Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пагутарыў па тэлефоне з Пуціным і прапанаваў сустрэцца


Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ў аўторак пагутарыў па тэлефоне з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падкрэсьліўшы непахісную прыхільнасьць ЗША сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і заклікаўшы Расею зьнізіць напружанасьць, паведамляе прэсавая служба Белага дому.

Прэзыдэнт ЗША выказаў заклапочанасьць з прычыны нарошчваньня расейскіх сілаў у Крыме і на мяжы з Украінай.

Байдэн таксама даў зразумець, што Злучаныя Штаты будуць дзейнічаць «цьвёрда», абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы ў адказ на дзеяньні Расеі, такія, як кібэратакі і ўмяшаньне ў выбары. Ён таксама прапанаваў Пуціну правесьці асабістую сустрэчу ў бліжэйшыя месяцы ў трэцяй краіне — для абмеркаваньня ўсяго комплексу пытаньняў, якія стаяць перад ЗША і Расеяй.

Саміт быў прапанаваны «для абмеркаваньня поўнага спэктру пытаньняў, зь якімі сутыкаюцца ЗША і Расея».

Паведамленьне аб тэлефоннай размове Ўладзіміра Пуціна з Джо Байдэнам апублікаванае і на сайце Крамля. У ім адзначаецца, што размова адбылася з ініцыятывы амэрыканскага боку.

Прэс-служба Крамля рэзюмуе тую частку тэлефоннай размовы, у якой ішла гаворка пра двухбаковыя адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам: «Джозэф Байдэн выказаў зацікаўленасьць у нармалізацыі стасункаў на двухбаковым трэку і наладжваньні стабільнага і прадказальнага ўзаемадзеяньня па такіх вострых праблемах, як забесьпячэньне стратэгічнай стабільнасьці і кантроль над узбраеньнямі, іранская ядзерная праграма, сытуацыя ў Аўганістане, глябальнае зьмяненьне клімату».

Крызіс вакол Украіны названы ў камэнтары Крамля «ўнутраным».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG