Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патэнцыйна немінучы крызіс»: ЗША патрабуюць ад РФ растлумачыць «правакацыі» на мяжы з Украінай


Украінскі вайсковец на лініі фронту ў Данбасе, 5 красавіка 2021

ЗША лічаць паведамленьні аб перамяшчэньні расейскіх вайскоўцаў на мяжы Украіны «вартымі даверу» і просяць Маскву растлумачыць «правакацыі».

Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, паведамляе Reuters. «Мы заклікаем Расею ўстрымацца ад эскаляцыі. Мы папрасілі растлумачыць гэтыя правакацыі», — сказаў Прайс. Паводле яго, «расейцы на працягу даволі доўгага часу імкнуліся палохаць і запалохваць сваіх суседзяў».

Reuters адзначае, што паведамленьні аб нарошчваньні і перамяшчэньні расейскіх войскаў на мяжы з усходняй Украінай сталі апошнім пунктам напружанасьці ў амэрыканска-расейскіх адносінах менш чым праз тры месяцы пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

У канцы сакавіка амэрыканскае выданьне The New York Times са спасылкай на неназваных суразмоўцаў паведаміла аб перакідваньні да ўкраінскай мяжы каля 4000 расейскіх вайскоўцаў. Паводле яго зьвестак, Эўрапейскае камандаваньне ўзброеных сіл ЗША павысіла ўзровень назіраньня за сытуацыяй з «магчымага крызісу» да «патэнцыйна немінучага крызісу» — самай высокай адзнакі, адрэагаваўшы на тое, што Расея ня вывела войскі з памежнага з Украінай рэгіёну пасьля вучэньняў, якія скончыліся 23 сакавіка. А ў сацсетках зьявіліся паведамленьні, што Масква перакідае дадатковыя войскі ў Бранскую, Варонескую і Растоўскую вобласьці, а таксама на тэрыторыю анэксаванага паўвострава Крыму.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адрэагаваў на паведамленьні словамі аб тым, што Расея перамяшчае ўзброеныя сілы «ў межах сваёй тэрыторыі паводле свайго меркаваньня» і «гэта не павінна нікога турбаваць». Просьбу Дзярждэпартамэнту ЗША даць тлумачэньні з нагоды перамяшчэньня войскаў у Расеі ў Крамлі наогул ня сталі камэнтаваць: маўляў, усё ўжо сказана, дадаваць няма чаго.

ЗША прывялі свае войскі ў Эўропе ў баявую гатоўнасьць з прычыны канцэнтрацыі расейскіх войскаў паблізу мяжы з Украінай. Гэта адбылося на фоне абвастрэньня канфлікту на Данбасе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG