Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт пратэстоўцаў: што нямецкія сацыёлягі даведаліся пра беларусаў


«Марш новай Беларусі», 23 жніўня 2020
«Марш новай Беларусі», 23 жніўня 2020

Нямецкі дасьледчы інстытут ZoiS правёў апытаньне жыхароў Беларусі, каб ацаніць настроі ў грамадзтве. DW абмеркавала з адным з аўтараў апытаньня, навуковым дырэктарам ZoiS Гвэндалін Засэ, яго вынікі.

Нямецкі Цэнтар ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў (ZoiS) правёў у сьнежні 2020 году онлайн-апытаньне больш як 2000 беларусаў, якія жывуць у гарадах, дзе ня менш за 20 тысяч жыхароў. Навукоўцы хацелі высьветліць, якія сацыяльныя і палітычныя настроі ў беларускім грамадзтве. У канцы сакавіка былі апублікаваныя падрабязныя вынікі дасьледаваньня.

За Ціханоўскую або за Лукашэнку?

65 % апытаных лічаць, што праведзеныя ў 2020 годзе прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя на карысьць дзейных уладаў. 53% прызналіся, што галасавалі за Сьвятлану Ціханоўскую. Як тлумачыць DW навуковы дырэктар інстытута ZoiS Гвэндалін Засэ, сярод выбарнікаў Ціханоўскай пераважалі маладыя беларусы, якія жывуць у буйных гарадах альбо занятыя ў прыватным сэктары.

Галасы за Ціханоўскую аддавалі часьцей за ўсё з пачуцьця пратэсту супраць палітыкі цяперашніх уладаў. «Ціханоўскую выбіралі не за яе палітычную праграму. Большасьць рабіла гэта, каб выказаць сваю незадаволенасьць кіраваньнем Лукашэнкі», — канстатуе прафэсар Засэ.

18% рэспандэнтаў паведамілі, што аддалі свой голас за Аляксандра Лукашэнку. Па словах Засэ, яго выбарнікамі на выбарах 2020 году былі людзі старэйшага ўзросту, якія жывуць у невялікіх гарадах і адчуваюць шчыльную сувязь з Праваслаўнай царквой. Сярод тых, хто галасаваў за Лукашэнку, больш жанчын, чым мужчын.

Прыкладна траціна прызналася ў тым, што рабілі гэта, таму што падзяляюць ягоныя палітычныя погляды. А каля паловы — таму, што не бачылі прымальнай альтэрнатыўнай кандыдатуры. «Усё гэта сьведчыць аб вялікім расчараваньні ў рэжыме і аб тым, што за Лукашэнку галасавалі, перш за ўсё, зусім не таму, што падтрымліваюць яго палітычную праграму», — падкрэсьлівае прафэсарка з Бэрліну.

Партрэт беларускіх пратэстоўцаў

Пры ўсім расчараваньні рэжымам толькі 14% апытаных сказалі, што ўдзельнічалі ў пратэстах. Хоць, дадае навукоўка, гэтая лічба не такая і маленькая: «Калі экстрапаляваць вынікі апытаньня, то гэта прыкладна 700 тысяч чалавек зь пяці мільёнаў беларусаў, якія ўваходзяць у ахопленую дасьледаваньнем узроставую групу. Паводле папярэдніх апытаньняў ZoiS, доля пратэстоўцаў была ў раёне 3-4%. Таму відаць істотны рост. Нельга сказаць, што пратэставала большасьць насельніцтва. Але гэта высокі паказчык».

З тых, хто ўдзельнічаў у вулічных акцыях ці выказваў свой пратэст у іншай форме, траціна — людзі ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў. Большасьць пратэстоўцаў — людзі з добрым узроўнем адукацыі, якія жывуць у буйных гарадах. Колькасьць занятых у прыватным сэктары эканомікі сярод іх было крыху вышэйшай, а мужчын больш, чым жанчын. Сацыёлягі лічаць гэта распаўсюджанай тэндэнцыяй на акцыях пратэсту і тлумачаць яе большай гатоўнасьцю мужчын рызыкаваць.

Большасьць пратэстоўцаў далучыліся да пратэстаў адразу пасьля выбараў у жніўні 2020 году альбо яшчэ да іх. Галоўная прычына, па якой яны вырашылі гэта зрабіць, — гвалт з боку сілавікоў. 20% рэспандэнтаў прызналіся, што рэпрэсіі закранулі непасрэдна іх саміх, іхных сваякоў або сяброў. У асноўным гэта жыхары Менску ці гарадоў на захадзе Беларусі.

Арганізаваная грамадзянская супольнасьць і палітычныя партыі адыгрывалі ў пратэстах 2020 году далёка не галоўную ролю, адзначаецца ў дасьледаваньні. Актывізм быў дэцэнтралізаваным, нізавым. Толькі 4% апытаных маюць сувязі зь няўрадавай арганізацыяй альбо палітычнай партыяй.

Чаму беларусы (не)пратэставалі?

Непрапарцыйнае ўжываньне гвалту супраць пратэстоўцаў турбуе 70% рэспандэнтаў. Больш за траціну апытаных згодныя з патрабаваньнямі пратэстоўцаў і амаль кожны пяты — абсалютна ня згодны. Яшчэ прыкладна ў 20% няма пэўнай думкі на гэты конт. Большасьць беларусаў згодныя з тым, што характар пратэстаў мусіць быць мірным. Пры гэтым колькасьць тых, хто падтрымлівае пратэсты, меншая, чым колькасьць незадаволеных рэжымам, адзначаецца ў дакладзе ZOiS.

У беларусаў вырасла цікавасьць да палітыкі

З падвышэньнем цікавасьці да палітыкі аўтары дасьледаваньня зьвязваюць і тое, што 70% рэспандэнтаў паведамілі, што атрымліваюць інфармацыю найперш з сацыяльных сетак і на беларускіх незалежных онлайн-плятформах. І гэта тычыцца ня толькі людзей маладзейшых. Толькі для дзясятай долі беларусаў дзяржаўныя СМІ служаць асноўнай крыніцай інфармацыі.

«Гэта таксама сьведчыць пра вялікую незадаволенасьць цяперашнім станам справаў, які, аднак, не выкрышталізоўваецца ў адназначную падтрымку пратэстаў або пэўныя ўяўленьні аб тым, якой мусіць быць палітыка ў Беларусі», — падкрэсьліла прафэсарка Засэ у інтэрвію DW.

Большасьць удзельнікаў дасьледаваньня выказаліся за правядзеньне новых выбараў. Кожны пяты — за рэформу Канстытуцыі. Вынікі апытаньня таксама паказваюць, што ўяўленьні беларусаў пра тое, якой павінна быць форма кіраваньня ў краіне, разыходзяцца.

Больш за 40% выступаюць за дэмакратыю. І гэта найперш тыя, хто галасаваў за Ціханоўскую і/або ўдзельнічаў у пратэстах. Прыхільнікі Лукашэнкі, як выявілі нямецкія сацыёлягі, альбо ня ведаюць, якая форма кіраваньня лепшая, альбо аддаюць перавагу аўтакратыі.

Давер да дзяржаўных структураў упаў

Яшчэ адна характэрная рыса беларускага грамадзтва — нізкі ўзровень сацыяльнага даверу, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня. Істотнага росту кансалідацыі ў выніку падзеяў мінулага году яны не назіраюць — толькі 10% беларусаў сталі больш давяраць іншым за апошняе паўгодзьдзе. Сярод іх нямала тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій сілавікоў і адчуў падтрымку.

У той жа час 30% рэспандэнтаў адзначылі зьніжэньне ўзроўню даверу да іншых людзей. Сярод іх нямала прыхільнікаў цяперашняга рэжыму.

Пры гэтым у цэлым узрос узровень недаверу беларусаў да дзяржаўных структур, сілавых органаў і судовай сыстэмы. Ім не давяраюць больш за палову апытаных. Праваслаўнай царкве давяраюць 40%, што на 25% менш, чым у 2015 годзе, калі праводзілася аналягічнае дасьледаваньне. Прыкладна траціна давярае апазыцыйнай Кардынацыйнай радзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG