Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын прэзыдэнта ЗША — пра нарказалежнасьць і працу ва ўкраінскай кампаніі «Бурысма»


Джо і Гантэр Байдэны
Джо і Гантэр Байдэны

У інтэрвію BBC сын амэрыканскага прэзыдэнта Гантэр Байдэн расказаў пра барацьбу з наркатычнай і алькагольнай залежнасьцю, падтрымку з боку сям’і і сваю працу ва ўкраінскай газавай кампаніі «Бурысма».

Інтэрвію прымеркаванае да выхаду ягонай аўтабіяграфічнай кнігі Beautiful Things («Усё добрае»).

Матывацыяй для напісаньня кнігі 51-гадовы прадпрымальнік і фінансіст назваў любоў і падтрымку сваёй сямʼі, якая дапамагла яму перамагчы залежнасьць.

«Цяпер мы перажываем дзьве пандэміі — ёсьць пандэмія каранавірусу і ёсьць пандэмія залежнасьці», — заявіў ён.

Пасьля сьмерці свайго брата ад раку ў 2015 годзе ён разьвёўся з жонкай, застаўся адзін і паддаўся старой прыхільнасьці да алькаголю, какаіну і крэку.

Апошні ён рэгулярна купляў проста на вуліцах Вашынгтону.

«Мой брат кагадзе памёр, мы разышліся з жонкай, я застаўся ў кватэры адзін і проста напіваўся да паўсьмерці. Гэта было жудасна», — прыгадвае Гантэр Байдэн.

Аднак увесь гэты час Гантэр адчуваў клопат і падтрымку бацькі, які не даваў яму застацца сам-насам са сваімі праблемамі і заўсёды знаходзіў для яго час.

Паводле яго, у цэнтры жыцьця кожнага алькаголіка або наркамана чагосьці не хапае, і яны хочуць запоўніць гэтую дʼябальскую пустату.

«Нам пара пачаць глядзець на залежнасьць як на псыхічную праблему, а не этычную або маральную», — лічыць ён.

Маці Гантэра, першая жонка Джо Байдэна, загінула ў 1972 годзе ў аўтакатастрофе, якая таксама забрала жыцьцё ягонай сястры.

Ён расказаў, што акрамя непажаданай увагі таблоідаў і нападак ворагаў, яго барацьба з нарказалежнасьцю прынесла яму спачуваньне суайчыньнікаў, якія перажылі падобны досьвед:

«Мне здаецца, у сямʼі Байдэнаў людзі бачаць уласную сямʼю. Яны бачаць гора і страты, але таксама бачаць любоў і шчырасьць. І, мне здаецца, людзі бачаць, што мы ня вельмі моцна адрозьніваемся ад любой іншай сямʼі».

Байдэн-малодшы таксама пракамэнтаваў спрэчкі вакол яго працы ў радзе дырэктараў украінскай газавай кампаніі «Бурысма» ў 2014–2019 гадах.

Яшчэ ў 2015 годзе высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ўбачыў у гэтым прызначэньні патэнцыйны канфлікт інтарэсаў — улічваючы, што ў той момант Джо Байдэн на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ЗША быў куратарам стасункаў з Украінай.

Аднак сапраўдны скандал разгарэўся ў 2019 годзе, калі напярэдадні выбараў прэзыдэнт Дональд Трамп і іншыя рэспубліканцы паспрабавалі прадставіць адносіны сямʼі Байдэнаў з Украінай як грандыёзную карупцыйную схему.

Рэспубліканцы ў Кангрэсе правялі расьсьледаваньне, аднак не знайшлі доказаў уплыву карʼеры Гантэра Байдэна на замежную палітыку адміністрацыі Абамы.

Пераканаць улады Ўкраіны пачаць крымінальную справу супраць Байдэнаў таксама не ўдалося, а тэлефонная размова Трампа з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, у якой абмяркоўвалася гэтае пытаньне, прывяла да імпічмэнту 45-га прэзыдэнта ў Палаце прадстаўнікоў.

У інтэрвію BBC Гантэр Байдэн прызнаў, што імя ягонага бацькі «адчыняла дзьверы, якія не адчыніліся б для іншых», аднак назваў гэта як прывілеем, так і цяжарам.

Ён нагадаў, што займаў аналягічную пазыцыю ў буйным амэрыканскім банку і ніколі ў жыцьці не працаваў на свайго бацьку, а таксама заявіў, што праца ў «Бурысме» не была парушэньнем закону або этыкі з боку яго бацькі і яго самога.

Ён спаслаўся на тое, што ніводзін сьледчы ці паважаны журналіст не знайшоў сьлядоў адваротнага.

Прадпрымальнік расказаў, што запытаў інфармацыю і ўсё праверыў, перш чым прыняць прапанову, але не ўлічыў таго факту, што ў многіх узьнікне двухсэнсоўнае ўражаньне.

Ён таксама пракамэнтаваў пэрспэктывы ўдзелу свайго бацькі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году, калі таму ўжо будзе 82 гады.

«Мой бацька маладзейшы за мяне ў фізычным і разумовым пляне. Я ня ведаю энэргічнейшага чалавека», — кажа Гантэр Байдэн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG