Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У грамадзка-палітычным жыцьці ўдзельнічаць ня буду. Гэта маё рашэньне». Алег Корбан выйшаў з-за кратаў пасьля закрытага суду


Алег Корбан, архіўнае фота

23 красавіка на волю выйшаў палітвязень, кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Які канкрэтна прысуд яму вынесьлі, Алег Корбан не паведаміў.

Актывіста абвінавацілі па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

«Пацярпелыя — гэта звычайныя людзі»

Алег Корбан сказаў Свабодзе, што пакуль не гатовы даваць разгорнутыя камэнтары.

«Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму казаць, як ён праходзіў, нельга. Галоўнае абвінавачаньне, што дапамагаў пацярпелым падчас іх перасьледу за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Цяпер буду адбываць пакараньне, у бліжэйшыя гады ў грамадзка-палітычным жыцьці браць удзел не зьбіраюся. Гэта маё рашэньне. Чаму я яго прыняў, лепш пакуль ня буду тлумачыць», — сказаў Алег Корбан.

Абноўлена. 7 траўня Вярхоўны суд паведаміў, што Алега Корбана асудзілі на паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай на адзін год. Гэта значыць, што калі за год Корбана не асудзяць яшчэ раз, яму не давядзецца адбываць прысуджаны тэрмін.

Ён ня ведае, чаму суд быў закрыты. Трапіць на працэс не змаглі нават сваякі. Жонка была толькі на абвяшчэньні прысуду, напачатку нікога не прапускалі, і не было дакладнай інфармацыі.

«Я мяркую, што гэта зьвязана з тым, што там гучалі імёны пацярпелых і іх непасрэдныя гісторыі, якія некаму не хацелася, каб яны агучваліся. Пацярпелыя — гэта звычайныя людзі. Такіх гісторый ужо шмат, але чаму яны вырашылі перастрахавацца, дакладна не вядома».

Ён не ўдакладніў, якое абмежаваньне волі яму прысудзілі — з накіраваньнем ці без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Няхай пройдзе хоць бы 10 дзён, і пасьля я скажу дакладна», — сказаў Алег Корбан.

Абскарджваць прысуд ён ня будзе, бо пакуль не адказаў на пытаньне, ці прызнаў абвінавачаньне. Таксама Корбан ня ведае, дзе будзе адбываць «хімію».

«Пакуль у мяне ёсьць 10 дзён, а потым будзем непасрэдна разьбірацца, унікаць ва ўсе справы. Цяпер адаптуюся да актуальных умоваў свабоды», — сказаў былы палітвязень.

Як затрымлівалі Алега Корбана

Алега Корбана затрымалі 25 кастрычніка мінулага году ў Менску.

«Затрымалі раніцай, калі я пайшоў на вуліцу выгульваць сабак. Пад’ехалі супрацоўнікі ў форме і папрасілі праехаць. Пасьля ўжо прыехалі да мяне дадому зь ператрусам. Далей адправілі ў РУУС, дзе быў складзены пратакол. І далей пайшло: далі 15 сутак, пасьля іх адразу мяне ня выпусьцілі і прад’явілі абвінавачаньне па крымінальнай справе па артыкуле 342. Накіравалі ў Жодзіна, пасьля на „Валадарку“, і вось быў суд».

Цяпер атрымліваецца, што на аднаго палітвязьня ў Беларусі стала меней?

«Калі лічыць, як лічаць праваабаронцы, то, атрымліваецца, так. Але ў мяне яшчэ няма канчатковай свабоды, я пэўны час яшчэ буду пад кантролем. То бок яшчэ канчаткова не свабодны. Але з тых, хто за кратамі, то гэта ўжо мінус адзін».

Алег Корбан кажа, што адчуваў падтрымку ў зьняволеньні, атрымліваў перадачы і лісты. Паводле яго, атрымаў каля паловы адпраўленых лістоў.

«Усе мае сябры і сваякі былі прыемна зьдзіўленыя, калі прайшоў такі суд. Усе рады, усе спадзяюцца, што цяпер такіх выпадкаў будзе больш».

Алег сказаў, што здароўе ў яго добрае, адаптуецца цяпер да жыцьця на волі.

«Бачна, што менш людзей стала на вуліцах, у грамадзкіх месцах. Магчыма, гэта зьвязана з халодным надвор’ем. І на тварах людзей меней усьмешак, адчуваецца меней пазытыву. Магчыма, гэта таксама зьвязана з надвор’ем, але...», — ня стаў працягваць суразмоўца Свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG