Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў прысуд блогеру Сьпірыну бязь зьменаў


Павал Сьпірын

Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю Паўла Сьпірына на прысуд Менскага гарадзкога суду.

Суд адхіліў хадайніцтвы Паўла Сьпірына аб выкліку яго на працэс для ўдзелу ў разглядзе справы і допыце сьведак Шылава і Аўчарова. Супраць выступіў пракурор, які заявіў, што ў апэляцыйнай скарзе Сьпірын падрабязна выклаў свае «дастаткова абгрунтаваныя» довады аб нязгодзе з рашэньнем суду першай інстанцыі, таму адсутнічаюць падставы для выкліку Сьпірына ў суд. Таксама ён заявіў, што допыт Шылава і Аўчарова ня ёсьць прадметам даказваньня ў гэтай крымінальнай справе і тычыцца прымяненьня да іх «нібыта гвалту з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Судовая калегія падтрымала пазыцыю пракурора.

Сьпірын у сваёй скарзе прасіў адмяніць прысуд і спыніць крымінальны перасьлед праз адсутнасьць у ягоных дзеяньнях складу злачынства. Ён сьцьвярджае, што ў ягоных блогах зьмяшчаецца крытыка чыноўнікаў, на што мае права кожны грамадзянін.

У відэаблогу «Жудасная тайна генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» ён апісвае падзеі, зьвязаныя з жорсткім прымяненьнем гвалту да асобаў, нязгодных з падлікам галасоў на выбарах. Пра такія абставіны яму паведамлялі канкрэтныя людзі, да якіх прымяняўся гвалт. Аднак у іх допыце суд, на думку Сьпірына, «беспадстаўна адмовіў».

Паводле Сьпірына, высновы дзяржаўнага экспэрта пра наяўнасьць у фільме «Грань» завуаляваных заклікаў да гвалту зьяўляюцца домысламі і ня могуць быць пакладзены ў аснову прысуду. А дапытаныя ў судзе сьведкі не заяўлялі, што гэты фільм заахвоціў іх да гвалту.

У сваёй апэляцыйнай скарзе Павал Сьпірын заявіў пра празьмерную жорсткасьць прызначанага яму пакараньня. Ён дадаў, што суд беспадстаўна не прымяніў да яго амністыю ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годзьдзем перамогі.

За што асудзілі блогера?

Палітвязень, блогер Павал Сьпірын 5 лютага асуджаны Менскім гарадзкім судом на 4 з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго ўтрыміваюць у СІЗА на Валадарскага.

Яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

Паўлу Сьпірыну прад’явілі абвінавачаньне за два відэаблогі на YouTube. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі, які занесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» пра падзеі 9 жніўня.

У гарадзкім судзе Павал Сьпірын сказаў, што ягоныя відэа — гэта жорсткая крытыка ўладаў.

Павал падчас працэсу ў Менскім гарадзкім судзе адмовіўся ад паслуг адваката і абараняў сябе сам. Таму ён падаў хадайніцтва каб яго даставілі зь СІЗА ў Вярхоўны суд на разгляд апэляцыі.

Павал Сьпірын мае непаўналетняга сына.

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах блогер заявіў пра свой намер балятавацца ў прэзыдэнты, аднак Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG