Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не падоўжыла забарону на пастаўкі энэргіі зь Беларусі і Расеі. Што гэта значыць


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Чатыры найбуйнейшыя ўкраінскія трэйдэры, чакаючы, калі скончыцца дзеяньне заканадаўчай забароны на пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі, выкупілі амаль палову даступных магутнасьцяў, каб аднавіць энэргаператокі паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Адпаведныя вынікі аўкцыёнаў апублікавала ўкраінская кампанія «Укрэнэрга». Згодна зь імі, рэзэрвы паставак зь Беларусі разьмеркаваныя па трох пэрыядах — з 6 сакавіка па 13 чэрвеня, з 1 ліпеня па 1 жніўня і з 7 жніўня па 24 кастрычніка 2021 году. Найбольшыя магутнасьці выкупіла кампанія ТАА НЕК («Нова-енергетична-компанія», створана ў 2018 годзе).

Чаму не працягнулі дзеяньне закону аб забароне імпарту электраэнэргіі

«Норма аб забароне імпарту зь Беларусі і Расеі была закладзеная ў законе аб рынку электраэнэргіі толькі на год, то бок да канца 2020-га. Адпаведна, фармальна імпарт можа аднавіцца», — сказаў Свабодзе першы намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Аляксей Кучарэнка.

Дэпутат дадаў, што падрыхтаваў новы законапраект аб падаўжэньні забароны яшчэ на год, да заканчэньня сынхранізацыі ўкраінскай і эўрапейскай энэргетычных сыстэм, але яго так і не разгледзелі на пасяджэньні профільнага камітэту.

На ягоную думку, аднаўленьне паставак зь Беларусі і Расеі лабіюе праз прадстаўнікоў праўладнай большасьці ў парлямэнце «абсалютна канкрэтны бізнэс».

«Патэнцыйныя магчымасьці па ператоку выкупленыя на аўкцыёнах ужо на год, і, уласна кажучы, цяпер імпарт можа аднавіцца. Больш за тое, ён ужо распачаўся. Вядома, ёсьць тэхналягічныя нюансы, і ператокі практычна ідуць увесь час, але зводзяць нулявы балянс, бо пакуль сыстэмы аб’яднаныя і часам трэба ўзяць у адным месцы і вярнуць назад. Аднак камэрцыйнага ператоку не было. А зараз ён ужо фактычна распачнецца», — патлумачыў Аляксей Кучарэнка.

Якую энэргію будуць купляць у Беларусі

У той жа час дэпутат мяркуе, што пакуль наўрад ці гаворка ідзе аб пастаўках беларускай атамнай энэргіі.

«На БелАЭС, безумоўна, ёсьць праблемы, але беларуская сыстэма аб’яднаная з расейскай, і будзе цяжка сказаць, якая энэргія (пастаўляецца ва Ўкраіну) — беларуская ці расейская. Усе каманды аддаюцца з Масквы, з РАО „ЕЭС России“», — перакананы ўкраінскі дэпутат.

Аляксей Кучарэнка мяркуе, што беларуска-расейская энэргія будзе пастаўляцца па дэмпінгавых цэнах, а гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да спыненьня ўласных украінскіх электрастанцый, і далей — да поўнамаштабнага аднаўленьня паставак расейскай электраэнэргіі.

Сёлета ў лістападзе Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны зацьвердзіла прагнозны балянс электрычнай энэргіі на 2021 год, у якім не прадугледжана паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Але гэты дакумэнт могуць перагледзець, калі заканадаўчая забарона на імпарт скончыцца.

Раней Беларусь была сярод найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну

Украіна плянавала закупіць у 2020 годзе ў Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі і зьвязвала гэтыя пляны з запускам Беларускай АЭС. Пры гэтым у Кіеве падкрэсьлівалі, што такія пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца выключна на ўнутраны рынак, а не для далейшага рээкспарту.

Тады ж бакі заявілі пра намер пабудаваць новыя электрасеткі. Найперш — паміж украінскай Ровеншчынай і беларускай Берасьцейшчынай. Плянавалі таксама мадэрнізаваць паветраныя лініі электраперадачы, якія ўжо існуюць: Мазыр — Чарнобыльская АЭС і Гомель — Чарнігаў.

У 2019 годзе Беларусь уваходзіла ў лік найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну.

Але сёлета ў красавіку пастаўкі спыніліся спачатку на час карантыну, а потым іх забаранілі зусім. Украіна зьвязвала аднаўленьне куплі электраэнэргіі ў Беларусі з адкрыцьцём беларускага рынку для ўкраінскай энэргіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG