Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць па 6 і 6 з паловай гадоў для давераных асобаў Ціханоўскай з Гомля


Давераныя асобы Сьвятланы Ціханоўскай у Гомлі: першы зьлева Юры Ўласаў, трэці зьлева Аляксандар Шабалін, далей Дзьмітры Івашкоў, Тацяна Канеўская, архіўнае фота
Давераныя асобы Сьвятланы Ціханоўскай у Гомлі: першы зьлева Юры Ўласаў, трэці зьлева Аляксандар Шабалін, далей Дзьмітры Івашкоў, Тацяна Канеўская, архіўнае фота

27 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёну адбыліся судовыя спрэчкі ў крымінальнай справе давераных асобаў Святланы Ціханоўскай — Тацяны Канеўскай, Юрыя Ўласава, Дзьмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і плянах па «захопе будынкаў».

Пракурор Дзяніс Мікушаў выказаўся, што віна чатырох жыхароў Гомля даказаная цалкам. Ён запатрабаваў пакараць Юрыя Ўласава 6 з паловай гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі «ўзмоцненага рэжыму», а Тацяну Канеўскую — 6 гадамі «агульнага рэжыму».

Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачаньне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, зь якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты разьвіцьця падзей 9 жніўня і пасьля выбараў.

Адвакаты зьвярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачаньня ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вэрбаваць былых сілавікоў», «плянавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі». Калі яны размаўлялі зь Ціханоўскай пра грошы, то гаворка ішла пра фінансаваньне цалкам легальнага пікету, заплянаванага на 7 жніўня.

Тацяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна сказала, што ў яе дзеяньнях няма складу злачынства, ніхто не плянаваў захопу будынкаў, а справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі. Канеўская пажадала судзьдзі «сілы, мужнасьці і цярпеньня», каб вынесьці справядлівы прысуд.

Юры Ўласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеяньні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысьць народу.

Прысуд будзе агучаны 3 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG