Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маглі б пайсьці далей». Байдэн засьцярог Расею ад умяшаньня ў амэрыканскую дэмакратыю


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у чацьвер днём выступіў у Белым доме са зваротам з нагоды новых санкцыяў, уведзеных Злучанымі Штатамі ў дачыненьні да Расеі.

Пра гэта паведаміў «Голас Амэрыкі».

Байдэн пачаў свой выступ з заявы пра тое, што ён сур’ёзна ставіцца да адказнасьці за амэрыканска-расейскія адносіны, якая ляжыць на ім.

«Мы ня можам дазволіць замежным дзяржавам беспакарана ўмешвацца ў амэрыканскія выбары», — заявіў Джо Байдэн, дадаўшы, што падчас сваёй тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным ён даў зразумець свайму суразмоўцу, што яму вядома аб расейскім ўмяшаньні ў выбары.

Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што цяпер, пасьля ўвядзеньня новага пакету санкцыяў, самы час зьнізіць напружанасьць у адносінах з Масквой, заявіўшы, што ў абедзьвюх краінаў усё яшчэ ёсьць магчымасьці для сумеснай працы.

«Я ясна даў зразумець прэзыдэнту Пуціну, што мы маглі б пайсьці далей, але я вырашыў гэтага не рабіць, — сказаў Байдэн, маючы на ўвазе маштаб санкцый, — Я вырашыў дзейнічаць сувымерна».

У выпадку, калі Расея і далей будзе ўмешвацца ў амэрыканскую дэмакратыю, Злучаныя Штаты гатовыя адказаць на гэтыя дзеяньні, папярэдзіў Байдэн.

Байдэн запэўніў, што Вашынгтон «не імкнецца да эскаляцыі канфлікту з Расеяй», выказаўшы надзею, што ён здолее выбудаваць «больш эфэктыўныя адносіны» з прэзыдэнтам Пуціным і сказаўшы, што расейскі лідэр «згодны» з гэтай ідэяй.

Прапанаваны Байдэнам саміт з Пуціным, які, па словах прэзыдэнта, можа прайсьці летам у адной з эўрапейскіх краінаў, стане шанцам «для пачатку дыялёгу аб стратэгічнай стабільнасьці».

Пуцін усё яшчэ не адказаў на гэтае запрашэньне, але Байдэн заўважыў, што «нашыя каманды проста цяпер абмяркоўваюць гэтую магчымасьць».

Байдэн падкрэсьліў існаваньне «крытычных глябальных выклікаў, якія патрабуюць сумеснай працы Расеі і ЗША, уключаючы стрымліваньне ядзернай пагрозы з боку Ірану і Паўночнай Карэі, спыненьне пандэміі COVID-19 ва ўсім сьвеце і пераадоленьне экзістэнцыйнага крызісу, зьвязанага са зьменай клімату».

Байдэн дадаў, што ў размове з Пуціным ён выступіў супраць уварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны і раскрытыкаваў цяперашнюю канцэнтрацыю расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы.

«Я пацьвердзіў, што ЗША падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і настойліва заклікаў Пуціна ўстрымацца ад любых ваенных дзеяньняў», — заявіў Байдэн.

Камэнтуючы сытуацыю з будаўніцтвам газаправоду «Паўночны паток – 2», ён сказаў, што гэта «складанае пытаньне», якое закранае інтарэсы эўрапейскіх саюзьнікаў, аднак дадаў, што ён асабіста заўсёды выступаў супраць гэтага праекту.

Новы пакет санкцый стаў адказам Злучаных Штатаў на нядаўнія зламысныя дзеяньні Масквы, у прыватнасьці на кампанію кібэршпіянажу, накіраваную супраць праграмнага забесьпячэньня SolarWinds, на ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, а таксама на нядаўнюю канцэнтрацыю расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ўва анэксаваным Крыме.

Адміністрацыя ЗША ўпершыню назвала расейскую Службу замежнай выведкі (СВР) арганізатарам хакерскай атакі на SolarWinds, у выніку чаго кібэрзлачынцы атрымалі доступ да сетак дзясяткаў дзяржаўных структураў і буйных амэрыканскіх кампаній. У СВР гэта абвінавачваньне назвалі «нонсэнсам».

Пад дзеяньне санкцыяў патрапілі больш за 30 расейскіх структураў. Акрамя таго, Злучаныя Штаты абвясьцілі аб высылкі з краіны прынамсі 10 грамадзянаў Расеі, у асноўным дыпляматаў, якія маюць дачыненьне да спэцслужбаў.

У чацьвер прэзыдэнт Байдэн таксама падпісаў указ, які дазваляе ўраду ЗША ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да любога сэктару расейскай эканомікі.

«Гэты ўказ дэманструе, што Злучаныя Штаты будуць прымаць стратэгічна і эканамічна значныя меры ў адказ у дачыненьні да Расеі, калі яна працягне або ўзмоцніць свае дзеяньні для дэстабілізацыі на міжнародным узроўні», — падкрэсьлілі ў Белым доме.

Адміністрацыя ЗША заклікала Расею спыніць перасьлед дысыдэнтаў і журналістаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

Упраўленьне кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША прыняла маштабныя захады ў дачыненьні да 16 юрыдычных і 16 фізычных асобаў, якія ўдзельнічалі ў спробах паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2020 годзе на загад расейскіх уладаў.

Пад санкцыямі апынуліся некалькі СМІ, якія кантралююцца расейскімі спэцслужбамі і адыгрываюць ключавую ролю ў расейскай кампаніі распаўсюду дэзынфармацыі: інфармагенцтвы SouthFront, NewsFront і «Инфорос» і онлайн-часопіс «Фонд стратегической культуры».

У санкцыйны сьпіс таксама патрапілі кампаніі, зьвязаныя з расейскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным: «Транс Логистик» і «Юниджет», а таксама 6 расейскіх тэхналягічных кампаніяў, якія аказваюць падтрымку кібэрпраграмам расейскіх спэцслужбаў.

Таксама былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Канстанціна Кілімніка — расейскага і ўкраінскага палітычнага кансультанта, які зьяўляецца агентам расійскіх спэцслужбаў і ажыцьцяўляе апэрацыі ўплыву ад іх імя.

Упраўленьне па кантролі за замежнымі актывамі таксама ўнесла ў санкцыйны сьпіс пяць фізычных і тры юрыдычныя асобы, зьвязаных з анэксіяй Крыму і сурʼёзнымі парушэньнямі правоў чалавека ў дачыненьні да мясцовага насельніцтва.

З чэрвеня будзе ўведзены ў дзеяньне ўказ, які забараняе амэрыканскім фінансавым інстытутам набываць аблігацыі ў рублях і іншых валютах, выпушчаныя Банкам Расеі, Фондам нацыянальнага дабрабыту (ФНБ) або Мінфінам Расеі пасьля 14 чэрвеня 2021 года. Гэтыя абмежаваньні тычацца толькі рынку першасных аблігацый.

Акрамя таго, Міністэрства фінансаў разам з Аўстраліяй, Вялікай Брытаніяй і Канадай наклала санкцыі на восем фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з анэксіяй Расеяй Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG