Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2200 беларусаў падпісаліся пад мэмарандумам у абарону незалежнасьці — палітыкі, дзеячы культуры, спартоўцы


Падчас маршу пратэсту 18 кастрычніка 2020 года

Апублікаваны мэмарандум беларускага грамадзтва, Каардынацыйнай рады і дэмакратычных сіл у абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці. Падставай сталі агучаныя намеры кіраўнікоў Беларусі і Расеі аб «паглыбленьні інтэграцыі».

«Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл, палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, аб’яднаньняў і плятформаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, лідэры думак і грамадзкія аўтарытэты, незалежна ад нашых палітычных поглядаў у любых іншых пытаньнях, адзіныя ў наступнай прынцыповай пазыцыі, якую выказваем ад імя ўсяго беларускага народу.

Сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь ёсьць найвышэйшай канстытуцыйнай дзяржаваўтваральнай каштоўнасьцю беларускага народу. Любы замах на сувэрэнітэт і незалежнасьць зьяўляецца найцяжэйшым дзяржаўным злачынствам.

Такія дзеяньні будуць здрадай народу нашай краіны, які шмат стагодзьдзяў дамагаўся сваёй дзяржавы, і застануцца нязмыўнай ганьбай у гісторыі Беларусі для тых, хто іх зьдзейсьніць.

Патрабуем ад улады адмовіцца ад любых спробаў зьнішчыць беларускую дзяржаву або падпарадкаваць яе іншай. Гандаль сувэрэнным правам беларускага народа не дапушчальны ні ў якім выглядзе. Беларускі народ не прызнае падпісаньня заканадаўчых актаў, якія ставяць пад пагрозу незалежнасьць і сувэрэнітэт.

Мы будзем змагацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі супраць любой пагрозы незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай краіны, лічачы гэта абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Хочам, каб мы і нашыя дзеці жылі ў незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі. І так будзе!», — гаворыцца ў тэксьце мэмарандуму.

На гэты момант колькасьць падпісантаў складае 2200 чалавек. У іх ліку палітык Павал Латушка, прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук, лінгвістка Натальля Дуліна, драматург Андрэй Курэйчык, адна з арганізатарак кінафоруму «Лістапад» Анжаліка Крашэўская, сьпявачка Анжаліка Агурбаш, спартоўцы Надзея Астапчук і Юры Булат ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG