Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы выступіў у парлямэнце Ўкраіны. Што ён сказаў пра ўкраінскую мову, князя Астроскага і БелАЭС


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 19 сакавіка выступіў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны з 10-хвіліннай прамовай, пачаўшы яе па-ўкраінску, а потым перайшоўшы на літоўскую мову.

Дэпутаты ўкраінскага парлямэнту шмат разоў перарывалі ягоны выступ доўгімі воплескамі.

Найбольш парлямэнтары віталі выказваньні Гітанаса Наўседы пра ўкраінскую мову, супольную барацьбу Літвы і Ўкраіны за эўрапейскія каштоўнасьці і пра Беларускую АЭС. Свабода сабрала гэтыя цытаты.


Пра ўкраінскую мову


«Дарагія браты і сёстры ўкраінцы! Я прыбыў у вашую краінай зь весткай пра дружбу і супрацу. Зьвяртаюся да вас даўняю і годнаю моваю, якую доўга перасьледавалі і зьнішчалі, але ня зьнішчылі. (Воплескі.) Спадзяюся, што словы, якія я сёньня скажу, дапамогуць нам пракласьці шляхі да супольнай будучыні».

Напярэдадні, 18 сакавіка, Украіна і Літва падпісалі супольную дэклярацыю аб падтрымцы эўрапейскай пэрспэктывы Ўкраіны.

Пра супольную гісторыю ад ВКЛ да СССР


«Мы заўсёды можам абапірацца на сваё супольнае мінулае. 30 гадоў таму, калі Літва абараняла сваю свабоду падчас крывавых студзеньскіх падзеяў, украінскія добраахвотнікі сьпяшаліся на дапамогу, (сталі) плячо ў плячо з героямі нашай свабоды. І мы, літоўцы, кожны раз былі побач, калі народ Украіны станавіўся на абарону сваёй годнасьці».

«Шмат стагодзьдзяў да таго мы былі разам і нават мелі супольную дзяржаву. Мы гандлявалі, вялі культурны абмен, чынілі супраціў супольнаму ворагу. Нашыя народы разам абаранялі дарогі да эўрапейскай цывілізацыі і каштоўнасьцяў — павагу да вяршэнства права, свабоду чалавека і дэмакратыю».

«Літоўска-ўкраінская супольнасьць палягае і ў супольных героях. Невыпадкова менавіта тут, у Кіеве, памёр пераможца бітвы пад Воршай Канстанцін Астроскі, а ў Астрозе — герой Хатына Ян Караль Хадкевіч». (Воплескі.)

Пра Беларускую АЭС


«Дазвольце мне дадаць некалькі словаў пра супольныя турботы, якія нам падкінула небясьпечная Беларуская атамная электрастанцыя. Будаўнік электрастанцыі — Расея — ня толькі ставіць пад рызыку здароўе жыхароў рэгіёну, але і спрабуе выкарыстаць праект электрастанцыі для пашырэньня свайго ўплыву».

«Усё большая крохкасьць Беларусі азначае пагрозу для інтарэсаў ня толькі Літвы, але і Ўкраіны. Таму сёньня хачу падтрымаць пазыцыю краін Балтыі датычна Беларускай атамнай электрастанцыі — не купляць электраэнэргію ў Астраўцы». (Воплескі.)

«Зь вялікімі надзеямі мы глядзім і на праект сынхранізацыі краін Балтыі з электрычнымі сеткамі кантынэнтальнай Эўропы. З погляду Літвы, кожнай дзяржаве нашага рэгіёну, якая спрабуе зьменшыць уплыў Расеі, неабходна ўзмацняць энэргетычную незалежнасьць. Скажу шчыра, своечасовыя інвэстыцыі дазволілі Літве зьменшыць непасрэдную пагрозу, якую нясуць такія новыя расейскія энэргетычныя праекты, як трубаправод Nord Stream 2. Таму мы цешымся, чуючы, што і Ўкраіна мае намер крочыць шляхам сынхранізацыі электрычных сетак з кантынэнтальнай Эўропай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG