Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія хакеры ўзламалі сайты ўкраінскай газаздабыўной кампаніі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Расейскія хакеры ўзламалі сайты ўкраінскай газаздабыўной кампаніі Burisma, у праўленьне якой уваходзіў сын палітычнага апанэнта Дональда Трампа Джо Байдэна, піша New York Times. Расейскі ўрад і Burisma не камэнтавалі гэтую інфармацыю.​

Пасьпяховыя хакерскія атакі выявіла кампанія па бясьпецы Area 1.

Навошта ўзламваць сайты? Хакеры хацелі знайсьці кампрамат на Гантэра Байдэна, мяркуюць журналісты New York Times. Мяркуецца, што гэта была інфармацыя, якую хацеў атрымаць ад Украіны Трамп, калі настойваў на расьсьледаваньні супраць Burisma і Байдэна. Аднак дагэтуль невядома, ці знайшлі нешта хакеры і што менавіта яны шукалі.

Калі гэта адбылося? Спробы ўзламаць сайты Burisma пачаліся ў лістападзе 2019 году, калі ў ЗША вяліся размовы пра Байдэна, Украіну і імпічмэнт Трампа.

Гэта дакладна расейскія хакеры? Паводле публікацыі, такая тактыка ўзлому расейцаў вельмі падобная да той, якая выкарыстоўвалася падчас узлому электроннай пошты дэмакратаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2016 году.

Узломам сайтаў Burisma займаліся вайсковыя хакеры, якія ўваходзяць у Галоўнае ўпраўленьне выведкі Расеі. Хакеры выкарыстоўвалі фішынгавыя электронныя лісты для крадзяжу лагінаў і пароляў. Яны стварылі фэйкавыя ўваходы на сайды даччыных кампаній Burisma і адпраўлялі супрацоўнікам лісты нібыта ад гэтых кампаній. Так хакеры атрымоўвалі дадзеныя карыстальнікаў.

Як зьвязаная кампанія Burisma зь імпічмэнтам Трампа?

  • Гантэр Байдэн — сын былога віцэ-прэзыдэнта ЗША і кандыдата ў прэзыдэнты Джо Байдэна. У 2014 Гантэр Байдэн стаў адным чальцоў назіральнай рады Burisma, якая належыць украінскаму мільянэру Мікалаю Злачэўскаму. Апошні ў 2015-2016 гадах фігураваў у некалькіх крымінальных справах, у гэты час Генэральнай пракуратурай Ўкраіны кіраваў Віктар Шокін.

  • У 2016 годзе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка папрасіў Шокіна сысьці з пасады, бо яго ведамства не знайшло падтрымкі ў грамадзтве.
  • У 2018 Джо Байдэн распавёў, што пагражаў украінскім лідэрам ня даць крэдыт, калі яны ня звольняць Шокіна.
  • Летась падчас тэлефоннай размовы з Уладзімерам Зяленскім Дональд Трамп казаў, што Байдэн нібыта хваліўся звальненьнем Шокіна. Трамп папрасіў Зяленскага разабрацца з сытуацыяй.
  • Пасьля тэлефоннай размовы кіраўнікоў Украіны і ЗША супрацоўнік амэрыканскай выведкі паскардзіўся на магчымы ціск Трампа на Зяленскага, а ў Кангрэсе ЗША ініцыявалі афіцыйны запыт аб імпічмэнце Трампа.
  • Шокін заявіў, што ў 2016 годзе спыніў расьсьледаваньне супраць Burisma пад ціскам з боку ЗША.
  • 19 сьнежня 2019 году Палата прадстаўнікоў кангрэсу прагаласавала за імпічмэнт Трампа. Яго абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай і перашкодаў замінаньню працы Кангрэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG