Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада не адчувае, што цалкам задавіла пратэст». Шрайбман пра дылему Лукашэнкі, «Голас» і новую ідэю Латушкі


Менск, 25 сакавіка 2021

Чаму сёлетні Дзень Волі быў такі, які ён быў? Ці будзе ўлада закручваць гайкі і надалей? Якія пэрспэктывы закліку Латушкі забіраць банкаўскія ўклады?

На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Што адбылося 25 сакавіка?

  • Вулічная фаза пратэсту, якую мы назіралі летась, падаўленая
  • Гэта ня значыць, што пратэст памёр, што ён не адновіцца
  • Але спадзевы на веснавую хвалю наўрад ці матэрыялізуюцца
  • Я не чакаю, што ў бліжэйшыя месяцы мы ўбачым адраджэньне пратэстаў
  • Пратэсты, як і я цяпер, пайшлі на дэмбель, але і мяне, і іх могуць прызваць ізноў
  • Незадавальненьне ўладай, непрызнаньне легітымнасьці абраньня Лукашэнкі нікуды не падзеліся ў значнай часткі грамадзтва, калі ня ў большасьці
  • Цана выхаду на вуліцу сёньня велізарная, магчыма, самая высокая за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі
  • А вера ў перамогу шляхам мірных вулічных пратэстаў сёньня не на вышыні, у тым ліку і ў пратэставага актыву
  • У разрыве паміж настроямі шырокага апазыцыйнага поля ў Беларусі і настроямі дыяспары і ляжыць праблема

Успамін пра жнівень-2020

  • 12–13 жніўня 2020 году былі вельмі сьвежыя эмоцыі наконт гвалту ў першыя дні пасьля выбараў
  • І менавіта гэта, а не фальсыфікацыі на выбарах, было каталізатарам таго, што незадавальненьне вылілася на вуліцы
  • Цяпер людзі адаптаваліся да пэўнага ўзроўню гвалту, ён выклікае абурэньне, але не выклікае такіх вострых эмоцыяў
  • Ну, і ўлада сёньня ўсё ж тысячамі людзей у засьценках не катуе
  • Тады быў вельмі важны фактар — ланцугі салідарнасьці жанчын у белым
  • І тады недзе на тыдзень адкрылася вакно магчымасьцяў, калі рэпрэсіяў амаль не было
  • Цяпер няма адчуваньня, што гэтае вакно адчыненае
  • Цяпер улада падтрымлівае адчуваньне, што ня тое што за выхад на вуліцу, а нават за шкарпэткі не таго колеру будзе пакараньне
  • На 25 сакавіка ніхто і не заклікаў да масавай акцыі
  • Ва ўлады банальныя праблемы з аналітыкай. Яны ў тым ліку і ў тым, што яны перасьцерагаліся масавых пратэстаў на 25 сакавіка

Галасаваньне на «Голасе» — «вынік ніжэйшы за сярэдні»

  • Мне здаецца, што лічбы галасаваньня на «Голасе» па прапанове Ціханоўскай наконт перамоваў горшыя, чым чакалі ў яе штабе
  • 750 тысячаў з улікам піяру, які быў вакол гэтай ініцыятывы, — гэта вынік ніжэйшы за сярэдні
  • На хвалі дэмабілізацыі пратэсту спрабаваць паказаць, як шмат прыхільнікаў пераменаў — гэта магло стаць самастрэлам
  • Ціханоўская зараз на «Голасе» сабрала не нашмат больш, чым ёй у жніўні даў ЦВК
  • Я ня бачу наўпроставай сувязі паміж пратэставым патэнцыялам і колькасьцю затрыманых 25 сакавіка
  • Учора затрымлівалі вельмі шмат абсалютна выпадковых мінакоў, іх доля была значна вышэйшая, чым падчас пратэстаў у лістападзе-сьнежні
  • Для новых пратэстаў павінны скласьціся ўмовы, пакуль іх няма
  • Людзі сталі больш упэўненымі ў сваіх поглядах
  • Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ўзровень падтрымкі ўлады не падвысіўся, узровень падтрымкі пратэсту застаўся такі самы, які быў увосень
  • У пэўнага, невялікага кола пратэстоўцаў ёсьць пэўнае расчараваньне ў Сьвятлане Ціханоўскай, але яно не ператвараецца ў сымпатыі да Лукашэнкі

Дылема Лукашэнкі: закручваць ці адкручваць гайкі

  • Я ня думаю, што ўлада зараз адчувае, што яна цалкам здушыла пратэст
  • Гледзячы па яе паводзінах 25 сакавіка, яна так сябе не адчувае, яна чакала нечага іншага
  • Пасьля поўнага сыходу пратэсту з вуліцаў павінна прайсьці некалькі месяцаў, да году, каб сілавая машына і сам Лукашэнка супакоіўся
  • Пасьля 2010 году для выхаду на траекторыю дээскаляцыі спатрэбілася пару гадоў
  • Тады ціск на СМІ, на праваабаронцаў, брутальнасьць міліцыі на масавых акцыях сталі слабець толькі ў 2013–2014 гадах
  • Летась шок і траўма для сыстэмы былі нашмат большыя, чым 10 гадоў таму
  • Вызваленьне 50 палітвязьняў можа спыніць прыняцьцё далейшых санкцыяў, і гэта не абавязкова спародзіць новыя пратэсты, так што ва ўлады ёсьць прастора для манэўру
  • Лукашэнка наўрад ці пойдзе на дээскаляцыю, пакуль ня выбудуе дакладную траекторыю транзыту ўлады

Заклік Латушкі мяняць рублі на даляры і забіраць банкаўскія ўклады

  • У жніўні 2020 году людзі пайшлі ў абменьнікі, і Нацбанк быў вымушаны выкінуць больш за мільярд даляраў на валютныя інтэрвэнцыі, хоць вялікую дэвальвацыю ён тады прадухіліў
  • Чакаць, што зараз людзі адрэагуюць на заклік Латушкі мацней, чым у жніўні летась, я б ня стаў
  • Але ёсьць адчуваньне надыходу фінансавага крызісу, нечага падобнага да 2011 году
  • І вось далей чуйныя беларусы могуць і пабегчы ў абменьнікі. І не на заклік Латушкі, а таму, што адчуюць — прыйшоў час туды бегчы
  • Але калі гэта адбудзецца, не відавочна, што гэта падарве сыстэму
  • Гэта падарве кіраванасьць і зьнізіць падтрымку Лукашэнкі, але ці прывядзе гэта да пратэставай мабілізацыі?
  • Хуткае зьбядненьне можа прывесьці да высілкаў дзеля ўласнага выжываньня, а не да супольных намаганьняў зрынуць уладу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG