Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна больш не разглядае Беларусь як перамоўную пляцоўку ў пытаньні ўзброенага канфлікту на Данбасе


Аляксей Рэзьнікаў

Украінская дэлегацыя ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) будзе шукаць іншую краіну для перамоваў, бо давер да Беларусі страчаны.

Пра гэта заявіў намесьнік прэм’ер-міністра, міністар рэінтэграцыі Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у этэры праграмы «Свабода слова» на тэлеканале ICTV. Ён перакананы, што цяпер афіцыйны Менск знаходзіцца пад уплывам Расеі.

«Мы катэгарычна заявілі, што ня будзем удзельнічаць у пасяджэньнях ТКГ, калі сёньня карантынныя абмежаваньні раптам скончацца і будзе прапанавана працягваць кансультацыі, як і раней, у Менску. Мы растлумачылі, што ўкраінская дэлегацыя не накіруе сваіх чальцоў у Менск для сустрэч у рэальным жыцьці. Нам усё роўна давядзецца шукаць іншую краіну і іншы горад».

Паводле слоў Рэзьнікава, цяпер у Беларусі «дамінуе пэўная прарасейская і антыўкраінская думка».

26 сакавіка ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны, частка якіх знаходзіцца пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў, у выніку абстрэлу расейскімі акупацыйнымі сіламі загінулі чатыры вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны, яшчэ двое атрымалі раненьні.

Прэзыдэнт краіны Ўладзімер Зяленскі даручыў прадстаўнікам у Трохбаковай кантактнай групе ініцыяваць тэрміновае пасяджэньне падгрупы па бясьпецы, а таксама тэрмінова абмеркаваць праблему на ўзроўні дарадцаў лідэраў «Нарманскага фармату».

Увечары 31 сакавіка ўкраінская дэлегацыя ў ТКГ паведаміла ўдзельнікам сустрэчы, што Расея адхіліла ўсе просьбы спыніць агонь на фронце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG