Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Пуцін зрабіў другую прышчэпку супраць COVID-19


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што прышчапіўся ў сераду другім кампанэнтам вакцыны ад каранавірусу.

«Упэўнены, што ўсё будзе добра», — сказаў Пуцін на пасяджэньні апякунскай рады Расейскага геаграфічнага таварыства, якое было арганізавана ў рэжыме відэасувязі. Як адзначыў Пуцін, ён спадзяецца, што пандэмія хутка адступіць, у тым ліку дзякуючы вакцынацыі, якая ў Расеі «актыўна праводзіцца».

Пра тое, што Ўладзімір Пуцін атрымаў першы кампанэнт прышчэпкі супраць COVID-19, стала вядома 23 сакавіка. Гэта было зроблена непублічна. У Крамлі ня сталі ўдакладняць, на якой з вакцынаў прэзыдэнт спыніў выбар. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў тады заяўляў, што Крэмль сьвядома не паказвае вакцыну, і падкрэсьліваў адначасна, што «ўсе тры расейскія прышчэпкі абсалютна надзейныя і эфэктыўныя».

У Расеі зарэгістраваныя вакцыны «Sputnik V» распрацоўкі Цэнтру імя Гамалеі, «ЭпіВакКарона» ад новасібірскага навуковага цэнтру «Вэктар» і «КавіВак» ад Цэнтра імя Чумакова.

18 студзеня ў Расеі афіцыйна пачалася «масавая вакцынацыя». На канец сакавіка паведамлялася, што прышчэпку зрабілі менш за 5% дарослага насельніцтва Расеі. Паводле дадзеных апублікаванага раней у сакавіку дасьледаваньня «Левада-цэнтра»), гатовасьць прышчапіцца выказалі толькі 30 працэнтаў апытаных расейцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG