Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адна ў выгнаньні. І мне цяжка, невыносна». Як жыве пэнсіянэрка, якую за ўдзел у пратэстах дэпартавалі зь Беларусі


Ніна Прывалава

61-гадовую Ніну Прывалаву за ўдзел у акцыях у студзені 2021 году дэпартавалі зь Беларусі тэрмінам на 1 год. Яна кажа, што яе выпісалі зь менскай прыватызаванай кватэры; што на чужыне вельмі сумуе па дзецях і ўнуках; спадзяецца на скарачэньне тэрміну высылкі.

Ніна Прывалава — грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, хоць нарадзілася ў Магілёўскай вобласьці і 48 гадоў пражыла ў Беларусі. У 1980-я гады яны з мужам паехалі працаваць на нафтавыя радовішчы ў Цюменскую вобласьць. Аўтаматычна атрымалі расейскае грамадзянства. У Расеі Прывалава адпрацавала 13 гадоў. У 1998 годзе вярнулася ў Беларусь. Засталася з расейскім грамадзянствам, бо ў Расеі ў яе выпадку пэнсія значна вышэйшая, чым у Беларусі.

Дэпартавалі за актыўную жыцьцёвую пазыцыю

Улетку і ўвосень 2021 году Ніна Прывалава брала актыўны ўдзел у нядзельных маршах, маршах пэнсіянэраў. Яе двойчы затрымлівалі. Адзін раз аштрафавалі на 20 базавых, другі — пасадзілі на 13 сутак у Жодзіна. Пасьля апёкаў і атручэньня газам пры затрыманьні Ніна лячылася ў шпіталі, пасьля адседкі зноў трапіла ў шпіталь — з каранавірусам.

24 сьнежня Ніну Прывалаву выклікалі ў міграцыйную службу і ўручылі дакумэнт, што прынята рашэньне аб яе дэпартацыі. Жанчына падала апэляцыю, але паколькі да 22 студзеня ёй было прадпісана пакінуць Беларусь, зьехала.

«У Расеі ў Цюменскай вобласьці жыве мая сястра. Я да яе зьлятала, але мне там няма дзе жыць. У сястры свая сям’я, малая кватэра. Канечне, яна мне казала: заставайся, жыві. Ну а як? Я ва ўзросьце, яна ва ўзросьце, у яе свая сям’я, дзеці.

Адзінае, што я зрабіла, — прапісалася ў сястры. Бо інакш атрымліваецца, што я як бомж — нідзе. З маёй менскай кватэры мяне выселілі, пазбавілі віду на жыхарства. Але ж мэдабслугоўваньне я павінна ж дзесьці атрымліваць, да нейкай паліклінікі прыпісацца — такі ў мяне савецкі перажытак. Але зь іншага боку — ну што мне дасьць гэтая прапіска ці прывязанасьць да паліклінікі? Калі я ехала назад, мне самой было сьмешна. У мяне ёсьць паліклініка. Але як я туды дабяруся?» — разважае Ніна Ўладзімераўна.

«Расказваць, як я тут выжываю, я ня буду. Гэта вельмі цяжка, крыўдна»

У Расеі Ніна Прывалава не засталася, бо Цюмень вельмі далёка ад Беларусі. Пераехала ў іншую суседнюю зь Беларусьсю краіну, каб быць бліжэй да родных. Наймае адзін пакой у трохпакаёўцы — асобнае жытло непад’ёмнае па грашах.

«Я адна ў выгнаньні. І мне праўда вельмі цяжка, невыносна. Чужая краіна. Мне нават ня хочацца мову вывучаць, дый яна мне цяжка даецца. Я не хачу і ня буду тут заставацца.

Расказваць, як я тут выжываю, я таксама ня буду. Таму што гэта вельмі крыўдна, прыніжальна, агідна. І не адна я такая. Многім вельмі цяжка — на чужой зямлі, у чужой краіне. Нават калі і візу атрымаеш, ты ня можаш нікуды ўладкавацца на працу. У гэтых краінах сваіх праблем шмат і сваіх беспрацоўных.

Так што гэтую вымушаную эміграцыю я перажываю вельмі цяжка. Вельмі хочацца вярнуцца», — Ніна Ўладзімераўна не хавае сьлёз.

Ёсьць слабая надзея, што тэрмін дэпартацыі крыху скароцяць

Разгляд скаргі на рашэньне аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Фрунзэнскага РУУС аб дэпартацыі адбыўся ўжо пасьля ад’езду Прывалавай зь Беларусі.

«Дакумэнту ў наяўнасьці ў мяне няма. Ліст атрымалі мае сябры і мне прачыталі. Нібыта тэрмін дэпартацыі мне скарацілі амаль на паўгода. І канец — ня студзень 2022 году, а жнівень 2021-га. Ёсьць слабая надзея.

Але на пошце ў Менску ляжаць яшчэ нейкія лісты з суду, з АГіМ. Сябры павінны іх атрымаць і даслаць. Таму я не зьдзіўлюся: у цяперашніх умовах там можа быць усё што заўгодна — нейкае іншае рашэньне. Як у Беларусі кажуць? „У нас цяпер не да законаў“. Усё можна перайначыць.

Таму асаблівай радасьці ад таго, што гэта ня студзень наступнага году, а жнівень гэтага, у мяне мала. Ды колькі яшчэ часу да гэтага жніўня! І як я буду ўвесь час выжываць — ня ведаю.

Дый у Беларусі ў мяне няма ніякіх правоў. Калі вярнуся, від на жыхарства трэба будзе рабіць наноў. І ня факт, што тая дама з Фрунзэнскага АГіМу, Вікторыя Мацевасьян, якая вельмі радавалася, калі мяне дэпартавалі, падпіша дазвол на від на жыхарства», — разважае Ніна Прывалава.

Ніна Прывалава
Ніна Прывалава

«Мітынгі, якія былі ў Беларусі летам і ўвосень, і акцыі тут — гэта неба і зямля»

Жанчына стараецца і ў вымушанай эміграцыі быць актыўнай, ходзіць на ўсе акцыі падтрымкі, якія ладзіць беларуская дыяспара, кантактуе зь іншымі вымушанымі эмігрантамі.

«Так, мы тут ходзім на мітынгі. Але мітынгі, якія былі ў Беларусі летам і ўвосень, і акцыі тут — гэта неба і зямля. Так, гэта падтрымка сваёй радзімы. Але адчуваньні ня тыя.

Другі раз у Беларусі мяне затрымалі 8 лістапада — гэта быў апошні марш, які сапраўды можна назваць маршам. Мы зьбіраліся на стэле, больш за 1 тысячу чалавек тады жорстка затрымалі толькі ў Менску. Калі я адбывала 13 сутак, у наступную нядзелю зьбіраліся ўжо па дварах. А цяпер і з двароў выціснулі. Людзі сышлі ў лес — і там іх адсочвалі. Зараз у Беларусі выходзяць адзіныя сьмельчакі — на 5 хвілін. А восеньскія маршы, калі мы па 20 кілямэтраў праходзілі — гэта былі маршы! А якія былі маршы пэнсіянэраў, інтэлігентныя дзядулі і бабулі — гэта проста героі!» — узгадвае Ніна Прывалава.

Ніна Прывалава на акцыі салідарнасьці
Ніна Прывалава на акцыі салідарнасьці

«Глядзіш на сапраўдных праваахоўнікаў, і ўзьнікае вялікая павага да гэтых людзей»

Спадарыня Ніна адзначае вельмі добразычлівае стаўленьне ўраду краіны, якая дала ёй прытулак, да вымушаных эмігрантаў

«На маршах нас наперадзе і ў канцы калёны ахоўвае паліцыя. Перакрывае дарогі, каб прайшлі дэманстранты. Глядзіш на гэтых сапраўдных праваахоўнікаў, і ўзьнікае вялікая павага да гэтых людзей і ўдзячнасьць. А мы ж ім зусім чужыя. Вялікі дзякуй ім за гэта. І з жахам узгадваеш тых, хто забівае, гвалціць, зьдзекуецца, зьбівае ні за што сваіх людзей у сябе на радзіме».

Ніна Прывалава стараецца знайсьці пазытыў ва ўсім — хоць гэта і ня так лёгка ў час локдаўну, калі родныя ня могуць яе наведаць.

«Трэба думаць пра добрае, каб проста не звар’яцець. Вось вясна, хутка зацьвітуць сады. Японцы ж разумныя людзі — калі цьвіце сакура, яны літаральна жывуць на вуліцы, сьпяць у сквэрах на лаўках. Вось і я думаю пра тое, што хутка зацьвітуць сады. Я раней старалася апынуцца на прыродзе, у вёсцы ў гэты непрацяглы час. Заражаесься такой энэргетыкай, сілай, прыгажосьцю, ачышчаецца душа, нават думкі зьяўляюцца сьветлыя. Але цяпер няма той радасьці, якая была раней», — кажа Ніна.

Выпісалі з прыватызаванай менскай кватэры

Калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны, вымушаная эмігрантка даведалася, што яе выпісалі з кватэры ў Менску. Хоць кватэра прыватызаваная і зьяўляецца ўласнасьцю Ніны Прывалавай. Цяпер кватэра пустуе, у ёй ніхто не жыве і, натуральна, ніхто не карыстаецца камунальнымі паслугамі. Аднак, паколькі ў кватэры ніхто не зарэгістраваны, жыроўкі прыходзяць з шалёнымі сумамі. За ацяпленьне, тэхнічнае абслугоўваньне дома, электраэнэргію і прыборку ў месцах агульнага карыстаньня даводзіцца плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах (а не па льготных).

Да таго ж жанчына падазрае, што яе беларускую банкаўскую картку таксама заблякавалі: банкаматы выдаюць інфармацыю «апэрацыя забароненая». Высьветліць, што з банкаўскім рахункам, праз тэлефон не атрымліваецца, трэба зьвяртацца ў банк асабіста.

«За хвіліну чаканьня на тэлефоне „згарэла“ 6 эўра і адключылася», — кажа Прывалава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG