Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпічмэнт Дональду Трампу — якія наступныя крокі?


Дональд Трамп
Дональд Трамп

18 сьнежня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за імпічмэнт прэзыдэнту краіны Дональда Трампа. Адбыліся галасаваньні па двух артыкулах абвінавачваньня — у злоўжываньні ўладай і ў перашкодзе працы Кангрэсу. Абодва артыкулы набралі большасьць.

Галасаваньне аказалася чыста партыйным, усе рэспубліканцы галасавалі супраць абвінавачаньня, заканадаўцы-дэмакраты імпічмэнт падтрымалі практычна адзінадушна.

Наступная інстанцыя — Сэнат як суд прысяжных

Цяпер, калі Палата ўхваліла рашэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад улады, абвінавачаньні павінен разгледзець Сэнат падчас слуханьняў, якія нагадваюць судовае пасяджэньне. Старшыняваць на гэтых слуханьнях будзе старшыня Вярхоўнага суду ЗША Джон Робэртс.

Група чальцоў Палаты прадстаўнікоў будзе прадстаўляць на гэтых слуханьнях бок абвінавачаньня, абараняць прэзыдэнта будуць яго асабістыя адвакаты, а сэнатары — выконваюць ролю суду прысяжных.
У Сэнаце 100 чальцоў. Для таго, каб рашэньне аб імпічмэнце было прынятае, за яго павінныя прагаласаваць 67 сэнатараў. Калі яны прымуць такое рашэньне, Дональд Трамп будзе пазбаўлены пасады кіраўніка дзяржавы, а яго месца зойме віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.

Зараз у Сэнаце 53 рэспубліканцы, 45 дэмакратаў і два незалежныя сэнатары, якія звычайна галасуюць як дэмакраты.

Як у Сэнаце рыхтуюцца да абмеркаваньня імпічмэнту

Чакаецца, што разгляд справы аб імпічмэнце ў Сэнаце адбудзецца ўжо ў студзені наступнага году. Паводле Канстытуцыі разгляд справы аб імпічмэнце мае «прывілеяваны» статус, так што Сэнат абавязаны адкласьці ўсе астатнія абмеркаваньні і разгледзець гэтую ініцыятыву ў першую чаргу.

У панядзелак лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумер адправіў у Сенат ліст, папрасіўшы выклікаць на слуханьні чатырох сьведак абвінавачаньня — выканаўцу абавязкаў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Міка Малвэні, былога дарадцу прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, супрацоўніка офісу кіраваньня і бюджэту Майкла Дафі і дарадцу дзейнага кіраўніка адміністрацыі Робэрта Блейра.

Усе яны, на думку дэмакратаў, былі датычныя да прыпыненьня наданьня вайсковай дапамогі Ўкраіне ў памеры 391 мільёнаў даляраў. Гэты сюжэт — адзін з пунктаў абвінавачаньня Трампа, за які прагаласавала Палата прадстаўнікоў. Аднак у аўторак кіраўнік рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконнел адхіліў прапанову дэмакратаў, заявіўшы, што будзе настойваць на разглядзе абвінавачаньняў без выкліканьня дадатковых сьведак.

На што спадзяецца Трамп?

Прэзыдэнт Дональд Трамп у размове з журналістамі сказаў, што хацеў бы хуткага разгляду справы аб імпічмэнце ў Сэнаце. «Я гатовы рабіць усё, што яны хочуць, гэта нічога не значыць» — сказаў ён.

Прэсавая сакратарка Трампа Стэфані Грышэм пракамэнтавала вынікі галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў, назваўшы абвяшчэньне імпічмэнту прэзыдэнту Трампу «кульмінацыяй... аднаго з самых ганебных палітычных эпізодаў у гісторыі нашай краіны». Паводле Грышэм «прэзыдэнт Трамп упэўнены, што Сэнат адновіць парадак, справядлівасьць і належныя прававыя працэдуры, якія былі праігнараваныя Палатай прадстаўнікоў».

Калі Сэнат падтрымае імпічмэнт і Дональд Трамп будзе адхілены ад пасады, гэта не перашкодзіць яму вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG