Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: ЗША разглядаюць магчымасьць адпраўкі вайсковых караблёў у Чорнае мора


Вайсковы карабель ЗША
Вайсковы карабель ЗША

Па дадзеных крыніцы ў Пэнтагоне, караблі ВМС ЗША могуць адправіць у рэгіён у знак падтрымкі Украіны

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на CNN.

Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць адпраўкі вайсковых караблёў у Чорнае мора ў наступныя некалькі тыдняў, каб падтрымаць Кіеў на фоне росту расейскай вайсковай прысутнасьці побач з усходняй мяжой Украіны. Тэлеканал CNN паведаміў пра гэта ў чацьвер са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША.

Па словах крыніцы, караблі ВМС ЗША час ад часу заходзяць у Чорнае мора, аднак разгортваньне баявых караблёў менавіта ў гэты момант стане свайго роду папераджальным сыгналам для Масквы.

У адпаведнасьці з дамовай 1936 году, згодна зь якой Турэччына кантралюе чарнаморскія пралівы, ЗША абавязаныя паінфармаваць Анкару пра намер увайсьці ў акваторыю Чорнага мора за 14 дзён да заходу караблёў. CNN не ўдалося высьветліць, ці было адпраўленае адпаведнае паведамленьне.

Прадстаўнік Пэнтагону таксама паведаміў, што ВПС ЗША працягваюць палёты выведных самалётаў у міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам для назіраньня за дзейнасьцю ВМФ Расеі і рухамі расейскіх войскаў у Крыме.

Хоць ЗША афіцыйна не разглядаюць канцэнтрацыю расейскіх войскаў ля ўкраінскай мяжы як падрыхтоўку да наступу, суразмоўца CNN удакладніў, што «калі нешта зьменіцца, мы будзем гатовыя адрэагаваць».

Адміністрацыя Джо Байдэна і міжнародная супольнасьць ужо неаднаразова выказвалі занепакоенасьць ростам напружанасьці ў адносінах паміж Украінай і Расеяй. За апошнія тыдні прэзыдэнт Джо Байдэн, дзяржсакратар Энтані Блінкен, міністар абароны Лойд Остын, старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Марк Мілі і дарадца Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван абмяркоўвалі сытуацыю са сваімі ўкраінскімі калегамі.

У чацьвер прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі заявіла, што адміністрацыя «сурʼёзна занепакоеная» дзеяньнямі Расеі. Псакі таксама адзначыла, што ЗША абмяркоўваюць перасоўваньне расейскіх войскаў у рэгіёне з саюзьнікамі па NATO.

«Цяпер Расея мае больш войскаў на мяжы з Украінай, чым мела калі-небудзь пасьля 2014 году, — канстатавала прэсавая сакратарка Белага дому, — Толькі на гэтым тыдні былі забітыя пяць украінскіх салдат — гэта вельмі небясьпечныя прыкметы», — заявіла Джэн Псакі.

Прэсавы сакратар Пэнтагону Джон Кірбі заявіў на гэтым тыдні, што «усе бакі мусяць выконваць менскія пагадненьні», а Расея мусіць «паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны».

У сваю чаргу Масква абвінавачвае Кіеў у нагнятаньні напружанасьці і ў правакацыйных дзеяньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG