На Ціханоўскую і BYPOL завялі крымінальную справу «за падрыхтоўку акту тэрарызму»

Генпракуратура абвінаваціла Сьвятлану Ціханоўскую ў «падрыхтоўцы тэракту»
Генпракуратура абвінаваціла Сьвятлану Ціханоўскую ў «падрыхтоўцы тэракту»

Генэральная пракуратура Беларусі пачала крымінальную справу за падрыхтоўку акту тэрарызму.

Пра гэта журналістам дзяржаўных СМІ паведаміў генэральны пракурор Андрэй Швед.

«Генпракуратура на падставе матэрыялаў Камітэту дзяржбясьпекі і МУС распачала ў дачыненьні да Ціханоўскай і ўдзельнікаў так званай ініцыятывы BYPOL крымінальную справу за падрыхтоўку акту тэрарызму арганізаванай групай паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Названыя асобы спрабавалі ўчыніць выбухі і падпалы ў сталіцы і іншых гарадах. Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Маляйчук ужо даў паказаньні пра арганізатараў тэракту», — заявіў ён.

З матэрыялаў праверкі нібыта вынікае, што ў пляны арганізатараў уваходзіла абвінаваціць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады ў гібелі людзей.

Прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтавала «Медиазоне» навіну пра крымінальную справу каротка:

«Проста з жартаў пра Ніка і Майка больш ніхто не сьмяецца, дык Генпракуратура прапануе новы мэм».

Днямі МУС Беларусі заявіла, што ў Печах пад Барысавам апэратыўнікі ГУБАЗіК затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёну, які нібыта рыхтаваў два тэрарыстычныя акты — у мясцовай вайсковай частцы і ў Менску. Там дадалі, што «сьляды вядуць у BYPOL», зь якой затрыманы падтрымліваў шчыльную сувязь.

У сваю чаргу, ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў назвала заяву МУС «абсурднай», бо яшчэ 24 сакавіка яны атрымалі інфармацыю аб падрыхтоўцы ўладамі тэракту, які дазволіць абгрунтаваць увядзеньне надзвычайнага становішча.

Паводле ініцыятывы, 25 сакавіка ў рамках пляну дыскрэдытацыі пратэставага руху Камітэт дзяржбясьпекі рыхтаваў тэракт у адным з будынкаў органаў унутраных спраў.

​
XS
SM
MD
LG