Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём БАЖ перавыбралі Бастунца. Ён заявіў аб прававым дэфолце ў краіне. ФОТА


У прэзыдыюме зьезду Андрэй Бастунец і Барыс Гарэцкі.
У прэзыдыюме зьезду Андрэй Бастунец і Барыс Гарэцкі.

16 красавіка праходзіць чарговы, 11-ы, зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў. 12 беларускіх журналістаў цяпер за кратамі.

Старшынём БАЖ аднагалосна выбралі Андрэя Бастунца, паведамляе арганізацыя ў сваім ТГ-канале. Бастунец да гэтага ўжо быў кіраўніком арганізацыі два тэрміны, з 25 красавіка 2015 году.

Намеснікамі старшыні БАЖ абраныя:

  • Алег Агееў
  • Аляксандр Старыкевіч
  • Барыс Гарэцкі
  • Ірына Слаўнікава

У рэзалюцыю зьезд БАЖ патрабуе:

  • неадкладна вызваліць усіх журналістаў і мэдыяспэцыялістаў, якія знаходзяцца за кратамі;
  • абмеркаваць зьмены ў заканадаўства ў галіне СМІ з удзелам беларускага грамадзтва, журналісцкай і бізнэс-супольнасьці, а таксама міжнародных экспэртаў;
  • прызнаць на заканадаўчым узроўні права кожнага зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных мас-мэдыя;
  • забясьпечыць бесперашкодны доступ да інфармацыі журналістам;
  • стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ; адмовіцца ад дзяржаўнай манаполіі ў галінах стварэньня і распаўсюду іх прадукцыі.

Удзел у зьезьдзе бяруць больш за 60 дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі філіяламі асацыяцыі і асобнымі рэдакцыямі, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

«Паводле статуту, зьезд праводзіцца раз на тры гады, — сказаў ён. — Можа быць, час для зьездаў цяпер ня самы лепшы, таму што каранавірус і грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне ня самая добрая, але наш статут — гэта наша канстытуцыя. Мы сваю канстытуцыю шануем».

Паводле Гарэцкага, на зьездзе плянуецца падвесьці вынікі працы БАЖ за апошнія тры гады і выбраць кіраўніцтва і ўсе выбарныя органы, у тым ліку камісію па этыцы, на наступныя тры гады.

«Чакаецца, што зьезд прыме заяву з нагоды сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі», — падкрэсьліў Гарэцкі.

Паводле зьвестак БАЖ, у 2020 годзе было зафіксавана:

  • 480 затрыманьняў журналістаў,
  • 97 выпадкаў адбыцьця журналістамі адміністрацыйных арыштаў
  • 62 выпадкі фізычнага гвалту ў дачыненьні да іх.
  • Цяпер пад вартай знаходзяцца 12 беларускіх журналістаў.

Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі нагадаў, што цяпер у зьняволеньні знаходзяцца 12 журналістаў і шэраг сяброў БАЖ, у тым ліку Павел Севярынец і Аляксандр Фядута.

«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня нашых калег і ўсіх палітзьняволеных», — сказаў ён.

Старшыня БАЖ: у Беларусі прававы дэфолт

Апошнія тры гады былі цяжкімі для беларускай журналістыкі, заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, выступаючы 16 красавіка на 11-м зьездзе БАЖ з дакладам аб працы арганізацыі ў 2018–2021 гадах. Летась БАЖ адзначыла сваё 25-годзьдзе.

«У 1995 годзе БАЖ стварылі 38 журналістаў. Сёньня ў нас звыш 1 300 сяброў нашай арганізацыі. Я лічу, што гэта значная лічба», — сказаў Бастунец, якога цытуе БелаПАН.

11-ты зьезд БАЖ, дэлегаты ў залі.
11-ты зьезд БАЖ, дэлегаты ў залі.

Гаворачы аб рабоце БАЖ пасьля зьезду ў 2018 годзе, Бастунец падкрэсьліў:

«Мы можам адзначыць, што кожны год сытуацыя мянялася. Напрыклад, 2019 год выглядаў досыць «вэгетарыянскім», калі ціск на журналістаў і мэдыя быў, здаецца, меншым, чым звычайна. Хоць, калі мы глядзелі на лічбы і пэўныя сытуацыі, то разумелі, што ўсё роўна знаходзімся ў той сыстэме каардынатаў, якую за больш чым 25 гадоў пабудавала сёньняшняя ўлада».

«У 2018 годзе мы сутыкнуліся з сур’ёзным крымінальным ціскам на беларускія мэдыя, — сказаў Бастунец. — У першую чаргу, тут мы ўспамінаем крымінальную справу Алеся Ліпая (стваральніка і дырэктара БелаПАН) і так званую «справу БелТА».

«Крымінальная справа ў дачыненьні да Ліпая было закрытая пасьля яго сьмерці. І я ўпэўнены, што гэтая сьмерць стала вынікам таго, што рабілі беларускія ўлады і ў ягонай крымінальнай справе, і ў „справе БелТА“, калі ў тым ліку і супрацоўнікі БелаПАН трапілі пад крымінальны перасьлед. У гэтай справе праходзілі больш за 15 журналістаў розных СМІ, скончылася яно крымінальных прысудам галоўнаму рэдактару Tut.by Марыне Золатавай».

Бастунец адзначыў, што падзеі 2020 года краіне закранулі ўсе беларускія недзяржаўныя СМІ:

«Ціск на мэдыя — гэта паказчык сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. На жаль, вымушаны канстатаваць, што сёньня фраза» прававы дэфолт «добра характарызуе сытуацыю ў краіне, у тым ліку адносна абароны правоў журналістаў. Зьмены, якія цяпер улады ўносяць у заканадаўства, толькі пагаршаюць сытуацыю. Але журналісты ўсё роўна працягнуць працаваць, а мы будзем абараняць іх, у тым ліку з дапамогай міжнародных партнэраў», — падкрэсьліў Бастунец.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднаньне грамадзян, якія займаюцца прафэсійнай журналісцкай дзейнасьцю альбо садзейнічаюць яе разьвіцьцю. Дзейнічае з восені 1995 году.

На сёньня ў БАЖ стаяць на ўліку больш за 1 300 сяброў, якія працуюць у розных пэрыядычных выданьнях, на радыё і тэлевізіі, у выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі зьяўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ. Акрамя цэнтральнага офісу ў Менску, асацыяцыя мае чатыры рэгіянальныя філіялы.

Сярод асноўных задач БАЖ — абарона правоў і законных інтарэсаў членаў асацыяцыі ў дзяржаўных органах і міжнародных арганізацыях; садзейнічаньне сябрам БАЖ у стварэньні матэрыяльна-тэхнічных, арганізацыйных і іншых неабходных умоў для дзейнасьці і павышэньня прафэсійнага ўзроўню; распрацоўка цывілізаванай праграмы разьвіцьця СМІ, якая мусіць стварыць спрыяльныя ўмовы для іх функцыянаваньня ў Беларусі; разьвіцьцё адносін з журналісцкімі арганізацыямі іншых краін сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG