хачу данесьці голас тых, хто дзень пры дні самааддана, рызыкуючы сваім здароўем, жыцьцём, дабрабытам, семʼямі, падтрымлівае полымя нашай мірнай рэвалюцыі — рэвалюцыі годнасьці. Яны заслугоўваюць таго, каб пра іх даведаліся ў сьвеце».

Дзьмітрыя Строцава затрымалі раніцай 21 кастрычніка. Сваякі ня ведалі пра ягоны лёс да наступнай раніцы. Пазьней яго асудзілі на 13 сутак за ўдзел у пратэстах.

«Увечары 9 жніўня мінулага 2020 году, калі былі абвешчаныя сфальшаваныя вынікі выбараў прэзыдэнта, на вуліцы гарадоў выйшлі маладыя людзі, не гатовыя прыняць хлусьню. Яны далі першы імпульс беларускім пратэстам, — напісаў Дзьмітры Строцаў. — Пасьля трох сутак беспрэцэдэнтнага гвалту з боку злачынных уладаў, калі людзей забівалі, білі, калі былі кінутыя ў турмы больш за 7000 чалавек і ўлады разьлічвалі, што народ пачне даваць агрэсіўны, сілавы адказ, здарылася непрадбачанае: на беларускія вуліцы выйшлі жанчыны ў белым і чырвоным убраньні, з кветкамі. Бясстрашныя і прыгожыя. І яны пераламілі сытуацыю — увесь сьвет пабачыў крэатыўны і мірны характар беларускіх пратэстаў. Сьледам за жанчынамі на пратэсты выйшаў увесь народ: сотні тысяч людзей запоўнілі вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў.

Беларускі пратэст ня быў бы такім крэатыўным, калі б ня ўдзел творчых людзей. Мастакі, артысты, музыкі, паэты ўключыліся ў пратэст, далі новы імпульс пратэсту і разьдзялілі ўсе рызыкі народа-пратэстоўца. Сёньня, пасьля 6 месяцаў пратэстаў, праз турмы прайшлі больш за 30 000 чалавек. Каля 300 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Тэрор з боку злачынных уладаў толькі ўзмацняецца. Нам вельмі патрэбная дапамога міжнароднай супольнасьці.

Сьледам за Ганнай я з удзячнасьцю прымаю ўвагу і прэмію Нарвэскага саюзу пісьменьнікаў. Я захапляюся Ганнай як чалавекам, вельмі цаню яе як паэта. Горды і шчасьлівы разьдзяліць зь ёй гэтую высокую ўзнагароду.

Жыве Нарвэгія! Жыве Беларусь!»

Дзьмітры Строцаў нарадзіўся ў 1963 годзе, Ганна Комар — у 1989-м.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG