Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі пра закрыцьцё штабоў Навальнага


Аляксей Навальны і Леанід Волкаў (архіўнае фота)
Аляксей Навальны і Леанід Волкаў (архіўнае фота)

Паплечнік Аляксея Навальнага Леанід Волкаў паведаміў пра закрыцьцё сеткі рэгіянальных штабоў палітыка.

Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле ягоных слоў, захаваньне працы сеткі штабоў у цяперашнім выглядзе немагчымае, бо яно неадкладна будзе падведзена пад артыкул аб экстрэмізьме і пацягне за сабой крымінальныя тэрміны для тых, хто працуе ў штабах, хто супрацоўнічае зь імі, хто ім дапамагае.

«Не дапаможа ніякі рэбрэндынг; мы ня здолеем нават зрабіць выгляд, што гэта цяпер нейкая іншая арганізацыя. На жаль, працаваць у такіх умовах немагчыма. Мы афіцыйна распускаем сетку штабоў Навальнага», — паведаміў Волкаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што ёсьць дзясяткі «магутных і крутых рэгіянальных палітыкаў», ёсьць тысячы іх прыхільнікаў, ёсьць моцныя і самастойныя палітычныя арганізацыі, якія будуць займацца расьсьледаваньнямі і выбарамі, грамадзкімі кампаніямі і мітынгамі.

26 красавіка пракуратура прыпыніла дзейнасьць штабоў Навальнага да рашэньня суду па пазове аб прызнаньні арганізацый экстрэмісцкімі.

Пасьля гэтага штабы апазыцыянэра Аляксея Навальнага ў розных рэгіёнах Расеі заявілі, што часова спыняюць сваю дзейнасьць, а таксама «абязьлічаць» свае старонкі ў сацсетках.

Раней пракуратура Масквы запатрабавала прызнаць Фонд барацьбы з карупцыяй, занесены расейскімі ўладамі ў сьпіс замежных агентаў, і штабы Аляксея Навальнага экстрэмісцкімі арганізацыямі. «Пад прыкрыцьцём лібэральных лёзунгаў гэтыя арганізацыі займаюцца фармаваньнем умоў для дэстабілізацыі сацыяльнай і грамадзка-палітычнай сытуацыі. Фактычнымі мэтамі іх дзейнасьці зьяўляецца стварэньне ўмоў для зьмены асноў канстытуцыйнага ладу, у тым ліку з выкарыстаньнем сцэнара «каляровай рэвалюцыі», — сьцьвярджаюць у пракуратуры. У паведамленьні таксама гаворыцца, што гэтыя структуры дапамагаюць дзейнічаць на тэрыторыі Расеі непажаданым міжнародным арганізацыям.

Пазоў пракуратуры быў зарэгістраваны ў Маскоўскім гарадзкім судзе. У картцы на сайце суду катэгорыя справы была пазначаная «Аб ліквідацыі іншых арганізацый».

Баючыся крымінальнага перасьледу, прыхільнікі Аляксея Навальнага зьяжджаюць з Расеі. Як паведамляе «МБХ мэдыя», актывіст з Магнітагорску Аляксандар Вільхоўскі зьехаў у Нідэрлянды, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Раней ён пісаў на сваёй старонцы «ЎКантакце», што пасьля акцыяў у падтрымку Навальнага на яго і ягоных сваякоў ціснулі супрацоўнікі паліцыі.

Паплечнік Аляксея Навальнага Ўладзімір Мілаў зьехаў з Расеі ў Эўропу.

Пасьля сэрыі затрыманьняў, арыштаў і выклікаў у ваенкамат зьяжджаюць з Расеі і актывісты Лібэртарыянскай партыі. Старшыня партыі Яраслаў Канвей зьехаў у Грузію, а прэс-сакратар Аляксандар Гуд паведаміў «Адкрытым мэдыя», што ён знаходзіцца ў Армэніі і пакуль не плянуе вяртацца ў Расею. Раней Канвей скардзіўся выданьню на сачэньне за сабой, якое заўважыў пасьля мітынгу ў падтрымку Навальнага 21 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG