Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭС


Беларуская АЭС.

Нацыянальная энэргетычная кампанія «Укренерго» дапамагла Беларусі стабілізаваць працу энэргетычнай сыстэмы ў сувязі з адключэньнем 16 студзеня першага блёку Беларускай АЭС.

«Аварыйная дапамога нададзеная адпаведна пагадненьню аб аварыйнай узаемадапамозе, падпісанай паміж нацыянальнымі кампаніямі. Такая дапамога трывала ўсяго 18 хвілін, а электраэнэргія аплочаная беларускім бокам», — паведаміў Свабодзе старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус.

Паводле яго, вартасьць электраэнэргіі зьяўляецца камэрцыйнай таямніцай, а яе фармаваньне таксама прадугледжана пагадненьнем аб аварыйнай дапамозе.

Адметна, што кампанія «Укренерго» да 14-й гадзіны 16 студзеня пасьпела набыць у Беларусі 200 мэгават-гадзін электраэнэргіі, а ўжо ўвечары таго ж дня перадала ў беларускую энэргетычную сыстэму 200 мэгават-гадзін з 18.42 да 18.50 і 300 мэгават-гадзін з 18.50 да 19.00.

«Укренерго» і «Белэнэрга» 30 сьнежня 2020 году падпісалі новыя пагадненьні, якія прадугледжваюць пастаўку электраэнэргіі ў надзвычайных ці аварыйных сытуацыях у рэжыме паралельнай працы энэргасыстэм Беларусі і Ўкраіны. Практыка падпісаньня такіх угодаў існуе з 2017 году, але, як паведамілі ва ўкраінскай кампаніі, за час іхнага дзеяньня не было ніводнага выпадку, калі б спатрэбілася аварыйная дапамога электраэнэргіяй.

Міністэрства энэргетыкі Беларусі 16 студзеня паведаміла аб адключэньні першага энэргаблёку БелАЭС праз спрацававаньне сыстэмы абароны. Гэта адбылося ў ходзе дасьледча-прамысловай эксплюатацыі першага энэргаблёку, у рамках чаго праводзілася тэставаньне сыстэм і абсталяваньня.

7 лістапада 2020 году Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы. Аднак ужо на наступны дзень выпрацоўка электраэнэргіі была прыпыненая з прычыны праблем з трансфарматарамі напружаньня. 19 лістапада першы энергаблёк ізноў уключылі ў сетку энергасыстэмы. Потым яго зноў адключалі 3 сьнежня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG