Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «забіралі клюшку ў дыктатара». Актывісткі дыяспары — як скасоўвалі чэмпіянат у Менску


Ілюстрацыйнае фота.

Актывісткі беларускай дыяспары Вераніка Чарняўская са Швайцарыі, Кацярына Зюзюк з Італіі і Дар'я Рудзько з Чэхіі расказваюць пра шматлікія акцыі ў сьвеце, якія паўплывалі на рашэньне аб адмене правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Тут фрагмэнты гутаркі.

Сьцісла

  • Вераніка Чарняўская: Мы правялі 4-кілямэтровы марш ад Алімпійскага музэю да Алімпійскага камітэту, у выніку больш за дзьве гадзіны з намі размаўлялі прадстаўнікі МАК. Далей было рашэньне аб забароне Лукашэнку браць удзел у алімпійскіх мерапрыемствах.
  • Дарʼя Рудзько: Нам прынесьлі гарбату і каву і паабяцалі адказаць на працягу тыдня на ліст і выказаць пазыцыю Міжнароднай фэдэрацыі хакею. На наступны дзень Škoda зрабіла заяву, што ня будзе падтрымліваць і спансаваць чэмпіянат, калі ён будзе праводзіцца ў Беларусі.
  • Кацярына Зюзюк: Калі я прачытала навіну пра адмену, у мяне зьявіліся сьлёзы ў вачах. Я адчула, якая мы вялікая сіла. І тут размова не пра палітыку. Я б хацела патлумачыць Рэнэ Фазэлю розьніцу паміж палітыкай і катаваньнямі ды рэпрэсіямі.


Як швайцарскія беларусы пікетавалі Міжнародны Алімпійскі камітэт і Міжнародную хакейную фэдэрацыю

Вераніка Чарняўская
Вераніка Чарняўская

Вераніка Чарняўская: Першы і самы важны этап быў — Міжнародны Алімпійскі камітэт. З намі зьвязаліся прадстаўнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, якім была патрэбная дапамога — прадставіць беларусаў, данесьці ліст да спадара Томаса Баха. Нам удалося даволі хутка па швайцарскіх мерках арганізаваць гэтае мерапрыемства. Мы правялі 4-кілямэтровы марш ад Алімпійскага музэю ўздоўж возера да офіса Міжнароднага Алімпійскага камітэту. Было прыемным сюрпрызам, што МАК пагадзіўся прыняць трох чалавек ад нас. Мы думалі, што гэта зойме хвілін дваццаць, але ў выніку больш за дзьве гадзіны з намі размаўлялі прадстаўнікі МАК. Ніхто ня верыў спачатку, што гэта атрымаецца, але яны сурʼёзна ўзяліся за справу і ўжо ў сьнежні агучылі рашэньне пра тое, што Лукашэнку забаронена ўдзельнічаць у алімпійскіх мерапрыемствах.

Вераніка Чарняўская
Вераніка Чарняўская

Посьпех з МАК нам дапамог і зь Міжнароднай хакейнай фэдэрацыяй. Мы пачалі пісаць спадару Рэнэ Фазэлю. Першы наш пікет адбыўся ў лістападзе. Адрозна ад МАК, там нас ніхто не вітаў, не чакаў і не адказваў на лісты. Нас цалкам ігнаравалі, але мы і прадстаўнікі Фонду спартовай салідарнасьці працягвалі ім пісаць. Алена Леўчанка зрабіла адкрыты ліст. Тады спадар Фазэль «прачнуўся», але сустрэча з намі ўсё роўна не атрымалася. Што дапамагло — візыт спадар Фазэля ў Беларусь, які страшна абурыў усіх швайцарцаў, а ня толькі беларусаў. Пайшла вялікая мэдыя-хваля. Мясцовыя беларусы таксама стараліся, каб трымаць гэтую павестку гарачай. Нам удалося арганізаваць пікет ля Міжнароднай фэдэрацыі хакею, дазволілі толькі 10 чалавек праз ковідныя абмежаваньні. Нас ніхто не сустракаў ля хакейнай фэдэрацыі, але пазьней мы даведаліся, што спадар Фазэль глядзеў на нас у вакно. І ўсё ж удалося зайсьці ўсярэдзіну, каб перадаць ліст маці Рамана Бандарэнкі.

Як беларусы Чэхіі змагаліся супраць правядзеньня чэмпіянату ў Менску

Дар'я Рудзько
Дар'я Рудзько

Дарʼя Рудзько: Мы займаліся тэмай адмены чэмпіянату зь верасьня. Праца са спонсарамі была нашым апошнім крокам. Да гэтага правялі вельмі шмат працы з палітыкамі, са СМІ, напісалі шмат лістоў людзям, якія маюць дачыненьне да гэтай тэмы і якія маглі нейкім чынам паўплываць. Пікет ля сядзібы заводу Škoda арганізавалі хутка, за некалькі дзён. Праз карантынныя абмежаваньні мы не маглі праводзіць маштабныя акцыі, было дазволена да 10 чалавек удзельнікаў пікету.

Мы падрыхтавалі ліст, які перадалі кіраўніцтву Škoda разам з плякатамі. Празь некаторы час да нас выйшаў кіраўнік аддзелу камунікацый, які пераконваў нас, што Škoda падтрымлівае беларусаў і лічыць адзіным лягічным рашэньнем не праводзіць чэмпіянат у Беларусі. Нам прынесьлі гарбату і каву і паабяцалі адказаць на працягу тыдня на ліст і выказаць сваю пазыцыю Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Адказ мы атрымалі нашмат хутчэй, ужо на наступны дзень. І тады ж яны зрабілі заяву, што падтрымліваць і спансаваць чэмпіянат, калі ён будзе праводзіцца ў Беларусі, ня будуць.

Пікетаваньне Škoda
Пікетаваньне Škoda

На працягу чатырох месяцаў я вяла вялізарную інфармацыйную працу — было некалькі эфіраў на чэскім тэлебачаньні пра чэмпіянат, мы зрабілі шмат інтэрвію са спартоўцамі і журналістамі, якія былі ў турме ў Беларусі. У выніку шмат чэскіх палітыкаў выказаліся ў нашу падтрымку. Я пісала лісты ў Чэскую фэдэрацыю хакею. Тут ужо ўсе ўсё ведалі, і таму такая вялікая кампанія ў выніку адмовілася ад спонсарства.

Беларусы Італіі пікетавалі фірму Pirelli, аднаго з спонсараў хакейнага чэмпіянату

Кацярына Зюзюк
Кацярына Зюзюк

Кацярына Зюзюк: Тое, што зрабілі дзяўчаты ў Чэхіі і Швайцарыі, вельмі здорава і нас натхняе. На іх фоне мы зрабілі ня так шмат. Акцыю каля Pirelli вельмі хутка арганізавалі. Надрукавалі плякаты і правялі акцыю пад Pirelli па-партызанску з прычыны ковідных абмежаваньняў. Як законапаслухмяныя беларусы, мы звычайна робім дазволы і робім усё па правілах. Гэтым разам абставіны склаліся так, што не было іншага выйсьця. Мы проста прыйшлі і пастаялі каля офіса Pirelli. Ніякай рэакцыі з боку кампаніі не было. А ліст мы падрыхтавалі, толькі не пасьпелі адправіць, бо чэмпіянат у Менску адмянілі. Беларусы Італіі ўвесь гэты час падпісвалі пэтыцыі, правялі вялікую кампанію па інфармаваньні італьянскага грамадзтва пра сытуацыю ў Беларусі.

Чаму нельга «даваць клюшку дыктатарам»

Вераніка Чарняўская: Ціск быў настолькі моцны з усіх бакоў, што далей вытрымаць было немагчыма. Мы задаволеныя вынікам. З аднаго боку, нам вельмі сумна, бо мы рады, калі міжнародныя мерапрыемствы праводзяцца ў нашай краіне, але было б найвышэйшым цынізмам праводзіць чэмпіянат, калі столькі людзей сядзяць у турмах.

Дарʼя Рудзько: Працытую Вацлава Гаўла: «Надзея — гэта не перакананасьць у тым, што ўсё будзе добра, а ўпэўненасьць: тое, што ты робіш, мае сэнс — незалежна ад таго, чым справа скончыцца». З такой надзеяй я жыла і займалася гэтым усе апошнія месяцы. Аргумэнт, што палітыка ня тычыцца спорту — няслушны, і гэта неаднаразова пацьвярджалася ў мінулым. Правядзеньне чэмпіянату ў Менску толькі ўмацавала б пазыцыі Лукашэнкі і ягоную перакананасьць, што ў яго ўсё пад кантролем. Калі ў краіне больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя па палітычных матывах, і сотні за кратамі, ніякіх адносінаў з астатнім сьветам як у спорце, так і ў іншых сфэрах быць ня можа.

Кацярына Зюзюк (зьлева). МІлан.
Кацярына Зюзюк (зьлева). МІлан.

Кацярына Зюзюк: Калі я прачытала навіну пра адмену, у мяне зьявіліся сьлёзы ў вачах. Я адчула, якая мы вялікая сіла. Нягледзячы на тое, што Італія ва ўсёй кампаніі адыграла невялікую ролю ў параўнаньні з тым, што зрабілі дыяспары Чэхіі і Швайцарыі, важны сам факт, што мы працавалі доўга, упарта і дамагліся гэтага выніку. Гэта для нас вельмі вялікая псыхалягічная падтрымка і матывацыя. Тут размова не пра палітыку ідзе насамрэч. Я б хацела патлумачыць спадару Фазэлю розьніцу паміж палітыкай і катаваньнямі ды рэпрэсіямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG