Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка пра закуп Украінай электраэнэргіі зь Беларусі: «Вы фінансуеце дручкі, якімі зьбіваюць беларусаў»


Павал Латушка
Павал Латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка разьлічвае, што група экспэртаў ENSREG, якая ў чацьвер завяршае місію на Беларускай АЭС, прадставіць аб’ектыўны аналіз бясьпечнасьці гэтага энэргетычнага абʼекту.

«Наколькі я ведаю, яны плянуюць прадставіць канчатковую справаздачу ў сакавіку, і ім былі дадзеныя адпаведныя дакумэнты для разгляду. У склад камісіі ўваходзіць і прадстаўнік Украіны. Мы спадзяёмся і на абʼектыўную ацэнку, і на адпаведную рэакцыю нашых суседзяў у сувязі з гэтай місіяй і ў цэлым у сувязі з сытуацыяй Беларускай АЭС», — сказаў Павал Латушка ў часе онлайн-абмеркаваньня тэмы «БелАЭС: выратаваньне Ўкраіны ад блэкаўту ці фінансаваньне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна».

Паводле яго, насуперак афіцыйным заявам аб энэргетычнай незалежнасьці, з увядзеньнем БелАЭС Беларусь яшчэ больш павялічвае сваю фінансавую і ядравую залежнасьць ад Расеі.

«Пытаньне акупнасьці таксама праблематычнае ў сувязі з тым, што краіны Балтыі і Эўразьвязу адмаўляюцца набываць беларускую электраэнэргію», — дадаў ён.

Латушка таксама лічыць, што Ўкраіна, прымаючы пастаўкі беларускай электраэнэргіі, ня толькі наўпрост фінансуе Аляксандра Лукашэнку і рэпрэсіі беларусаў, але і ўзмацняе сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі, якая фінансуе будаўніцтва станцыі.

«Фактычна, набываючы энэргію з атамнай станцыі, вы наўпрост фінансава падтрымліваеце нелегітымны рэжым, аплачваючы яго прывідны, стратны і заведама нявыгадны для беларускага народу і краіны праект. Фактычна вы павялічваеце і рызыкі Ўкраіны ад выкарыстаньня атамнай электрастанцыі ў суседняй дзяржаве, фінансуючы небясьпеку для Ўкраіны. І гэтыя сродкі ідуць на стварэньне большых рызыкаў. Зноў жа, вы ўскосна фінансуеце і спансуеце дручкі, якімі сёньня зьбіваюць братэрскі для Ўкраіны беларускі народ. І мы тут ня бачым ніякай двухсэнсоўнасьці», — заявіў Павал Латушка.

Украіна ня мае паставак наўпрост зь БелАЭС

Прэзыдэнт цэнтру глябалістыкі «Стратэгія ХХІ» Міхайла Ганчар падкрэсьліў, што Ўкраіна набывае электраэнэргію з абʼяднанай энэргетычнай сыстэмы Беларусі, а не зь БелАЭС. «Няма ніякага імпарту наўпрост зь Беларускай АЭС. Гэта тэхнічна немагчыма, улічваючы колькасьць энэргаліній», — патлумачыў экспэрт.

У той жа час Міхайла Ганчар прызнаў, што існуюць пытаньні да бясьпекі Беларускай атамнай электрастанцыі.

«БелАЭС зараз уводзіцца паскоранымі тэмпамі. Да станцыі ёсьць шмат пытаньняў — і да якасьці канструкцыяў, і да рэактарнай сталі. Таму я не выключаю, што найбліжэйшым часам пасьля падпісаньня ліцэнзіі і допуску ўжо да прамысловай эксплюатацыі і поўнамаштабнага падключэньня да энэргасеткі будуць і адключэньні, і непаладкі, бо, як мы бачым, усё адбываецца ў такім штурмавым рэжыме. І гэта насьцярожвае», — дадаў ён.

Ці вернуцца ў Кіеве да забароны беларускай электраэнэргіі

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Іна Соўсун (фракцыя «Голас») паведаміла, што парлямэнцкі галіновы камітэт ужо разгледзеў праект закону, які дазволіць забараніць пастаўкі электрычнай энэргіі з Расеі і Беларусі, як гэта было летась.

«Калі ён будзе вынесены на разгляд у сэсійную залю, сказаць цяжка, але я рызыкну выказаць здагадку, што ў залю ён трапіць толькі пасьля завяршэньня ацяпляльнага сэзону», — мяркуе дэпутатка.

Іна Соўсун патлумачыла, што цяпер пастаўкі імпарту абумоўленыя скарачэньнем магутнасьцяў блёкаў украінскіх АЭС і іншых электрастанцый на тле павелічэньня спажываньня электраэнэргіі ў сувязі з умовамі надвор’я.

Колькі Ўкраіна выкарыстала энэргіі зь Беларусі

Паводле інфармацыі нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», у студзені Ўкраіна атрымала зь Беларусі 180,6 мільёна кіляват-гадзін, яшчэ 0,01 мільёна кіляват-гадзін — у межах тэхналягічных ператокаў, зьвязаных з тым, што пакуль што ўкраінская энэргасыстэма інтэграваная з сыстэмамі Расеі і Беларусі.

Абʼём аварыйнай дапамогі Ўкраіне зь Беларусі ў студзені склаў 3,13 мільёна кіляват-гадзін, у той час як Беларусі спатрэбілася 0,01 мільёна кіляват-гадзін украінскай электраэнэргіі, каб збалянсаваць працу беларускай энэргетычнай сыстэмы пасьля аварыйнага адключэньня блёку БелАЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG