Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прызначылі міністра энэргетыкі, які арганізаваў продаж украінскай электраэнэргіі празь Беларусь у Балтыю


ЛЭП на Херсоншчыне
ЛЭП на Херсоншчыне

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала прызначэньне Германа Галушчанкі на пасаду міністра энэргетыкі. Ён у свой час лабіяваў супрацу зь Беларусьсю ў энэргетыцы, а на пасадзе міністра абяцае завяршыць працэс інтэграцыі энэргасыстэмы Ўкраіны з эўрапейскай.

«Сёньня нацыянальная энэргетыка знаходзіца ў вельмі цяжкай сытуацыі — вялікія запазычанасьці, дыспрапорцыі на рыну электраэнэргіі, незавершанасьць інтэграцыі энэргасыстэм з Эўразьвязам, высокае энэргаспажываньне прамысловых прадпрыемстваў, ваганьне цэнаў на газ зімой, ценявы рынак гаруча-змазачных матэрыялаў, шматгадовыя праблемы ў вугальнай галіне, вонкавыя пагрозы таксама патрабуюць надзвычайных намаганьняў», — сказаў Герман Галушчанка ў парлямэнце.

Да гэтага прызначэньня Герман Галушчанка працаваў віцэ-прэзыдэнтам дзяржаўнай кампаніі «Енергоатом». У розныя гады працаваў у пракуратуры, міністэрствах замежных справаў і юстыцыі. З 2012 году выкладае міжнароднае прыватнае права ў Інстытуце міжнародных адносін Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.

У ліпені 2020 году, калі Ўкраіна аднавіла пастаўкі сваёй электраэнэргіі ў Беларусь, Герман Галшучанка назваў іх «першай перамогай на шляху да заяўленай мэты — бесьперабойнага экспарту». Паводле кантракту, гэтая электраэнэргія прызначалася для далейшага продажу за мяжу.

«Маем вельмі цудоўныя шанцы выйсьці на рынак Балтыі — транзытам празь Беларусь, над чым цяпер і працуем», — казаў Герман Галушчанка ў кастрычніку 2020 году.

Гэтаму кантракту папярэднічала заява ўраду Ўкраіны аб намеры спыніць пастаўкі беларускай электраэнэргіі на ўкраінскі рынак, паколькі ўкраінскія кампаніі ня маюць аналягічнага доступу на беларускі рынак.

У 2020 годзе Ўкраіна паставіла на беларускі рынак 82,8 мільёна кіляват-гадзін.

Апошнія два гады апанэнты ўкраінскай улады рэзка крытыкуюць пастаўкі беларускай электраэнэргіі на ўкраінскі рынак, найперш вядзецца пра Беларускую АЭС, якую ва Ўкраіне разглядаюць як расейскі праект, і спробу Расеі аднавіць кантроль над энэргасыстэмай Украіны.

Беларусь цягам студзеня–сакавіка 2021 году павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 раза да 503,5 мільёна кіляват-гадзін у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Але ўжо ў лютым-сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі пачалі зьніжацца.

Сёлета ў сакавіку прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, заклікаў украінскія ўлады адмовіцца ад закупаў беларускай атамнай энэргіі.

У красавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў закон пра рынак электрычнай энэргіі, якія дазваляюць забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

У прыватнасьці, дэпутаты вярнулі рэгулятару рынку электраэнэргіі паўнамоцтва зацьвярджаць парадак разьмеркаваньня прапускной здольнасьці міждзяржаўных перасылак электраэнэргіі з трэцімі краінамі. У гэтую групу краін уключаныя «дзяржавы, якія не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG