Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабілі Škoda і касмэтыку Nivea забаранілі ўвозіць у Беларусь. Урад апублікаваў сьпіс


Лягатып аўтавытворцы Škoda
Лягатып аўтавытворцы Škoda

Дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў і з улікам «недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага народу» Савет міністраў вызначыў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Дакумэнт прыняты ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам «Аб прымяненьні спэцыяльных мераў». Дакумэнт прадугледжвае забарону на ўвоз і рэалізацыю асобных групаў тавараў з краін, якія прынялі рашэньне аб увядзеньні абмежаваньняў да беларускіх юрыдычных або фізычных асобаў.

У пералік забароненых унесеныя тавары групаў кампаній LIQUI MOLY, ŠKODA AUTO і BEIERSDORF (гандлёвыя маркі NIVEA, EUCERIN, LA PRAIRIE, LABELLO, HANSAPLAST, FLORENA, 8X4 , SKIN STORIES, GAMMON, TESA, CHAUL, COPPERTONE, HIDROFUGAL, STOP THE WATER WHILE USING ME).

У выпадку выяўленьня забароненых тавараў пры ўвозе ў Беларусь яны будуць падлягаць зваротнаму вывазу з тэрыторыі краіны. Пры знаходжаньні ў гандлёвых аб’ектах, на рынках, выставах, кірмашах, у інтэрнэт-крамах і сетцы інтэрнэт асобам, якія ажыцьцяўляюць такі гандаль, будзе выдавацца прадпісаньне на забарону іх рэалізацыі.

Пастанова не распаўсюджваецца на тавары для асабістага карыстаньня і транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў дзяржавах — чальцах Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Суб’екты гандлю, у якіх на дату ўступленьня ў сілу пастановы будуць знаходзіцца рэшткі забароненых тавараў, мусяць прыпыніць аптовы i раздробны гандаль на працягу пяці рабочых дзён.

Асобы, якія парушаць забарону на ўвоз і рэалізацыю тавараў, будуць прыцягвацца да адказнасьці. Асноўныя пункты пастановы набудуць сілу праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня дакумэнта.

Škoda і Nivea — сталыя генэральныя партнэры чэмпіянату сьвету ў хакеі, які сёлета меліся сумесна прыняць Менск і Рыга. Аднак праз фальсыфікацыю выбараў і наступны гвалт сілавікоў грамадзянская супольнасьць у Беларусі і замежныя інстытуцыі зьвярнуліся да вытворцаў з просьбай адмовіць у фінансаваньні забавы для нелегітымнага рэжыму. Пікеты прадстаўнікоў беларускай дыяспары прайшлі ля офісаў кампаній у Чэхіі і Нямеччыне.

У выніку спонсары адмовіліся фінансаваць беларускую частку сусьветнага першынства, а Міжнародная фэдэрацыя хакею прыняла рашэньне праводзіць спаборніцтвы толькі ў сталіцы Латвіі. Беларусь такога права пазбавілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG