Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць доступ да сайтаў, пазбаўляць акрэдытацыі, прыцягваць да адказнасьці


Рамкі для дзейнасьці журналістаў у Беларусі яшчэ больш звужаюцца
Рамкі для дзейнасьці журналістаў у Беларусі яшчэ больш звужаюцца

Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як вынікае з дакумэнту, будуць пашыраныя абавязкі юрыдычных асобаў, якія зьяўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізычным і юрыдычным асобам выступаць у якасьці заснавальніка СМІ пасля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выданьня такое абмежаваньне вызначылі 3 гадамі.

Сярод падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі называюцца наступныя прычыны:

  • назва СМІ супадае або падобная да назвы выданьня, у дачыненьні да якога прынята рашэньне аб спыненьні выпуску;
  • назва сеткавага выданьня не супадае з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу;
  • галоўны рэдактар ня мае права паводле закону займаць такую пасаду.

Таксама ў праекце дакумэнту пашыраны сьпіс падставаў для спыненьня выпуску СМІ:

  • вынясеньне цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці паведамленьняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны прывесьці да ўзнікненьня пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Зьявіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, на рашэньне Міністэрства інфармацыі гэта дазволена ў наступных выпадках:

  • публікацыя забароненай да распаўсюду інфармацыі;
  • вынясеньне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам году двух і больш патрабаваньняў, а ўладальніку сеткавага выданьня — пісьмовых папярэджаньняў;
  • невыкананьне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабаваньняў органа дзяржкіраваньня аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб СМІ або неперадачы ў гэты орган пацьвярджальных дакумэнтаў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі пра наяўнасьць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, пашырэньне якіх пагражае нацыянальнай бясьпецы.

Рашэньне пра абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выданьня за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці ці заклікі да такой дзейнасьці, будзе прымацца на падставе пастановаў генпракурора, пракурораў абласьцей і Менску.

Законапраект забараняе СМІ і інтэрнэт-рэсурсам публікаваць вынікі апытаньняў адносна грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, рэфэрэндумаў і выбараў, калі няма адпаведнай акрэдытацыі. Нельга ўказваць і гіпэрспасылкі на матэрыялы, распаўсюд якіх у СМІ забаронены.

Акрамя таго, пералічаныя новыя патрабаваньні да журналістаў:

  • паведамляць галоўнаму рэдактару пра магчымыя пазовы ды іншыя прадугледжаныя заканадаўствам патрабаваньні ў сувязі з распаўсюдам падрыхтаванага матэрыялу;
  • выконваць абмежаваньні на правядзеньне перадвыбарчай агітацыі, адклiканьня дэпутата, чальца Савету Рэспублікі, вызначаныя выбарчым заканадаўствам;
  • атрымліваць згоду галоўнага рэдактара на падрыхтоўку матэрыялаў для іншых СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў;
  • не дапускаць фактаў парушэньня прафэсійнай этыкі журналістаў і агульнапрынятых нормаў маралі.

Журналісту таксама забаронена выкарыстоўваць яго правы і становішча ў мэтах утойваньня ці фальсыфікацыі інфармацыі, зьбіраць зьвесткі на карысць трэцяй асобы або арганізацыі, якая не зьяўляецца СМІ, распаўсюджваць інфармацыю з мэтай зганьбіць паводле прыкметаў полу, узросту, расавай, рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасьці; у сувязі з палітычнымі перакананьнямі, а таксама дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы ўлады.

Супрацоўніка СМІ змогуць пазбаўляць акрэдытацыі, калі ён або рэдакцыя парушылі парадак распаўсюду зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і ганяць дзелавую рэпутацыю чалавека ці арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG