Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна перадача прадуктаў у СІЗА каштуе каля 300 рублёў». Як у фондзе «Краіна для жыцьця» дапамагаюць палітзьняволеным


Пачынальнік ідэі "Краіны для жыцьця" Сяргей Ціханоўскі
Пачынальнік ідэі "Краіны для жыцьця" Сяргей Ціханоўскі

Фонд «Краіна для жыцьця» заснаваны ў кастрычніку 2020-га з ініцыятывы Сяргея Ціханоўскага, у лістападзе таго ж году атрымаў рэгістрацыю ў Літве і пачаў сваю працу.

Кіруе фондам Марыя Мароз, якая неўзабаве пасьля выбараў зьехала зь Беларусі разам са Сьвятланай Ціханоўскай.

Кіраўніца аднаго з праектаў фонду «Краіна для жыцьця» Вольга Зазулінская расказала, як ён арганізоўвае дапамогу палітвязьням і іншым пратэстоўцам, якія трапілі за краты.

«Часьцей за ўсё людзі зьвяртаюцца па матэрыяльную дапамогу»

«Мы працуем над праектам дапамогі палітзьняволеным, — расказвае Вольга. — Ён у сябе ўключае матэрыяльную дапамогу і дапамогу ў перадачах. Інфармацыйную падтрымку сямей палітвязьняў таксама. На сайце можна запоўніць гугл-форму: чалавек запаўняе заяўку, адказвае на нашыя пытаньні. Усе заяўкі разглядаем, гэта цягнецца да месяца. Трэба прагледзець, праверыць, ці насамрэч існуе такі палітзьняволены. Вывучаем усё і потым прымаем рашэньне, аказваць дапамогу ці не».

Вольга расказвае, што сёньня фонд найперш працуе з тымі выпадкамі, дзе ў сям’і палітзьняволенага ёсьць непаўналетнія дзеці. Гэтаму аддаецца прыярытэт. У тых, хто падаў заяўку, пытаюцца пра артыкулы абвінавачваньня, прызнаны чалавек палітзьняволеным ці не, запытваюць іншыя зьвесткі пра родных і тых, хто непасрэдна падаў заяўку.

«Бывае такое, што ў вязьня няма блізкіх родных, тады можа нехта зь сяброў зьвярнуцца. Мы просім далучаць дакумэнты. Пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці або пацьвярджэньне сямейных сувязяў. Пытаем таксама, што канкрэтна чалавеку трэба — матэрыяльная дапамога, перадачы... Распытваем таксама абавязкова, ці зьвяртаўся чалавек па дапамогу ў іншыя арганізацыі, і калі так, то прапануем іх назваць. Мы хочам разумець, хто да нас зьвяртаецца, хто яшчэ дапамагае гэтаму чалавеку. Гэта хутчэй для арганізацыі ўнутранай працы».

Па словах Вольгі, часьцей за ўсё людзі зьвяртаюцца па матэрыяльную дапамогу. Пэрыядычна ў фонд зьвяртаюцца, каб дапамаглі ў прызнаньні асуджанага палітзьняволеным. Гэтым «Краіна для жыцьця» не займаецца, у такіх выпадках адсылае да праваабаронцаў. Вольга Зазулінская расказвае, што апошнім часам колькасьць зваротаў па дапамогу толькі расьце.

«Заявак усё больш становіцца, — кажа Вольга. — Магчыма, таму, што мы пачалі больш расказваць пра свой праект. Яшчэ людзі, якім мы дапамагаем, сталі адзін аднаму перадаваць інфармацыю. Кожны месяц колькасьць сямей, якім мы дапамагаем стала, павялічваецца. На самым пачатку было 27 сямей, цяпер іх ужо 54. Гэта тыя, хто атрымлівае матэрыяльную дапамогу рэгулярна. Яшчэ 77 палітзьняволеным мы пастаянна дапамагаем перадачамі. Здараецца і так, што мы падстрахоўваем валянтэраў, якія таксама займаюцца гэтым».

«Адносна нядаўна людзі баяліся зьвяртацца па дапамогу»

Па словах прадстаўніцы фонду «Краіна для жыцьця», сем’і зь непаўналетнімі абраныя для дапамогі ў першую чаргу таму, што ў такіх сем’ях за кратамі, як правіла, бацька і муж. Адпаведна, ім матэрыяльная дапамога неабходная больш за ўсё. Вольга кажа, што сярод сямей, якім яны дапамагаюць, ёсьць нават сем’і зь немаўлятамі. Там жанчына ў прынцыпе ня можа пайсьці на працу замест мужа.

«Бывае нават так, што дзіця нарадзілася, ужо калі муж быў арыштаваны, знаходзіўся за кратамі, — расказвае суразмоўца. — Шматдзетных шмат. Таму мы для сябе вызначыліся, што ў такіх выпадках будзем дапамагаць найперш. Але ёсьць і бязьдзетныя палітвязьні, каму мы дапамагаем. Кожны выпадак разглядаем асобна».

Па словах Вольгі Зазулінскай, прапускаць заяўкі празь сябе бывае няпроста. Жанчына згадвае выпадак арыштаванага напярэдадні выпуску студэнта, маці якога інвалід, і цяпер неабходна неяк аплачваць вучобу ва ўнівэрсытэце. Расказвае і пра тое, як складана сем’ям палітвязьняў выплачваць вялізныя сумы кампэнсацый, якія выстаўляюць абвінавачаным сілавікі.

«Нельга нават выдзеліць адну самую шчымлівую гісторыю, — кажа суразмоўца. — Ёсьць гісторыя, дзе ў сям’і пяцёра дзяцей. А ёсьць выпадак хлопца-сіраты, сястра якога жыве за мяжой і ня можа дапамагчы нават зь перадачамі, яму дапамагаем мы. Калі чалавек нам напісаў, ён зрабіў гэта не таму, што так захацелася. Яму насамрэч патрэбная дапамога».

Яшчэ адносна нядаўна людзі баяліся зьвяртацца па дапамогу. Цяпер зваротаў стала больш, родныя палітвязьняў ідуць на кантакт. У фондзе «Краіна для жыцьця» гэта зьвязваюць з тым, што, па-першае, ад піку затрыманьняў і арыштаў увосень 2020-га прайшло ўжо багата часу. А па-другое, рэсурсы не бясконцыя: людзі проста ня маюць сродкаў, каб дапамагаць сваім родным самастойна.

«Людзі баяцца зьвяртацца, трэба ж асабістыя дадзеныя падаваць, — кажа Вольга. — А час такі, што людзі не разумеюць, за што іх саджаюць за краты. Не разумеюць, чаму да іх прыходзяць дадому. І разумна, што яны баяцца. Яны ж ня ведаюць, як гэтыя дадзеныя апрацоўваюцца, наколькі гэта бясьпечна. Мы тлумачым, што ўсё бачыць толькі адзін чалавек, які апрацоўвае заяўку. Але баяцца ўсё адно. Хоць цяпер стала лепш з гэтым».

«Грошы нікому не пералічваем, дапамогу арганізоўваюць валянтэры»

Цяпер з фондам зьвязваюцца многія з тых, хто адмаўляўся ад дапамогі ў жніўні. Сума дапамогі для сям’і прапісаная на сайце — гэта 300 эўра на месяц. Па словах прадстаўніцы фонду, крытэры аказаньня дапамогі таксама не хаваюцца, яны ў свабодным доступе. Як і тэрміны разгляду заявак. Ніякіх справаздачаў ад тых, хто атрымаў дапамогу, не патрабуюць. Сувязь з атрымальнікамі дапамогі ў фондзе стараюцца трымаць пастаянна. Дапамагаць ня толькі матэрыяльна, але і інфармацыйна. Зьвяртаюцца і ў іншыя арганізацыі.

«Перадачы нятанныя, — кажа Вольга. — Калі ацэньваць сьціпла, рабіць перадачу на месяц бязь нейкіх капрызаў, без уліку вопраткі і абутку, то ў сярэднім гэта будзе каштаваць каля 300 рублёў. Гэта 30 кіляграмаў, адна перадача на месяц у СІЗА. Але, зноў жа, гэта сярэдняя сума. У нас ёсьць і вэгетарыянцы, і людзі, якім нельга нейкіх пэўных прадуктаў. Ёсьць такія, каму патрэбныя дарагія лекі. Рэчы і абутак мы таксама набываем, таму цалкам падлічыць цяжка».

Па словах Вольгі Зазулінскай, непасрэдна грошы фонд «Краіна для жыцьця» нікому не пералічвае і не зьбірае. Шукаюць на месцах у Беларусі актывістаў і проста ахвотных людзей, якія могуць дапамагчы кожнай канкрэтнай сям’і.

«Людзі самі набываюць прадукты і самі прывозяць іх валянтэрам, — кажа Вольга. — Але і гэта робіцца небясьпечным. Ужо быў адзін ператрус дома ў чалавека, які набыў набор прадуктаў і хацеў іх перадаць родным асуджанага. Пасыл быў такі, што ён ледзьве не спансуе пратэсты. Такія зьяўляюцца нядобрыя навіны. Мы турбуемся за валянтэраў таксама».

«Ахвотных дапамагаць нават больш, чым неабходна»

У фондзе «Краіна для жыцьця» расказваюць, што ў дапамогу сем’ям палітвязьняў уключылася даволі шмат людзей. Сярод іх і групы вернікаў хрысьціянскіх канфэсій, і нават аб’яднаньні пэнсіянэраў.

«Мы стараемся ўсіх іх аберагчы ад магчымых наступстваў, не бяром ніякіх грошай, — кажа Вольга. — Чалавек сам ідзе ў краму, набывае там штосьці і ахвяруе ў якасьці дапамогі. Усё ў такім фармаце адбываецца, каб чалавека потым немагчыма было падвесьці пад крымінал. Хоць абсурдна ўсё гэта, вядома. Калі захочуць, то падвядуць і так».

Вольга прагназуе, што колькасьць заявак па дапамогу будзе павялічвацца і далей, бо палітычна матываваных крымінальных справаў усё больш. Аднак расьце і колькасьць ахвотных дапамагаць.

«Людзі выходзяць са стрэсу, стараюцца пачынаць нешта рабіць, — кажа яна. — Ёсьць нават такія выпадкі, што да нас пішуць з гарадоў, дзе няма ні СІЗА, ні турмаў, ні нават нашых валянтэраў. Але людзі пішуць, хочуць дапамагчы. Мы тады іх замацоўваем за іншымі месцамі. Я вам нават скажу так, што ахвотных дапамагчы цяпер у нас больш, чым неабходна».

Найбольш ахвотных дапамагаць у Менску. З фонду іх накіроўваюць у іншыя абласныя цэнтры і меншыя гарады. Суразмоўца параўноўвае хвалю новай салідарнасьці з тым, што было летам 2020 году.

«Ізноў уздымаецца хваля, — перакананая суразмоўца. — Людзі аб’ядноўваюцца на глебе дапамогі асуджаным. Арганізацыі, валянтэры, усе навокал. Я шчыра радуюся ад такіх званкоў. Гэта ўсё да сьлёз расчульвае. Апошні раз званіла жанчына, у іх ёсьць мясцовая суполка пэнсіянэраў. І яны з кожнай пэнсіі пералічваюць крыху палітвязьням. Самі вызначылі сабе іх і такім чынам дапамагаюць. Перадачы часам зьбіраюць. І вось з намі яны зьвязаліся, будзем дапамагаць сумесна».

«Хваля салідарнасьці ня спыніцца»

Вольга расказвае, што часам хтосьці з асуджаных атрымлівае шмат дапамогі, а нехта не атрымлівае зусім, бо яго выпадак ня быў асьветлены, ня трапіў у СМІ. Бывае нават так, што нехта ня меў на судзе адваката, бо пра суд не было раней вядома.

«Ёсьць такія людзі, якія былі асуджаныя самі, ужо вызваліліся і цяпер гатовыя дапамагаць іншым, — кажа Вольга. — Яны таксама прапаноўваюць дапамогу. Хаця б пісаць лісты, размаўляць з роднымі тых, хто яшчэ за кратамі. Зьвяртаюцца самыя розныя людзі, з самымі рознымі прапановамі. Яны хочуць быць карыснымі хоць бы ў нечым».

Вольга Зазулінская перакананая, што хвалю салідарнасьці, якая ўзьнялася сярод беларусаў мінулым летам, ужо не спыніць. Яна толькі можа зьмяняцца з часам, набываць новыя формы ў адказ на дзеяньні ўладаў, але цалкам не суцішыцца ніколі.

«Гэта быў вельмі моцны штуршок для ўсіх, — кажа суразмоўца. — Зараз мы ўжо адаптуемся. Спачатку для нас былі шокам адміністратыўныя справы, калі прымаліся абсурдныя рашэньні. Пасьля мы прывыклі да гэтага. Пачалі „пакаваць“ па крымінальных справах. Але мы спраўляемся і з гэтым, перастаём баяцца. Людзі ўжо разумеюць, што прыйсьці могуць нават тады, калі ты нічога ня робіш зусім, проста зь некім зьвязаны. Таму я думаю, што хвалю не спыніць».

Акрамя фонду «Краіна для жыцьця», дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій таксама аказваюць фонды By_help і BYSOL/Belarus solidarity foundation. Першы дапамагае асуджаным на адміністрацыйны арышт, а таксама тым, хто атрымаў раненьні падчас разгонаў акцый. BYSOL дапамагае палітвязьням, дваравым ініцыятывам, мае сайт, на якім можна запускаць персанальныя зборы. А таксама вядзе справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, для пераследу сілавікоў, вінных у катаваньнях.

Ініцыятыва Dissidentby таксама працуе над дапамогай для палітзьняволеных.

Існуюць таксама спэцыялізаваныя фонды салідарнасьці. Такія, як Фонд мэдычнай салідарнасьці Беларусі, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці, Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.

Супраць кіраўнікоў некаторых з фондаў беларускія ўлады завялі крымінальныя справы. Па іх праходзяць, у прыватнасьці, Аляксей Лявончык з By_help, Андрэй Стрыжак з BYSOL, Аляксандра Герасіменя і Аляксандар Апейкін з Фонду спартовай салідарнасьці. Усе яны абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG