Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна разглядае сяброўства ў NATO як адзіны шлях да міру на ўсходзе краіны. Крэмль: гэта толькі пагоршыць сытуацыю


Вайсковы парад у Кіеве ў Дзень Незалежнасьці, 24 жніўня 2018. Архіўнае фота
Вайсковы парад у Кіеве ў Дзень Незалежнасьці, 24 жніўня 2018. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што прысутнасьць NATO ў Чарнаморскім рэгіёне зьяўляецца моцным фактарам стрыманьня Расеі, а ўступленьне Ўкраіны ў Паўночна-атлянтычны альянс — адзіным шляхам для заканчэньня вайны на ўсходзе краіны.

«Мы імкнёмся рэфармаваць нашу армію і абаронны сэктар, але аднымі рэформамі Расею не спыніць. NATO — гэта адзіны шлях да заканчэньня вайны на Данбасе», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў размове з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам.

Нагодай для тэлефоннай размовы ўкраінскага прэзыдэнта і генсакратара NATO стала абвастрэньне сытуацыі наЎсходзе Ўкраіны, а таксама актывізацыя расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў уздоўж межаў з Украінай.

«Плян дзеяньняў да сяброўства ў NATO стане сапраўдным сыгналам для Расеі», — дадаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны падзякаваў за ўвагу альянсу да сытуацыі па бясьпецы ў Чорным моры і заклікаў павялічыць у гэтым рэгіёне сваю прысутнасьць: «Такая сталая прысутнасьць мусіць стаць моцным фактарам для стрыманьня Расеі, якая працягвае маштабную мілітарызацыю рэгіёну і перашкаджае гандлёваму суднаплаўству», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы словы Зяленскага, зазначыў: «Глыбока сумняваемся ў тым, што гэта дапаможа Ўкраіне справіцца са сваёй унутранай праблемай — на нашу думку, гэта яшчэ больш пагоршыць сытуацыю. Таму што, кажучы аб уступленьні ў NATO, нельга абстрагавацца ад думкі людзей, а калі вы спытаеце меркаваньне мільёна людзей у самаабвешчаных рэспубліках, сяброўства ў NATO зьяўляецца для гэтых людзей непрымальным».

Украіна з 2005 году вядзе паскораны дыялёг аб далучэньні да пляну дзеяньняў да сяброўства ў NATO. У 2008 годзе Ўкраіна накіравала адпаведны ліст у альянс, але ўжо ў 2010 годзе тагачасны прэзыдэнт Віктар Януковіч ануляваў усе ўкраінскія структуры, якія адказвалі паўночнаатлянтычную інтэграцыю краіны.

Летась Украіна атрымала статус партнэра пашыраных магчымасьцяў NATO, які адкрывае больш шырокі доступ украінскага войска да ўсіх праграмаў і вучэньняў альянсу. Кіраўніцтва Ўкраіны разьлічвае сёлета атрымаць і плян дзеяньняў да сяброўства ў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG