Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Джо Байдэн? Расказваем, як 77-гадовы палітык з трэцяй спробы займае Белы дом


Байдэн выступае ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, 8 сьнежня 2015
Байдэн выступае ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, 8 сьнежня 2015

Амэрыканскія СМІ назвалі Джо Байдэна пераможцам на выбарах у ЗША 3 лістапада. Дональд Трамп пры гэтым адмовіўся прызнаць сваю паразу.

Байдэн — былы сэнатар, віцэ-прэзыдэнт ЗША пры Бараку Абаму і чалавек, які амаль паўстагодзьдзя правёў у амэрыканскай палітыцы. Ён таксама стаў прэзыдэнтам ЗША самага сталага веку. 20 лістапада яму споўніцца 78 гадоў.

«Настоящее время» расказвае, хто такі Джо Байдэн, як будавалася ягоная палітычная кар’ера.

Родам са штату, дзе вырашаўся лёс выбараў-2020

Джозэф Рабінэт Байдэн-малодшы нарадзіўся ў 1942 годзе ў горадзе Скрэнтан, штат Пэнсыльванія, у каталіцкай сямʼі сярэдняй клясы. Ён быў старэйшы з чатырох дзяцей. Бацькі былі даволі заможныя, але, калі Байдэну споўнілася 13, пасьля некалькіх няўдалых праектаў сямʼя пачала адчуваць фінансавыя цяжкасьці.

Неўзабаве яна пераехала з прамысловай Пэнсыльваніі ў суседні штат Дэлавэр, дзе пасялілася ў горадзе Ўілмінгтане. Там бацька будучага палітыка зарабляў на жыцьцё, перапрадаючы ўжываныя аўтамабілі.

Байдэн рос звычайным для тых месцаў дзіцем: вучыўся ў каталіцкай школе, гуляў у амэрыканскі футбол і бэйсбол. Вучыўся ён не бліскуча, але дзякуючы харызьме і аратарскім здольнасьцям у апошнія два гады школы займаў пасаду прэзыдэнта клясы.

Пасьля заканчэньня школы ён падаўся ва ўнівэрсытэт штату Дэлавэр і вывучыўся на юрыста. Пазьней у Сыракускім унівэрсытэце ў штаце Нью-Ёрк атрымаў ступень Juris Doctor, якая дазваляла яму займацца юрыдычнай практыкай.

Сямейная трагедыя

У 1966 годзе, ва ўзросьце 24 гадоў Байдэн упершыню ажаніўся — з Нэйл Гантэр, таксама студэнткай Сыракускага ўнівэрсытэту. Пазьней пара вярнулася ў Дэлавэр, дзе Байдэн здаў іспыт, неабходны для юрыдычнай практыкі. Да таго часу ў іх ужо было трое дзяцей.

У 1972 годзе Нэйл і дачка Байдэна Наомі, якой быў адзін год, загінулі ў аўтакатастрофе: у той вечар жанчына зь дзецьмі паехала на машыне па пакупкі да Каляд. Старэйшыя сыны Байдэна Гантэр і Бо, якія былі ў той жа машыне, атрымалі раненьні. Аварыя здарылася, калі Байдэну было 29 гадоў і празь некалькі тыдняў пасьля таго, як яго ўпершыню абралі сэнатарам: на той момант ён стаў шостым самым маладым сэнатарам у гісторыі ЗША.

Байдэн з сынамі Бо і Гантэрам на руках, 1972
Байдэн з сынамі Бо і Гантэрам на руках, 1972

Байдэн спачатку заявіў пра намер адмовіцца ад пасады ў Сэнаце, каб глядзець дзяцей пасьля сьмерці жонкі. Але калегі і паплечнікі пераканалі яго гэтага не рабіць. У выніку малады сэнатар атрымаў мянушку Amtrak Joe: яму некалькі гадоў давялося кожны дзень езьдзіць на цягніку з Дэлавэру ў Вашынгтон і назад, разрываючыся паміж працай у Сэнаце і домам, дзе жылі дзеці.

Бо Байдэн, які пайшоў у палітыку ўсьлед за бацькам, памёр ад раку мозгу ў 2015 годзе ва ўзросьце 45 гадоў. Гантэр, якому зараз цяпер 50, на працягу дзесяцігодзьдзяў змагаўся з алькагольнай і наркатычнай залежнасьцю, а яго праца ў радах дырэктараў некалькіх кампаній, у тым ліку ўкраінскай Burisma ў 2014–19 гадах, выклікала шмат пытаньняў і абвінавачаньняў у карупцыі.

Байдэн з сынам Гантэрам, 2010
Байдэн з сынам Гантэрам, 2010

У Белы дом з трэцяй спробы

Усяго Байдэн адпрацаваў у Вашынгтоне амаль паўстагодзьдзя, у тым ліку 35 гадоў сэнатарам і восем гадоў віцэ-прэзыдэнтам пры Бараку Абаму, з 2009 па 2017 год. Хоць за 35 гадоў палітык ні разу не прайграваў выбары ў Сэнат, у ягонай палітычнай карʼеры было дастаткова няўдач.

Сэнатар Байдэн, 1979
Сэнатар Байдэн, 1979

Першы раз ён балятаваўся ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі ў 1987 годзе, калі яму было 46. Але тады ён зьняў сваю кандыдатуру з праймэрыз — пасьля расьсьледаваньня журналістаў пра тое, што ён скарыстаў у сваіх прамовах фрагмэнты выступаў іншых палітыкаў, а таксама сплагіяціў навуковую працу, калі вучыўся на юрыста ва ўнівэрсытэце. З гэтай прычыны, як высьветлілі журналісты, Байдэну давялося наноў праходзіць адзін з курсаў, які выкладчыкі яму не залічылі зь першай спробы.

У 2007 годзе Байдэн зноў высунуў сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты ЗША. Аднак за год кампаніі так і ня змог заваяваць дастатковую падтрымку сярод выбаршчыкаў і паплечнікаў па партыі і зноў зьняў сваю кандыдатуру з праймэрыз. Абвяшчаючы пра гэта, ён сказаў: «Я нікуды не сыходжу і працягну займацца тым, чым займаюся».

У траўні 2008 году стала вядома, што Барак Абама, які на той момант лічыўся найбольш верагодным кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, разглядае кандыдатуру Байдэна як віцэ-прэзыдэнта. У жніўні 2008 году пра гэта было абвешчана афіцыйна.

Джо Байдэн і Барак Абама, 2008
Джо Байдэн і Барак Абама, 2008

Абама двойчы выбіраў Байдэна сваім кандыдатам на пасаду віцэ-прэзыдэнта. Палітычныя экспэрты лічаць, што ў першую чаргу гэта было зроблена з прычыны зьнешнепалітычнага вопыту сэнатара: Байдэн тройчы ўзначальваў сэнацкі камітэт па міжнародных адносінах, шмат езьдзіў за мяжу і ўдзельнічаў у перамовах па пытаньнях гандлю і ядзернага раззбраеньня. Яшчэ ў 1979 годзе ён сустракаўся з кіраўніцтвам СССР, а пасьля распаду Савецкага Саюзу падтрымаў пашырэньне NATO.

Як Байдэн ішоў да пасады прэзыдэнта

Нейкі час здавалася, што заяўка Байдэна на намінацыю 2020 году можа быць паўторам ягоных папярэдніх няўдалых спробаў заваяваць Белы дом: першыя праймэрыз і дэбаты ўнутры Дэмакратычнай партыі ў 2020 годзе не паказвалі ягонага яўнага лідэрства. Аднак у выніку менавіта ён здабыў намінацыю ад сваёй партыі.

Байдэн абвясьціў аб вылучэньні сваёй кандыдатуры на пост прэзыдэнта ЗША ў красавіку 2019 году. Як казалі людзі зь ягонага блізкага кола — рашэньне было прынятае пасьля некалькіх месяцаў ваганьняў і ўжо пасьля таго, як у гонку ўступілі амаль два дзясяткі іншых кандыдатаў.

«Мы вядзем бітву за душу гэтай нацыі», — сказаў Байдэн у відэа, у якім абвясьціў, што пойдзе ў прэзыдэнты. Ён заявіў, што калі Трамп застанецца ва ўладзе яшчэ на чатыры гады, то ён «назаўсёды і фундамэнтальна зьменіць характар гэтай нацыі, тое, хто мы такія». «І я не магу стаяць убаку і глядзець, як гэта адбываецца», — падкрэсьліў ён.

На мітынгу ў Джорджыі 27 кастрычніка палітык разьвіў гэтую думку: «Я ведаю гэтую краіну. Я ведаю нашых людзей. І я ведаю, што мы можам абʼяднацца і вылечыць гэтую нацыю».

Палітычныя аналітыкі падкрэсьліваюць, што Байдэн змог пратрымацца ў палітыцы так доўга таму, што ўмее размаўляць з выбарцамі і заваёўваць іх сымпатыю, у тым ліку праз агульны вопыт асабістых нягод. Байдэн дрэнна выступіў на сваіх першых унутрыпартыйных дэбатах у пачатку і сярэдзіне лютага і часам здаваўся адарваным ад рэальнасьці і дэзарыентаваным. Але неўзабаве пасьля гэтага ён пачаў набіраць ачкі, паступова заваёўваючы галасы маладых выбаршчыкаў — тых самых, якія першапачаткова падтрымлівалі больш левых і лібэральных кандыдатаў, такіх, як Бэрні Сандэрс і Элізабэт Уорэн.

Дэбаты Элізабэт Уорэн і Джо Байдэна
Дэбаты Элізабэт Уорэн і Джо Байдэна

Упор у сваёй кампаніі Байдэн зрабіў на тое, што Трамп ня справіўся з пандэміяй каранавірусу ў ЗША і з гэтай прычыны да канца верасьня ў краіне памерлі больш за 200 тысяч чалавек.

«Той, хто нясе адказнасьць за такую вялікую колькасьць сьмерцяў, не павінен заставацца прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі», — заявіў Байдэн на дэбатах з Трампам 22 кастрычніка.

Абвінавачваньні ў карупцыі і цяжкасьці на пасадзе прэзыдэнта

Падчас прэзыдэнцкай гонкі ў 2020 годзе Трамп спрабаваў прадставіць Байдэна як карумпаванага палітыка, сямʼя якога здабывае выгаду зь ягонага службовага становішча. Гэтыя абвінавачаньні ў асноўным тычыліся працы Байдэна ў якасьці прадстаўніка Абамы ва Ўкраіне, пасьля таго як Расея анэксавала Крым і падтрымала прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе.

Джо Байдэн перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:10 0:00


Празь месяц пасьля таго, як Байдэн пачаў кантраляваць палітыку прэзыдэнта ЗША ва Ўкраіне, сын палітыка Гантэр увайшоў у раду дырэктараў кіеўскай газаздабыўной кампаніі Burisma. Burisma належыць нафтатрэйдэру Мікалаю Злачэўскаму і ягонаму партнэру Мікалаю Лісіну.

Штаб Трампа сьцьвярджаў, што Байдэн загадаў звольніць пракурора Ўкраіны Шокіна, каб спыніць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Burisma. Кампанія Байдэна адпрэчыла гэтае абвінавачаньне. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і ўкраінскія антыкарупцыйныя актывісты падтрымалі Байдэнаву вэрсію падзей.

У верасьнёўскай справаздачы рэспубліканцаў у Сэнаце ЗША гаворыцца, што пасада Гантэра ў радзе дырэктараў Burisma нібыта стварала канфлікт інтарэсаў. Але самі Байдэны сьцьвярджаюць, што ніякіх парушэньняў не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG