Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Левада-Цэнтр»: больш за палову расейцаў выказаліся за ўвядзеньне прадуктовых картак


Крыху больш за палову (54%) расейцаў станоўча паставіліся да ідэі кіраўніка камісіі Грамадзкай палаты па разьвіцьці аграпрамысловага комплексу ўвесьці ў краіне прадуктовыя сэртыфікаты.

Дадзеныя апытаньня апублікаваў «Левада-Цэнтар».

Большасьць тых, хто падтрымлівае ініцыятыву, заявілі, што ў краіне шмат бедных і дзяржава павінна ім дапамагаць, піша «Левада-Цэнтар».

Нэгатыўна да ідэі паставіліся 39% апытаных.

  • Кожны пяты зь іх (20%) заявіў аб тым, што гэтая сыстэма выклікае нэгатыўныя асацыяцыі зь мінулым: з эканамічным крызісам пачатку 90-х гадоў, ваенным часам або блякадай.
  • 18% лічаць, што дапамогу маламаёмным лепш аказваць грашыма.
  • 4% лічаць гэтую ініцыятыву непатрэбнай, але не гатовыя неяк патлумачыць сваю думку.
  • Кожны дзясяты ўпэўнены, што ўвядзеньне прадуктовых сэртыфікатаў прывядзе да спэкуляцыяў, росту ўзроўню карупцыі, на дапамогу стануць прэтэндаваць тыя, хто ў ёй ня мае патрэбы. Восем адсоткаў лічаць, што гэта ня вырашыць праблему беднасьці.

Расейцы з прычыны росту цэнаў скарацілі траты на куплю базавых прадуктаў харчаваньня, гаворыцца ў дасьледаваньні «Тинькофф Data». У лютым сёлета траты на хлебабулачныя вырабы, моркву, апэльсіны і капусту ўпалі на 40% у параўнаньні зь мінулым годам. Расходы на бульбу расейцы скарацілі на 30%, на ялавічыну — на 25%, на муку і сьвініну — на 13%. Лідэрам у скарачэньні выдаткаў сталі яблыкі — 60%. Адзіным базавым прадуктам, траты на які расейцы павялічылі, стаў цукар (павелічэньне склала 18%).

Раней стала вядома, што Расстат перанёс з 20 на 29 красавіка публікацыю зьвестак пра рэальныя наяўныя грашовыя даходы расейцаў у першым квартале 2021 году напярэдадні пасланьня прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Фэдэральнаму сходу.

Forbes адзначыў, што ў мінулым Расстат разьмяшчаў зьвесткі пра даходы строга па графіку. На працягу як мінімум апошняга году гэтыя дадзеныя штоквартальна публікаваліся ў дакладзе «Інфармацыя аб сацыяльна-эканамічным становішчы Расеі», аднак у апублікаванай 20 красавіка вэрсіі іх няма.

Паводле дадзеных выданьня, у 2020 годзе з прычыны пандэміі каранавірусу рэальныя наяўныя даходы расейцаў скараціліся на 7,9% у гадавым вымярэньні, што стала рэкордным квартальным падзеньнем з 1999 году. У трэцім і чацьвёртым кварталах абвал запаволіўся да мінус 5,3% і мінус 1,7% адпаведна.

Раней аналітыкі агенцтва Bloomberg уключылі Расею ў сьпіс краін, дзе рост цэнаў на прадукты можа выклікаць незадаволенасьць насельніцтва. Яны нагадалі, што Расея нядаўна ўвяла квоты на экспарт збожжа і дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на некаторыя прадукты — сланечнікавы алей і цукар. Аднак такія абмежаваньні могуць мець непрыемныя наступствы і ў канчатковым выніку прывесьці да агульнай інфляцыі, гаворыцца ў паведамленьні выданьня. У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця РБК заявілі, што аналітыка агенцтва носіць спэкулятыўны характар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG