Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт: у Беларусі ня будуць афармляць аўтамабілі Škoda пры ўвозе празь мяжу ЭАЭЗ


Завод кампаніі Škoda ў чэскім горадзе Млада Болеслаў, архіўнае фота
Завод кампаніі Škoda ў чэскім горадзе Млада Болеслаў, архіўнае фота

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі папярэдзіў, што ня будзе афармляць аўтамабілі Škoda пры іх увозе ў Беларусь праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Камітэт тлумачыць парадак дзеяньняў у дачыненьні забароненых да ўвозу аўтамабіляў Škoda. Мытныя органы ня будуць ажыцьцяўляць афармленьне і выпуск у свабоднае абарачэньне альбо для ўнутранага спажываньня забароненых транспартных сродкаў пры іх увозе ў Рэспубліку Беларусь праз мытную мяжу ЭАЭС», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Акрамя таго, Дзяржаўны мытны камітэт ня будзе ажыцьцяўляць рэгістрацыю аплаты ўтылізацыйнага збору ў дачыненьні да забароненых аўтамабіляў, у тым ліку якія ўвозяцца зь дзяржаў – чальцоў ЭАЭС.

Ад 5 траўня набудзе моц пастанова Савету Міністраў № 240 «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў», якой вызначаны пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Дзеяньне дакумэнту не распаўсюдзяцца на тавары для асабістага карыстаньня, а таксама на транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў дзяржавах – сябрах ЭАЭС, або якія часова ўвозяцца на мытную тэрыторыю для асабістага карыстаньня.

23 красавіка ўрад абнародаваў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Гэта групы кампаній LIQUI MOLY, ŠKODA AUTO і BEIERSDORF (гандлёвыя маркі NIVEA, EUCERIN, LA PRAIRIE, LABELLO, HANSAPLAST, FLORENA, 8X4, SKIN STORIES, GAMMON, TESA, CHAUL, COPPERTONE, HIDROFUGAL, STOP THE WATER WHILE USING ME).

Усе згаданыя брэнды — генэральныя спонсары хакейных чэмпіянатаў сьвету.

На заклік беларускай і міжнародай супольнасьці вытворцы адмовіліся фінасаваць спаборніцтвы, якія плянаваліся сёлета ў Беларусі і Латвіі. У зьвязку з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі супраць беларусаў хакейны форум прыме толькі Рыга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG