Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ публікуюць новыя дадзеныя ў расьсьледаваньні крушэньня рэйсу MH-17


Сэпаратысты ля рэштак лайнэра рэйсу MH-17
Сэпаратысты ля рэштак лайнэра рэйсу MH-17

Адзін з галоўных падазраваных у справе аб катастрофе пасажырскага «Боінга» ў небе над Данбасам летам 2014 году Сяргей Дубінскі на працягу некалькіх гадзін пасьля крушэньня ня ведаў пра тое, што здарылася.

Пра гэта паведамляе нідэрляндзкая тэлерадыёкампанія NOS са спасылкай на праслуханыя тэлефонныя размовы.

Адзін з галоўных падазраваных у справе аб катастрофе пасажырскага «Боінга» ў небе над Данбасам летам 2014 году Сяргей Дубінскі на працягу некалькіх гадзін пасьля крушэньня ня ведаў пра тое, што здарылася. Пра гэта паведамляе нідэрляндзкая тэлерадыёкампанія NOS са спасылкай на праслуханыя тэлефонныя размовы.

Дубінскі быў намесьнікам так званага міністра абароны «ДНР» Ігара Стралкова-Гіркіна. У рамках расьсьледаваньня былі вывучаныя тысячы тэлефонных званкоў Дубінскага да, падчас і пасьля катастрофы лайнэра «Малайзійскіх авіяліній», піша NOS. Перамовы, як сьцьвярджаецца, перахапілі ўкраінскія спэцслужбы. Больш за дзясятак запісаў былі апублікаваныя Міжнароднай сьледчай групай.

Аналіз перамоваў, зьмест якіх не разгалошваўся, дазваляе казаць, што ўплыў Расеі на сэпаратыстаў у Данбасе ўзрастаў з пачатку ліпеня 2014 году, піша NOS. Масква, як сьцьвярджаецца, была ўцягнутая ў ваенна-стратэгічныя рашэньні. Прарасейскія сэпаратысты, паводле сьледзтва, атрымлівалі ў той час сродкі сувязі, абароненыя ад праслухоўваньня. Да паставак апаратуры, як сьцьвярджаецца, мела дачыненьне ФСБ.

У дзень авіякатастрофы 17 ліпеня Дубінскі паведаміў, што мае непасрэдны кантакт з Масквой, піша NOS. Паводле дадзеных журналістаў, яго камандзір Ігар Стралкоў-Гіркін вёў перамовы з расейскім бокам «на найвышэйшым узроўні».

На запісах чуваць, як у той самы дзень Дубінскі кажа пра ракетную ўстаноўку «Бук» на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі. Паводле Дубінскага, зброя была неабходная для барацьбы з нападамі зьнішчальнікаў Украіны ў раёне гораду Марынаўка. Паводле дадзеных сьледзтва, менавіта ракетай з «Бука» быў зьбіты пасажырскі самалёт.

Прыкладна праз паўгадзіны пасьля крушэньня «Боінга» ў небе над Данбасам Дубінскі, як вынікае з праслухоўваньня, даведаўся ад сэпаратыстаў, што яны нібыта зьбілі ўкраінскі зьнішчальнік. Намесьніку міністра абароны «ДНР» спатрэбілася амаль дзьве гадзіны для таго, каб высьветліць, што ў гэты самы час быў зьбіты пасажырскі самалёт. Дубінскі запатрабаваў тлумачэньняў. Яго калегі адказалі, што «Боінг» быў зьбіты ўкраінскім вайсковым самалётам. Пасьля гэтага сэпаратысты нібыта зьбілі з «Бука» зьнішчальнік. З праслухоўваньня незразумела, хто менавіта аддаў загад страляць з «Бука».

Пра тое, што сэпаратысты нібыта зьбілі ўкраінскі зьнішчальнік, паведаміў 17 ліпеня 2014 году, пасьля катастрофы «Боінга», паблік «Зводкі ад Стралкова Ігара Іванавіча». Пасьля таго, як стала вядома, што разьбіўся «Боінг», запіс быў выдалены, аднак ён пасьпеў шырока разысьціся ў Сеціве.

Выказаная сэпаратыстамі вэрсія аб тым, што лайнэр зьбілі вайскова-паветраныя сілы Ўкраіны, легла ў аснову пазыцыі Мінабароны Расеі. Пры гэтым рада бясьпекі Нідэрляндаў сьцьвярджае, што паблізу рэйсу MH-17 не было іншых самалётаў.

Пазьней расейскі бок адмовіўся ад вэрсіі з украінскім самалётам і пачаў сьцьвярджаць, што «Боінг» сапраўды зьбілі з «Бука», але ракетай больш старой мадыфікацыі. Яны былі зьнятыя з узбраеньня расейскай арміі ў 2011 годзе, але засталіся ў распараджэньні ўкраінскай арміі. Міжнароднае сьледзтва гэтую вэрсію адпрэчыла. У запісе размоваў Дубінскага прыналежнасьць ракетнага комплексу не абмяркоўваецца.

Той факт, што Дубінскі і яго саўдзельнікі маглі ня ведаць, па якой мішэні выпусьцілі ракету, ня мае значэньня для абвінавачаньня, адзначаецца ў публікацыі.

У выніку катастрофы «Боінга» 17 ліпеня 2014 году загінулі 298 чалавек — большасьць грамадзяне Нідэрляндаў. Абвінавачаньні высунутыя супраць чатырох чалавек, якія мелі дачыненьне да сэпаратыстаў. Трое зь іх грамадзяне Расеі, адзін — грамадзянін Украіны. Суд у Нідэрляндах пачаўся ў сакавіку 2020 году. Усе яны адпрэчваюць дачыненьне да авіякатастрофы. Ніводзін зь іх не зьявіўся ў суд. Толькі адзін абвінавачаны — Алег Пулатаў — прадстаўлены адвакатамі. Яго прадстаўнікі не адказалі на запыт NOS з просьбай аб камэнтарах.

  • Сьледзтва лічыць даказаным, што самалёт быў зьбіты з устаноўкі, якая належала расейскім вайскоўцам.
  • Пакуль ня высьветлена, хто менавіта аддаваў загад страляць па самалёце, а таксама ці была атака на пасажырскі самалёт наўмыснай, або яго зьбілі праз памылку.
  • Расейскія ўлады адмаўляюць якую-небудзь датычнасьць да катастрофы «Боінга».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG