Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ўкраіна ўключыла беларускі фактар у стратэгію сваёй ваеннай бясьпекі. Што кажуць экспэрты


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе, 2018 год.
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе, 2018 год.

Украіна ўключыла ў сваю стратэгію ваеннай бясьпекі фактар захаваньня Расеяй палітычнага ўплыву на Беларусь. У комплексе зь іншымі ён разглядаецца ня толькі як пагроза далейшай эскаляцыі збройнай агрэсіі супраць Украіны, але і як імавернасьць новага міжнароднага збройнага канфлікту ў Эўропе.

У прыватнасьці, гаворка ідзе аб патэнцыйнай пагрозе дэстабілізацыі сытуацыі на Балканах, у Балта-Чарнаморскім регіёне, Каўказе і Ўсходняй Эўропе.

Сярод іншых чыньнікаў у стратэгіі ваеннай бясьпекі называюць акупацыю Расеяй часткі тэрыторый Грузіі і Ўкраіны, мілітарызацыю Крыму, перашкоды свабоднаму суднаходзтву ў Чорным і Азоўскім морах, расейскую прысутнасьць у Прыднястроўі, нарошчваньне Расеяй па пэрымэтры межаў наступальных вайсковых фармаваньняў і правядзеньне маштабных вайсковых вучэньняў.

Стратэгію ваеннай бясьпекі сваім указам 25 сакавіка зацьвердзіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. У ёй вызначаныя мэты, прыярытэты і задачы дзяржаўнай палітыкі ў ваеннай сфэры, абароне і ваенным будаўніцтве.
Украінскі вайсковы экспэрт Ігар Казій лічыць лягічнай такую рэакцыю ўлады Ўкраіны на сытуацыю ў Беларусі.

«Ёсьць некалькі складаных аспэктаў. Першы зь іх зьвязаны, скажам так, зь не зусім сяброўскімі заявамі кіраўніка Беларусі на адрас Украіны, хаця, калі згадаць затрыманьне „вагнэраўцаў“, то рыторыка мусіла б быць больш прыязнай. Другі момант — падпісаньне дамоваў з Расеяй, якая зьяўляецца ворагам і праводзіць баявыя дзеяньні і агрэсію супраць Украіны. Стварэньне расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі — гэта патэнцыйная пагроза для Ўкраіны», — патлумачыў экспэрт.

Ігар Казій ацэньвае ўхваленьне стратэгіі ваеннай бясьпекі як пазытыўны крок украінскіх уладаў. «Наколькі ён адчувальны для двухбаковых дачыненьняў зь Беларусьсю — складана сказаць, але мне ён падаецца, хутчэй за ўсё, адэкватным тым рызыкам і выклікам, якія сёньня існуюць», — дадаў ён.

«Дзяржава разглядае ўсе небясьпекі і павінна на іх рэагаваць. Ад таго, што прэзыдэнт перастаў быць прэзыдэнтам, выклікі павялічваюцца ці зьмяншаюцца? Вядома, павялічваюцца. І тое незразумелае становішча, якое цяпер назіраецца на тэрыторыі Беларусі, яшчэ больш выклікае занепакоенасьць, таму што гэтая тэрыторыя можа быць выкарыстана ў якасьці транзыту ў іншую дзяржаву», — падкрэсьліў вайсковы экспэрт Ігар Казій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG