Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб выжыць, трэба захоўваць добры настрой». Палітвязень з Магілёва — пра першы месяц «хіміі»


Станіслаў Паўлінковіч, кастрычнік 2020-га

32-гадовы палітвязень Станіслаў Паўлінковіч, асуджаны на два гады «хіміі» за абразу судзьдзі, расказаў, як адбывае пакараньне ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу № 39, якая месьціцца ў горадзе Крупкі на Меншчыне.

Пра Станіслава Паўлінковіча. Сьцісла

  • Беспартыйны. Раней быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада».
  • Актыўны ўдзельнік пратэставых акцыяў. Яго неаднаразова штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.
  • 29 кастрычніка 2020 году за абразу судзьдзі Аксаны Ратнікавай яму прысудзілі два гады «хіміі».
  • 8 красавіка 2021 году беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
  • Да «хіміі» працаваў на Магілёўскім мэталюргічным заводзе.

Праваабаронцы пра пакараньне Паўлінковіча: не ўчыніў «дзеяньня, вартага крымінальнай кары»

Нагодай для крымінальнага перасьледу актывіста стаў інцыдэнт у Ленінскім судзе Магілёва 21 траўня 2020 году. Судзьдзя Ратнікава пакарала яго 15 днямі арышту і штрафам 1215 рублёў. На разгляд тае справы Паўлінковіча прывезьлі з ізалятару, дзе ён адбываў 15-дзённае пакараньне за «кармленьне галубоў» (акцыя пратэсту ў Магілёве. — РС). Па агучваньні прысуду ён рэзка выказаўся, што і стала падставай для абвінавачаньня паводле крымінальнага артыкулу 391 — «абраза судзьдзі або народнага засядацеля».

Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць вайсковых вучэньняў з Расеяй увосень 2017 году
Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць вайсковых вучэньняў з Расеяй увосень 2017 году

Сваю віну актывіст прызнаў, а рэакцыю на прысуд патлумачыў тым, што не стрымаў эмоцыяў. Паводле Паўлінковіча, ён ня меў намеру прыніжаць судзьдзю, а выказваньні адрасаваў створанай Лукашэнкам дзяржаўнай сыстэме, дзе «няма законаў, Канстытуцыі і справядлівага суду».

Абласны суд пакінуў у сіле вырак судзьдзі Максіма Курпачэнкі Магілёўскага раённага суду.

Паводле праваабаронцаў, Паўлінковіч асуджаны «выключна за палітычныя перакананьні і негвалтоўнае ажыцьцяўленьне правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах».

«Схільны да дэструктыўных дзеяньняў»

29 сакавіка Станіслаў Паўлінковіч прыбыў адбываць пакараньне ў спэцкамэндатуру гораду Крупкі Менскай вобласьці. Па словах актывіста, ужо 1 красавіка яго паставілі на ўлік «як схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў».

Станіслаў Паўлінковіч, 2016 год
Станіслаў Паўлінковіч, 2016 год

У кабінэце начальніка палітвязьня азнаёмілі з адпаведным дакумэнтам і папярэдзілі, «каб не было ніякай агітацыі». У паперы адзначана, што Паўлінковіч актыўна ўдзельнічаў у пратэставых акцыях. Ён кажа, што ня стаў адказваць на пытаньне, чаму пратэставаў.

«У дакумэнце я напісаў, што ня згодны з пастаноўкай на ўлік, бо не лічу гэтую меру абгрунтаванай, сябе вінаватым, а прысуд разглядаю як надзвычай жорсткі», — дадае суразмоўца.

Паводле Паўлінковіча, міліцыянты патлумачылі яму, што ўсе «палітычныя» трапляюць у сьпісы нядобранадзейных, за якімі больш пільна, чым за астатнімі асуджанымі, назіраюць. Зь ім будуць праводзіць дадатковыя прафіляктычныя гутаркі.

У спэцкамэндатуры ведаюць, што праваабаронцы прызналі Паўлінковіча палітвязьнем. Па ягоных словах, пакуль ён не зазнаў уціску ці надта пільнай увагі да сябе.

«Некаторыя з асуджаных, як даведаліся, як я трапіў на „хімію“, папікалі, што на судзе мог бы і стрымацца, — апавядае Паўлінковіч. — Я адказваў: як апыняцеся ў маёй сытуацыю, то пагляджу на вас. Наагул з асуджанымі стасункі ў мяне нармальныя».

Паводле актывіста, у Крупках «хімію» адбываюць яшчэ двое «палітычных». На прафіляктычным уліку таксама стаяць асуджаныя за парушэньне наркатычнага заканадаўства.

«Пашанцавала з працай. Абяцалі 300 рублёў заробку»

Станіслаў Паўлінковіч кажа, што спэцкамэндатура ў Крупках месьціцца ў двухпавярховым былым афіцэрскім корпусе на тэрыторыі, дзе разьмяшчалася вайсковая частка. «Хімію» тут адбываюць 65 чалавек, але разьлічаная яна на большую колькасьць нявольнікаў.

Першыя дзесяць дзён у спэцкамэндатуры Паўлінковіч правёў у двухмесным пакоі на карантыне. Потым яго перавялі ў іншую «хату», таксама на двух чалавек. Цяпер ён у памяшканьні, разьлічаным на шэсьць асуджаных. Ложкі тут у два ярусы. Тыя, хто на прафіляктычным уліку, звычайна займаюць верхнія.

Па ягоных словах, за месяц яго некалькі разоў у суправаджэньні міліцыянта звадзілі ў краму, што па суседзтве. Выйсьці ў горад на чатыры гадзіны яму не дазволілі, бо, як патлумачылі, ён замала прабыў «на хіміі».

Паўлінковічу знайшлася праца сантэхніка ў мясцовым ЖКГ. За яе абяцаюць заробак у 300 рублёў. З іх 56 ён мае аддаць спэцкамэндатуры за камунальныя паслугі. Без ацяпленьня плаціць будзе менш.

Актывіст лічыць, што яму пашанцавала з працаю, бо іншыя асуджаныя зарабляюць яшчэ меней. Некаторыя зь іх сартуюць сьмецьце на гарадзкім сьметніку. Сам жа горад, паводле яго, «мёртвы, бо самім тутэйшым працы няма».

Ён кажа, што многія «хімікі» сплачваюць пазоўныя патрабаваньні і пасьля ўсіх вылічэньняў ім з заробку нічога не застаецца, і «нікога не хвалюе, з чаго яны будуць жыць ды харчавацца».

За месяц атрымаў толькі адзін ліст падтрымкі

Бытавыя ўмовы ў спэцкамэндатуры Станіслаў Паўлінковіч называе «сярэднявеччам». Паводле яго, будынак не падлучаны да цэнтралізаванага ацяпленьня, а мае сваю качагарку. Працу качагара аплачваюць з заробкаў асуджаных. Ваду тут грэюць бойлерамі, і яна хутка расходуецца.

Па словах Паўлінковіча, на 65 асуджаных адна прыбіральня, у якой чатыры ўнітазы і тры пісуары. Яе ж выкарыстоўваюць як курылку.

У душавым пакоі могуць адначасова мыцца толькі чатыры чалавекі. У ім жа мыюць і посуд, бо на кухнях няма водаправоду. Душавы пакой і дзьве кухні, у якіх па дзьве электрычныя пліты, адчыняюць на некалькі гадзінаў зранку, апоўдні і ўвечары. Калі асуджаныя прыходзяць з працы, то, каб памыцца і згатаваць ежу, трэба пастаяць у чазе. Пральнай машыны яны ня маюць, таму мыюць адзежу ў цэбрах у душавым пакоі.

Паводле Паўлінковіча, на «хіміі» асуджаныя ня мыюць падлогі і не прыбіраюць у туалеце, бо ў выпадку, калі трапяць на зону, могуць стаць асуджанымі зь «нізкім сацыяльным статусам». Актывіст кажа, што прыбіраюць туалет і мыюць падлогу «адмысловыя людзі». Ён дадае, што ў прыбіральні забараняецца хоць што падымаць з падлогі.

Асуджаным забараняецца ад пад’ёму да адбою сядзець на ложках. За гэта караюць дысцыплінарным спагнаньнем, кажа Паўлінковіч. Паводле яго, не для ўсяго неабходнага ёсьць месца ў пакоі. Лішняе трымаць на тумбачцы ці на лядоўні не дазваляецца. Для гэтага ёсьць адмысловае агульнае памяшканьне.

У выхадныя зьняволеным паказваюць фільмы ды чытаюць выхаваўчыя лекцыі. Ладзяцца спартовыя спаборніцтвы.

Станіслаў Паўлінковіч не разьлічвае на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці перавод на «хатнюю хімію», бо «для палітычных гэта не прадугледжана». Іншыя ж арыштанты стараюцца як мага хутчэй вызваліцца. Для гэтага, кажа палітвязень, яны выконваюць бясплатна тое, што ўмеюць, напрыклад рамантуюць будынак спэцкамэндатуры.

Суразмоўца расказвае, што за месяц атрымаў толькі адзін ліст падтрымкі. Яго прыслала мянчанка Ганна.

«З тутэйшых сядзельцаў ніхто ня любіць улады, — падсумоўвае ён. — Каб тут выжыць, варта захоўваць добры настрой, а як замкнесься ў сабе, то можна звар’яцець».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG