Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Честные люди»: За грамадзянскую пазыцыю пацярпелі больш за 1,1 тысячы студэнтаў і выкладчыкаў


Пратэст студэнтаў каля БДУ 26
Пратэст студэнтаў каля БДУ 26

Зь верасьня мінулага году больш за 1100 студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх ВНУ пацярпелі за сваю грамадзянскую пазыцыю, паведамляе БелаПАН са спасылкай на справаздачу грамадзянскай ініцыятывы «Честные люди».

Паводле яе інфармацыі, з пачатку гэтага навучальнага году рознага кшталту ціск зазналі як мінімум 1050 студэнтаў і 78 выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў краіны.

«Прадстаўнікам акадэмічнай супольнасьці пагражаюць, пазбаўляюць стыпэндыі і месца ў інтэрнаце, звальняюць і адлічваюць», — гаворыцца ў паведамленьні.

Так, згодна са зьвесткамі ініцыятывы, былі адлічаныя 243 студэнты (зь іх 19 адноўленыя), вымовы ці заўвагі атрымалі 274 асобы. Зафіксаваныя 723 выпадкі прафіляктычных гутарак або пагроз, 105 выпадкаў пазбаўленьня стыпэндыі ці месца ў інтэрнаце.

За няпоўныя сем месяцаў 31 выкладчык пакінуў ВНУ празь непрацяг кантракту або звальненьне, вымовы і заўвагі атрымалі 10 прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці, праз пагрозы або прафіляктычныя гутаркі прайшоў 51 выкладчык.

Як паведамлялася, з 1 верасьня і да канца 2020 году ў вядучых ВНУ краіны практычна штодня праходзілі акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся ўнутры будынкаў (на лесьвічных пралётах, у холах), а таксама ля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі ў ладкі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

За выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі студэнтаў пачалі адлічваць, а выкладчыкам пагражаць звальненьнем. Пры гэтым адміністрацыі ВНУ выкарыстоўвалі для адлічэньняў і звальненьняў фармальныя падставы ў выглядзе прагулаў заняткаў. У знак пратэсту супраць ціску кіраўніцтва прыблізна 20 выкладчыкаў пакінулі сваё працоўнае месца добраахвотна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG