Сьцісла:
- Ніякай істотнай палітычнай ролі сілавікі згуляць ня здольныя
- Гэтых людзей вучаць падпарадкоўвацца загадам, прычым любым загадам
- У беларускай палітычнай і ўладнай структуры сілавыя ведамствы — ня тыя, дзе прымаюцца рашэньні
- Кожны зь сілавікоў будзе апэляваць да таго, што ён толькі выконваў загад, а вінаваты той, хто гэты загад аддаў.
- Улада хацела б адначасова разам з канстытуцыйным рэфэрэндумам правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары
— У СМІ даволі гучна прайшло інтэрвію падпалкоўніка міліцыі Станіслава Лупаносава, былога супрацоўніка ГУБАЗІКа, які жыве цяпер ва Ўкраіне. Ці можна сказаць, што тая нібыта маналітнасьць у сілавых ведамствах, у чым нас спрабуюць пераканаць кіраўнікі сілавікоў, — на самой справе не існуе?
— Безумоўна, ніякай маналітнасьці і жалезабэтоннасьці няма. Бо гэта ўсё ж вельмі вялікія структуры, і там працуюць вельмі розныя людзі з рознымі інтарэсамі і мэтамі. Адпаведна, у іх пазыцыі могуць адрозьнівацца ад афіцыйнай, там прысутнічаюць розныя меркаваньні.
— Проста калі сілавікі чарговы раз хапаюць кагосьці за бел-чырвона-белыя шкарпэткі альбо выцягваюць з кватэраў за крыкі з вакна, то ў людзей, якія становяцца ахвярамі гэтых рэпрэсіяў, няма адчуваньня, што ў сілавых структурах працуюць розныя людзі. У іх адчуваньне, што людзі там вельмі аднолькавыя, якія гатовыя выканаць любы загад.
— Я размаўляў з рознымі людзьмі, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, і пазыцыя ў іх розная, як і розныя ўражаньні. Ёсьць частка сілавікоў, якія сапраўды дэманструюць празьмернае «рвеньне», але ёсьць іншыя, якія імкнуцца, наколькі гэта магчыма, у гэтай сытуацыі пазьбягаць жорсткіх захадаў.
— Як бы там ні было, крыкі «Міліцыя з народам», якія гучалі ў першыя дні жнівеньскіх падзеяў, даволі хутка зьніклі. Ці будуць беларускія сілавікі мець нейкае значэньне падчас палітычных падзеяў, падчас транзыту ўлады, які адбудзецца ў той ці іншай форме? Ці яны ня граюць ніякай самастойнай палітычнай ролі і моўчкі ўспрымуць палітычныя зьмены?
— Ніякай істотнай палітычнай ролі яны граць ня здольныя. У першую чаргу дзякуючы тым псыхалягічным устаноўкам, якія ўбіваюцца ім у галаву цягам службы. Гэтых людзей вучаць падпарадкоўвацца загадам, прычым любым загадам. Таму, найхутчэй, адбудзецца варыянт, які мы бачылі ў краінах Усходняй Эўропы пры пераходзе да дэмакратыі — эканамічны крызіс, розныя інтарэсы ўладных груповак, народныя патрабаваньні пераменаў прыводзілі да нейкага палітычнага паразуменьня, шырокага кампрамісу і пераходу да дэмакратыі.
Сілавы блёк у большасьці выпадкаў быў адсунуты ад выпрацоўкі і прыняцьця палітычных рашэньняў. Таму не выпадае чакаць, што нехта «пяройдзе на бок народу» альбо, наадварот, «будзе адстрэльвацца да апошняга патрона».
— Нядаўна ў аднаго з расейскіх палітолягаў прагучала меркаваньне, што беларускія сілавікі выступяць супраць перамоваў улады з апазыцыяй, бо гэта ім не патрэбна і толькі наблізіць момант прыцягненьня іх да адказнасьці.
— Умешвацца яны ня могуць, бо ў беларускай палітычнай і ўладнай структуры сілавыя ведамствы — ня тыя, дзе прымаюцца рашэньні. Там толькі выконваюцца рашэньні, якія прымаюцца ў іншых месцах.
Іншая справа, што з улікам вялікага аб’ёму інфармацыі, якая ёсьць у спэцслужбаў, яны могуць ускосна ўплываць на нейкія рэчы, гэта як у любой краіне. Але ўявіць, што чыноўнікі і прадстаўнікі ўлады дамаўляюцца пра нешта з апазыцыйнымі палітыкамі, а потым выходзіць нейкі генэрал і кажа, што гэтага ня будзе, — у Беларусі такое немагчыма.
Што тычыцца будучай адказнасьці — кожны зь сілавікоў будзе апэляваць да таго, што ён толькі выконваў загад, а вінаваты той, хто гэты загад аддаў. А галоўныя загады аддаваў адзін чалавек. Таму ўсіх сабак і генэралы, і палкоўнікі будуць імкнуцца павесіць менавіта на яго.
— Як з гэтага гледзішча варта ацаніць перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структураў, якія адбываюцца там нашмат часьцей, чым у іншых ведамствах?
— Гэта можна патлумачыць тым, што не хапае надзейных кадраў, ня толькі ў сілавым блёку, але і ў рэгіёнах. Рэгіянальныя вэртыкалі ўмацоўваюцца сілавікамі, якія даказалі сваю адданасьць, як гэта было з Караевым і Вакульчыкам, якія былі накіраваныя адпаведна на Гарадзеншчыну і Берасьцейшчыну. І там, дарэчы, цяпер адбываецца канфлікт вакол Саюзу палякаў.
— Лукашэнка абвясьціў канстытуцыйную рэформу. Якія вы бачыце варыянты трансфэру ўлады — да якога варыянту імкнецца сама ўлада і што можа зрабіць грамадзтва?
— Улада хацела б, як мне падаецца, адначасова, разам з канстытуцыйным рэфэрэндумам, правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, і правесьці іх старымі кадрамі. Іншая справа, што ў іх ужо ня будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, але будзе ўдзельнічаць чалавек, асабіста ад яго залежны, якога ён здольны будзе кантраляваць. Атрымаць гарантыі пераемнасьці ўлады і паставіць усіх перад фактам. Далей варта будзе чакаць пэўнай палітычнай лібэралізацыі, але памяркоўнай і ня хуткай.
Гэтак выглядаюць на сёньня іхныя пляны. Але любая канстытуцыйная рэформа павінна быць прызнаная грамадзтвам, бо іначай — палітычны крызіс будзе паглыбляцца, тым больш ва ўмовах эканамічных праблемаў, што прывядзе да дэстабілізацыі ўсёй сацыяльнай сыстэмы.
Таму — гэта вельмі вялікі выклік перад уладай, як правесьці гэтую канстытуцыйную рэформу, як забясьпечыць прызнаньне новай Канстытуцыі з боку грамадзтва. Неабходны чыньнік — вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і спыненьне крымінальнага перасьледу людзей, якія вымушаныя былі з палітычных прычынаў пакінуць Беларусь. Іначай проста немагчыма будзе забясьпечыць палітычную легітымнасьць гэтага працэсу.
— Ёсьць яшчэ іншы варыянт — праводзіць канстытуцыйную рэформу без усялякай лібэралізацыі, ва ўмовах працягу рэпрэсіяў, ва ўмовах фактычна ваеннага становішча, што мы назіраем цяпер на вуліцах Менску.
— Я лічу, што яны хочуць пазьбегнуць гэтага варыянту, бо пытаньне для іх ня толькі палітычнае, але перш за ўсё эканамічнае. Відавочна, што ўнутраных рэзэрваў для таго, каб утрымацца хаця б на сёньняшнім узроўні, у эканоміцы няма. Таму трэба абапірацца на зьнешнюю дапамогу. А атрымаць яе, калі ўлада не прызнаная грамадзтвам, сёньня немагчыма. Нават ад Расеі. Бо Расея навучаная прыкладам Януковіча, якому яны далі 3 мільярды даляраў, а новая дэмакратычная ўлада Ўкраіны сказала, што ня будзе несьці адказнасьць за гэтую пазыку, бо гэта фактычна палітычная прыватная пазыка гэтаму чалавеку, а не дзяржаве.
Таму сёньня нават з боку Расеі ёсьць пэўны ціск, каб працэдура транзыту ўлады праходзіла максымальна адкрыта, інклюзіўна і легітымна. Бо Расея таксама зацікаўленая ў стабільнасьці будучай палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
А той сцэнар, які апісалі вы — канстытуцыйная рэформа пад дуламі кулямётаў — гэта яшчэ большая дэстабілізацыя. Гэта прывядзе да новай актывізацыі грамадзтва, але яна ўжо будзе значна больш радыкальнай, чым сёньня.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com