Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія папрасіла саюзьнікаў па ЭЗ і NATO падтрымаць яе ў канфлікце з Расеяй


Міністар Ян Гамачэк сустрэў у праскім аэрапорце 20 высланых з Масквы чэскіх дыпляматаў.
Міністар Ян Гамачэк сустрэў у праскім аэрапорце 20 высланых з Масквы чэскіх дыпляматаў.

Чэхія зьвярнулася да партнэраў па Эўрапейскім зьвязе і NATO з заклікам праявіць зь ёй салідарнасьць і падтрымаць у сувязі з дыпляматычнымі канфліктамі паміж Прагай і Масквой.

Чэскія ўлады заявілі, што агенты расейскай вайсковай выведкі ў 2014 годзе арганізавалі выбух на вайсковым сховішчы з боепрыпасамі і ўбачылі ў гэтай дывэрсіі аналёгію з замахам на жыцьцё Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў 2018 годзе ў брытанскім Солсберы. Вялікая Брытанія выслала больш за 20 расейскіх дыпляматаў, а ЗША, Францыя і Нямеччына тады на найвышэйшым узроўні выказалі салідарнасьць з крокамі брытанскага ўраду. Цяпер у Чэхіі спадзяюцца на падобную рэакцыю сярод саюзьнікаў.

Часовы міністар замежных спраў Чэхіі Ян Гамачэк выступіў у аўторак, 20 красавіка, з заклікам да салідарнасьці. Днём раней 18 расейскіх дыпляматаў, названых чэскімі ўладамі «апэратыўнікамі расейскіх спэцслужбаў», пакінулі ў Чэхію. Падобным жа чынам з Расеі выдварылі 20 дыпляматаў амбасады Чэхіі ў Маскве.

Гамачэк паведаміў журналістам, што выклікаў у Міністэрства замежных спраў пасла Расеі Аляксандра Зьмяеўскага, каб выказаць яму пратэст з нагоды «непрапарцыйнай» рэакцыі Масквы на дзеяньні ўраду Чэхіі.

«Цалкам лягічна, што Чэхія зробіць далейшыя крокі, і амбасадар Расеі павінен быць першым, хто даведаецца пра гэта», — сказаў міністар журналістам.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адрынуў абвінавачаньні з боку Прагі. Ён назваў меры, прынятыя Чэхіяй, «неразумнымі і шкоднымі для адносінаў паміж дзьвюма краінамі».

Цяперашні дыпляматычны канфлікт стаў самым буйным з 1989 году, калі ў Эўропе адзін за адным паваліліся прасавецкія камуністычныя рэжымы. Цяпер невялікая эўрапейская дзяржава, член NATO з 1999 году, апынулася ў эпіцэнтры росту напружанасьці паміж Масквой і Захадам.

Урад Чэхіі ўжо вырашыў адхіліць расейскую дзяржкарпарацыю «Росатом» ад удзелу ў шматмільярдным тэндэры на будаўніцтва пятага энергаблёка АЭС «Дукаваны» і адмовілася ад далейшага разгляду пытаньня аб закупліваньні расейскай вакцыны «Спутник-V».

Спэцапэрацыя расейскай вайсковай выведкі ГРУ па арганізацыі дывэрсіі на збройных складах у Чэхіі ўвосень 2014 году праходзіла пад асабістым кантролем камандзіра вайсковай часткі 29155 у Маскве генэрал-палкоўніка Андрэя Авяр'янава. Пра гэта гаворыцца ў новым расьсьледаваньні чэскага штотыднёвіка Respekt і міжнароднай групы дасьледчыкаў Bellingcat.

Ахвярамі аднаго выбуху сталі 2 чалавекі, другі выбух, які адбыўся празь некалькі тыдняў на падобным жа аб’екце, паблізу першага, ахвяраў ня меў.

У панядзелак, 19 красавіка, улады Чэхіі паведамілі, што сума ўрону ад выбухаў складае больш за 1 млрд крон (каля 47 млн даляраў). У гэтую суму, паводле ўраду, уваходзіць кошт зьнішчанай маёмасьці і работ па ліквідацыі вынікаў выбуху. У Чэхіі лічаць, што адказныя за прычыненьне гэткай вялікай шкоды мусяць выплаціць кампэнсацыю семʼям загінулых.

Мэтай дывэрсіі магла стаць зброя, якую плянаваў набыць баўгарскі прадпрымальнік Эміліян Гебрэў. На яго пазьней зрабілі замах, як мяркуецца, з выкарыстаньнем баявога атрутнага рэчыва «Навічок».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG