Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 13 красавіка: 5 гадоў «хіміі» за «абразу» міліцыянтаў, працэсы ў Берасьці за пудзілы і блякаваньне рэек

абноўлена

Пудзіла ў Берасьці, за якое завялі крымінальную справу
Пудзіла ў Берасьці, за якое завялі крымінальную справу

У Беларусі працягваюцца суды за падзеі пасьлявыбарнага пэрыяду. Свабода сочыць за палітычнымі працэсамі. Абнаўляецца.

Тры гады калёніі — за выдаленыя празь 10 хвілін паведамленьні

У судзе Першамайскага раёну Менску вынесьлі прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку, цырульніку зь Берасьця 31-гадоваму Андрэю Сачанку. Яго асудзілі да 3 гадоў калёніі агульнага рэжыму па артыкулах 364 і 366 Крымінальнага кодэксу. Таксама суд абавязаў Сачанку выплаціць маральную шкоду ў 2000 рублёў пацярпеламу Кавальчуку, дзяржаўную пошліну — 87 рублёў і працэсуальныя выдаткі — 12 капеек, паведамляе «Вясна».

Андрэя Сачанку прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні і верасьні ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» ён напісаў паведамленьні з пагрозамі гвалту дваім супрацоўнікам АМАП Віктару Краўчуку і Руслану Кавальчуку, бацькам вайскоўца Дзяніса Патрушава і выкладчыку МДЛУ Ігару Пучэні, чым «парушыў псыхалягічны і душэўны спакой» пацярпелых.

Сачанка цалкам прызнаў віну па абодвух артыкулах, зь СІЗА дасылаў пацярпелым лісты з прабачэньнямі. Адвакатка прасіла ўлічыць прызнаньне віны, супрацоўніцтва са сьледзтвам і тое, што яго дзеяньні не прынесьлі шкоды жыцьцю і здароўю людзей, і прасіла прызначыць мужчыне пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.

Суд за пудзілы і блякаваньне рэек

На лаве падсудных у «рэйкавай» справе ў Берасьці 10 чалавек.

У судзе Ленінскага раёну Берасьця 13 красавіка працягнуўся разгляд крымінальнай справы за «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (артыкул 309 Крымінальнага кодэксу), а таксама за «разьвешваньне пудзілаў у абласным цэнтры» (ч. 2 артыкула 339 — хуліганства, учыненае групай асоб), піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Усяго падазраванымі ў справе праходзяць дзесяць чалавек. Ім ставяцца ў віну некалькі эпізодаў: вывешваньне пудзілаў у розных месцах гораду, закідваньне яйкамі і камянямі апорнага пункту міліцыі, падпал ноччу на бязьлюднай вуліцы аўтамабільных пакрышак, размалёўваньне «Табакеркі». Усё гэта расцэнена як «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК), «асабліва злоснае хуліганства» (ч. 3 арт. 339 КК).

Таксама ставіцца ў віну замыканьне чыгуначных рэек мэталічным дротам. Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Семянчук.

Усе падазраваныя ўтрымліваюцца ў берасьцейскім СІЗА-7.

  • Барынава Натальля;
  • Сыраватка Вольга;
  • Сіліч Сяргей;
  • Красоўскі Сяргей;
  • Камбуль Яўген;
  • Сілюк Максім;
  • Пыцель Максім.

Пад хатнім арыштам з 25 студзеня знаходзіцца Ўладзімер Кацюбка, а на Аліну Муратаву такую ж меру стрыманьня наклалі днём пазьней.

Суд распачаўся яшчэ 29 сакавіка, аднак тады стала вядома, што ў лік абвінавачваемых дадалі і Марыну Сілёнак. Таму абвясьцілі перапынак. Дзяржабвінаваўца адзначыла, што паказаньні абвінавачаных адрозьніваюцца ад паказаньняў на этапе сьледзтва.

Абвінавачаная Барынава заявіла, што першапачатковыя паказаньні дала пад ціскам, сьледчыя пагражалі ёй вялікім турэмным тэрмінам і органамі апекі, якія быццам ужо афармляюць дакумэнты на тое, каб забраць яе 4-гадовую дачку. Скаргу на дзеяньні сьледчых Барынава не напісала ад страху яшчэ большага ціску на яе і сям’ю.

Усе астатнія абвінавачаныя таксама прасілі браць пад увагу паказаньні менавіта ў судзе. Так, Сілюк пракамэнтаваў гэта словамі: «[Сьледчы] Скогараў пісаў так, як трэба яму». Раней на судзе падобнае казаў і абвінавачаны Камбуль.

Больш за 5 тысяч кампэнсацыі «пацярпелым супрацоўнікам»

Палітвязень Аляксей Ліпень атрымаў 5 гадоў «хіміі» за «публічную абразу прадстаўніка ўлады» і «пагрозу прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка АУС».

Такое рашэньне вынес суд Заводзкага раёну Менску. Таксама ён павінен выплаціць 5500 рублёў шасьцярым пацярпелым супрацоўнікам АУС, паведамляе «Белсат».

Ліпень сказаў, што не адмаўляе таго, што пад эмоцыямі пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі пакідаў абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі», але ня думаў, што будуць наступствы. Прынёс прабачэньні пацярпелым.

Аднак заявіў, што сваімі камэнтарамі не хацеў прычыніць фізычны гвалт супрацоўнікам АУС «ні сам, ні каб яго прычынілі тыя, хто яго камэнтары чытаў». Пацярпелымі па дадзеным артыкуле праходзілі шэсьць сілавікоў: Шахлай, Кохан, Данкоўскі, Лазарчык, Зелянкова і Паўлючэнка. Трое зь іх давалі паказаньні ў судзе. Пры гэтым ніводзін камэнтар у залі не працытавалі.

Чатыры разы ў Ліпеня праводзілі ператрусы, пад катаваньнямі прымусілі разблякаваць мабільны тэлефон. Міліцыянты ж у судзе жаліліся на страту здароўя, моцныя эмацыйныя перажываньні, ад некаторых «адвярнуліся сябры і знаёмыя», ім «страшна было выходзіць на вуліцу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG