Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў пацьвердзіў, што Пуцін і Байдэн абмяркоўвалі спробу перавароту ў Беларусі


Дзьмітрый Пяскоў

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што пытаньне аб меркаванай падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША Ўладзіміра Пуціна і Джо Байдэна.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

На пытаньне, ці можа Пяскоў пацьвердзіць, што тэма спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі абмяркоўвалася падчас размовы Пуціна і Байдэна, ён адказаў: «Так, магу».

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне падрыхтоўкі замаху на яго спэцслужбамі ЗША Пуцін закрануў у гутарцы з Байдэнам.

Фрагмэнт выступу Лукашэнкі паказаў у суботу тэлеканал ОНТ. Лукашэнка заявіў: «Мяне зьдзіўляе іншае: чаму амэрыканцы сябе так паводзяць. Бо паставіць задачу ліквідаваць прэзыдэнта, запомніце, ня можа ніхто, акрамя вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія не спэцслужбы. Я скажу больш. Я ўдзячны Пуціну. Калі ён размаўляў з Байдэнам, ён яму задаў гэтае пытаньне. Булькатаньне — і ніводнага адказу. Уладзімір Уладзіміравіч мне патэлефанаваў, пра гэта сказаў, калі я з Азэрбайджану прыбыў».

На пытаньне, ці сапраўды Лукашэнка зьвяртаўся да Пуціна з нагоды затрыманьня падазраваных у спробе зрынаньня ўлады ў Беларусі, Пяскоў адказаў: «Гэта я пакідаю без адказу».

У ходзе размовы з журналістамі Пяскову працытавалі словы Лукашэнкі пра тое, што да замаху на яго былі датычныя амэрыканскія спэцслужбы, якія дзейнічалі па распараджэньні вышэйшага палітычнага кіраўніцтва ЗША. У сувязі з гэтым у яго пацікавіліся, якія ў Крамля ёсьць дадзеныя аб датычнасьці адміністрацыі Байдэна да замаху на Лукашэнку.

«Я пакідаю гэта без камэнтароў. Гэта была апэрацыя спэцыяльных службаў. У дадзеным выпадку я не буду нічога камэнтаваць, усю інфармацыю, якая можа выдавацца, дазавана выдае спэцыяльная служба, калі лічыць магчымым і неабходным», — адказаў Пяскоў.

Яго таксама папрасілі расказаць больш падрабязна, якія пытаньні закраналі Пуцін і Байдэн пры абмеркаваньні замаху на Лукашэнку.

«Усю інфармацыю, якую мы маглі і хацелі паведаміць, мы падалі ў нашым паведамленьні пра размову двух прэзыдэнтаў», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG