Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: красавік


Жан Анарэ Фраганар «Маладая чытачка» 1776 (фрагмэнт)
Жан Анарэ Фраганар «Маладая чытачка» 1776 (фрагмэнт)

Красавіцкія пляны беларускіх недзяржаўных выдавецтваў небагатыя. Гэта вынік у тым ліку і моцнага прэсінгу ўладаў на нацыянальны культурны сэгмэнт.

Трэці месяц заблякаваныя рахункі выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч», вядуцца бясконцыя пошукі гэтак званых экстрэмісцкіх выданьняў, чыняцца судовыя перасьледы за іх распаўсюд і захоўваньне. Але разам з тым кнігагандляры канстатуюць істотны рост попыту на сучасную беларускамоўную літаратуру.

У нашым штомесячным аглядзе – кніжныя навінкі красавіка.

Паэзія

Станіслаў Ежы Лец. «Цынік на прагулцы». Пераклад з польскай Андрэя Хадановіча. Менск, «Логвінаў».

Імя польскага лірыка, сатырыка, празаіка, аўтара афарызмаў добра вядомае чытачам усяго сьвету. Па-беларуску яго знакамітыя «Непрычасаныя думкі» у свой час перастваралі Янка Брыль і Ўладзімер Арлоў. А ў кнігу «Цынік на прагулцы» ўвайшлі найлепшыя вершы і фрашкі з дванаццаці зборнікаў паэта.

Раптам я адплюшчыў вочы,
з песьняй на вуснах ішоў
праз былое гета!

Мільёны жывых, забітых вачэй глядзелі на мяне,
адзін я ішоў мёртвы,
і толькі ўласная кроў,
чырвоная ад сораму,
хвастала мяне па твары.

«Эда. Песьні пра багоў». Пераклад са старажытнаісьляндзкай Яўгена
Папакуля. Менск, «Галіяфы».

Гэтыя строфы з суворай Ісьляндыі трынаццатага стагодзьдзя чытаюцца нібы пра наш час.

Прыйдзе славуты
Хлодзюн нашчадак,
Одзіна сын,
супраць Зьмея змагацца,
земляў ахоўнік
заб’е Мідгардсорма
(людзі павінны
кінуць прытулкі),
ды дзевяць крокаў
зробіць сын Ф’ёргюн
перш, чым бясстрашна
згіне праз Зьмея.

«Песьні пра багоў» – першы поўны пераклад эдычных песень пра мітычных асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў на беларускую мову. У дадатак да тэкстаў кніга ўтрымлівае зьмястоўныя камэнтары да кожнай паэмы, дзе апроч тлумачэньняў падаюцца і цікавыя факты па гісторыі твораў і асаблівасьцях іх перакладу.

«Песьні пра багоў» – першая частка «Паэтычнай Эды», аднаго з шэдэўраў старажытнай скандынаўскай літаратуры. У кнігу ўвайшлі як вядомыя паэмы з «Каралеўскага кодэкса», так і творы з іншых крыніцаў, да якіх рэдка зьвяртаюцца перакладчыкі.

Усяго ў дадзенай сэрыі плянуецца выданьне трох кніг. Апрача названай будзе яшчэ «Эда. Песьні пра герояў» і «Эда Сноры Стурлусана». Так беларускія чытачы змогуць пазнаёміцца з чароўным сьветам скандынаўскай міталёгіі на роднай мове.

Проза

Аляксей Кулакоў. «О погоде говорят, когда больше не о чем». Менск, «Мэдысонт».

Аляксей Кулакоў – сцэнарыст, аўтар кароткай прозы, працуе гукарэжысёрам у менскім тэатры лялек. Гэта яго дэбютная кніга. Раней ён друкаваўся ў часопісе «Маладосьць», у зборніку «Менск назаўжды», у расейскім альманаху «Алиса». Ягоныя апавяданьні на першы погляд успрымаюцца як дзіцячыя, але насамрэч Аляксей Кулакоў балянсуе на мяжы рэальнасьці і фантастыкі.

Нон-фікшн

Сямён Букчын. «Одушевить пережитое в слове». Менск, «Лімарыюс».

Сёлета спаўняецца 80 гадоў знакамітаму публіцысту і пісьменьніку Сямёну Букчыну. Але ж Сямён Уладзімеравіч добра вядомы таксама і як дасьледчык літаратуры, аўтар шматлікіх кніг пра Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, пра іх сувязі з Беларусьсю. У новай кнізе, прымеркаванай да паважнай даты ў жыцьцяпісе аўтара, зьмешчаныя ягоныя артыкулы пра расейскіх пісьменьнікаў рубяжа ХІХ–ХХ стагодзьдзяў.

Чытачу будзе цікава, напрыклад, прачытаць пра тое, якімі бачылі беларусаў і Беларусь Іван Бунін, Мікалай Ляскоў, пра адносіны паміж Максімам Горкім і Адамам Багдановічам. Гэтыя нарысы не ўвайшлі ў вялікі том «Народ издревле нам родной…», які выходзіў у выдавецтве «Лімарыюс» колькі год таму, і кніга «Одушевить пережитое в слове» можа разглядацца як своеасаблівы працяг тэмы вядомага літаратуразнаўцы.

Падзеі

10 красавіка – абвяшчэньне ляўрэата «Глінянага Вялеса», штогадовай літаратурнай прэміі, заснаванай у 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў.

Уручэньне прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Дакладная дата будзе названая пазьней.

«Добрая бібліятэка» – працяг дабрачыннага праекта кнігарні OZ. За першы месяц ініцыятывы сабрана больш за 500 кніг. 350 з іх ужо перададзеныя ў Горадзенскую спэцыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэньнем слыху, грамадзкае аб’яднаньне «Радзіслава» і ў сьледчы ізалятар №5 г. Бабруйска. Прыёмныя боксы «Добрай бібліятэкі» ўсталяваныя ў краме ўцэненых тавараў у Менску на праспэкце Пераможцаў, 3 і ў краме OZ у Горадні на вуліцы Дубко, 17, гандлёвы цэнтр «Oldcity». Паўдзельнічаць у ініцыятыве можа кожны, набыўшы для гэтага новыя кнігі альбо падарыўшы іх з хатняй калекцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG