Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад каго яны незалежныя?» Новы міністар інфармацыі пра месца недзяржаўных і замежных СМІ ў Беларусі


Журналісты недзяржаўных СМІ падчас працы ў судах, ілюстрацыйнае фота

Нядаўна прызначаны міністрам інфармацыі Беларусі Ўладзімер Пярцоў агучыў сваю пазыцыю адносна працы замежных і незалежных мэдыя: ведамства ня будзе перашкаджаць, калі іх дзейнасьць не супярэчыць дзяржаўным інтарэсам.

«Калі дзеяньні СМІ або журналіста не супярэчаць, не наносяць шкоды дзяржаве і дзяржаўным інтарэсам, калі яны не займаюцца прапагандай усяго дрэннага, якія да іх пытаньні?» — сказаў Уладзімер Пярцоў у эфіры тэлеканалу АНТ.

Чыноўнік запэўніў, што ў Беларусі «заўсёды былі і будуць апазыцыйныя СМІ», якія так ці інакш не даспадобы чыноўнікам. Аднак, на яго думку, іх крытычныя матэрыялы мусяць быць накіраваныя на карысьць грамадзтва.

«Крытычныя матэрыялы, якія зьяўляюцца ў тым ліку і ў дзяржаўных СМІ, павінны быць накіраваныя на тое, каб жыцьцё станавілася лепшым. Хтосьці пасьля гэтага мусіць зьвярнуць увагу і зрабіць усё магчымае, каб вырашыць праблему ў канкрэтным рэгіёне», — заявіў кіраўнік ведамства.

Пры гэтым Уладзімер Пярцоў выказаў незадаволенасьць фінансаваньнем некаторых СМІ, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі, замежным капіталам.

«У нас дзейнасьць замежных СМІ падаецца як праца незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Але незалежных ад каго? Ад беларускай дзяржавы? Але ў той жа час вельмі залежных ад іншых дзяржаў і фондаў, якія іх спансуюць», — сказаў Пярцоў.

Як ведамства зьбіраецца выстройваць адносіны з падобнымі мэдыя, міністар інфармацыі не ўдакладніў.

Таксама чыноўнік ніяк не адрэагаваў на тое, што ў зьняволеньні застаюцца больш за дзясятак журналістаў, якія пацярпелі за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG