Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паліцэйская машына зламалася». У Санкт-Пецярбургу не адбыўся суд па скарзе беларуса, які 6 дзён трымае галадоўку пратэсту


Уладзімер Драгун
Уладзімер Драгун

31 сакавіка гарадзкі суд Санкт-Пецярбургу адклаў на неназваны тэрмін паседжаньне, каб разгледзець скаргу мігранта зь Беларусі Ўладзімера Драгуна, які галадае ў вязьніцы.

Актывіст беларускага зямляцтва Ўладзімер Драгун спрабуе апратэставаць арышт на 9 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

«Паліцэйская машына, на якой павінны былі везьці Драгуна са спэцпрыёмніку ў суд, зламалася, у выніку канваіры спазьніліся на гадзіну, але суд ня стаў чакаць і паседжаньне адмяніў», — паведаміў Свабодзе беларускі актывіст з Санкт-Пецярбургу Мікалай, які апякуецца Ўладзімерам Драгуном.

Уладзімера Драгуна судзілі 26 сакавіка ў Васілеастроўскім раённым судзе і прызналі вінаватым у арганізацыі або правядзеньні публічнага мерапрыемства без падачы паведамленьня (частка 2 артыкула 20.2 КаАП РФ). Акцыя адбылася яшчэ ў студзені, відэаролік пра яе зьявіўся 24 студзеня. На відэа бачна, як пяцёра актывістаў сьпяваюць песьню «Падводная лодка» гурту NRM, паміж куплетамі адна з удзельніц акцыі кажа «Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Лосік», «Жыве Беларусь».

23 сакавіка пяцёх актывістаў, у тым ліку Ўладзімера Драгуна, затрымалі паліцыянты. Між тым адпачатку Ўладзімер Драгун настойваў на тым, што ня ўдзельнічаў у запісе. Паводле актывіста, паліцыянты, якія складалі на яго пратакол, зблыталі яго зь іншым чалавекам. Пасьля суду Ўладзімер Драгун абвясьціў галадоўку, а вырак суду абскардзіў.

Чаму адмовіўся ад паслуг лекаркі-беларускі?

Што вядома пра стан здароўя арыштаванага беларуса Ўладзімера Драгуна?

Уладзімер Драгун галадае з 26 сакавіка, з таго часу ён даслаў сябрам некалькі лістоў.

«За мяне не перажывайце, я трымаю галадоўку, бо лічу, што ў гэтых умовах гэта адзіны варыянт законнага процістаяньня», — гэткі ліст Уладзімер Драгун даслаў зь вязьніцы на чацьвёрты дзень галадоўкі. Вязень паведамляў, што ў яго ўпаў ціск, зьявілася «фізычная слабасьць, але не валявая». Той ліст Уладзімер скончыў словамі «Жыве Беларусь» і «Адзін за ўсіх, усе за аднаго».

Яшчэ ў адным лісьце Ўладзімер Драгун зьвярнуўся наўпрост да беларусаў. «Тысячам незаконна асуджаных і дзясяткам тысяч адміністрацыйна арыштаваных беларусаў у разы горш. Мяне тут не катуюць і ня б’юць, маральна ня ціснуць, як гэта адбываецца на нашай шматпакутнай Радзіме. Трымайцеся адзін аднаго», — заклікаў ён зь вязьніцы землякоў.

Вядома, што на ўмовы ў вязьніцы Ўладзімер ня скардзіцца, але ад мэдычнай дапамогі вымушаны быў адмовіцца.

«На трэці дзень арышту ў яго падняўся ціск, і да яго прыйшла лекарка. Яна сказала, што сама зь Беларусі і што яна за Лукашэнку, пасьля чаго Валодзя адмовіўся браць ад яе таблеткі. Яму прапаноўвалі легчы ў бальніцу, але ад гэтага ён таксама адмовіўся, бо гэтыя дні ня пойдуць у лік арышту», — паведаміў Мікалай, сябра Ўладзімера.

Арышт Уладзімера Драгуна мае скончыцца 3 красавіка.

Хто такі Ўладзімер Драгун?

Сябры паведамляюць, што яму 35 гадоў, зь іх стала жыве ў Санкт-Пецярбургу 17 гадоў. Сам родам з Полацку, чым вельмі ганарыцца, адзначаюць сябры. У беларуса падрастае дачка, ён зарабляе на жыцьцё, гандлюючы мэдычным абсталяваньнем.

Апроч Уладзімера Драгуна, Васілеастроўскі раённы суд Санкт-Пецярбургу арыштаваў на сем сутак Юлію Штанько, на пяць сутак Паўла Штанько і Жанну Галееву, а Ягор Мякіньнікаў атрымаў двое сутак арышту і быў вызвалены ў залі суду, бо гэты час ён правёў у аддзеле паліцыі. Што зь імі цяпер?

«Усе, акрамя Валодзі, ужо на волі, але ў Жанны Галеевай 7 красавіка будзе яшчэ адзін суд. Пасьля таго як яны выходзілі з сутак, усіх, акрамя Жанны, адразу затрымлівалі і абвінавачвалі ў парушэньні міграцыйнага заканадаўства, што пагражала ім выгнаньнем. Але абышлося, калі можна так сказаць, — ім выпісалі штраф 5000 рублёў кожнаму. Моцна дапамагла праваабарончая арганізацыя „Апология протеста“, якая ўсіх забясьпечыла бясплатнай юрыдычнай абаронай», — паведаміў сябра Ўладзімера Драгуна Мікалай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG