Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Корбан аштрафаваны на 35 базавых за акцыю супраць аўтара «Регнума» Паўлаўца


Акцыя, арганізаваная грамадзкай арганізацыяй «Альтэрнатыва» на чале з Алегам Корбанам

16 студзеня суд Савецкага раёну гораду Менску пакараў лідара грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Алега Корбана штрафам у памеры 35 базавых велічыняў (805 рублёў).

Такое пакараньне вынесла судзьдзя Наталя Драчова за ўдзел актывіста 9 сьнежня 2016 году ў несанкцыянаванай акцыі ля будынка БДУІР.

9 сьнежня дзясятак сяброў «Альтэрнатывы» прыйшлі да галоўнага корпуса БДУІР у Менску з расьцяжкай «Выкладчык Паўлавец — здраднік!». Такім чынам актывісты выказалі сваё стаўленьне да аўтара правакацыйных артыкулаў на сайце «Регнум».

Акцыю блякавалі дружыньнікі ўнівэрсытэту, а таксама некалькі грамадзян у цывільным, якія парвалі частку расьцяжкі, а таксама ўзялі ў кола пратэстоўцаў. Акцыя завяршылася скандаваньнем лёзунгаў «Ганьба!», «„Не“ — рускаму сьвету на Беларусі!».

Празь месяц аднаму з актыўных удзельнікаў акцыі Алегу Корбану была ўручаная копія адміністрацыйнага пратаколу, складзенага паводле артыкулу 23.34 КаАП, і позва ў суд.

Алег Корбан
Алег Корбан

«Чарговы факт ціску і перасьледу актыўных грамадзян у нашай краіне. На судзе я патлумачыў, што не лічу сябе вінаватым у парушэньні правілаў арганізацыі і правядзеньня вулічных акцыяў, паколькі згодна з Канстытуцыяй і маральным прынцыпам маю права публічна выказваць свае думкі. Калі падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне падобнага мерапрыемства, то рашэньня ўладаў трэба чакаць 15 дзён, а ў нашым выпадку такога часу не было. Тым больш я ня ведаю выпадкаў, каб чыноўнікі санкцыянавалі падобныя акцыі, таму мы былі вымушаныя дзейнічаць згодна абставінам, зыходзячы з нашых перакананьняў і ідэйных прынцыпаў», — пракамэнтаваў прысуд Алег Корбан.

Абскарджваць пастанову суду Алег Корбан не зьбіраецца.

«Гэта дарэмнае марнаваньне грошай і часу, у іх ужо ўсё вырашана», — сказаў актывіст.

XS
SM
MD
LG