Дата дня
30 сакавіка 1953 году нарадзіўся Валеры Масьлюк, тэатральны рэжысэр, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя, адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту.
Валеры Масьлюк — адзін з найбольш цікавых і сьмелых тэатральных рэжысэраў Беларусі 1980–1990-х гадоў.
Ён зьявіўся на сьвет у адзін з мною год у прыгараднай полацкай вёсцы. У дзяцінстве мы бегалі па адных сьцежках, купаліся ў адной Дзьвіне і, магчыма, разам удзельнічалі ў бойках «гарадзкіх» зь «дзеравенскімі», але нашыя дарогі сышліся толькі ў 1980-м. Тады ён, нядаўні выпускнік рэжысэрскага факультэту менскай «тэатралкі», паставіў на сцэне Беларускага тэатру імя Якуба Коласа спэктакль «Клемэнс» паводле п’есы літоўца Казіса Саі. Я езьдзіў на гэтую пастаноўку пяць разоў. Прыпавесьць Саі ў Валеравым прачытаньні поўнілася рызыкоўнымі падтэкстамі. Яна дыхала свабодай і ўспрымалася як выклік ціхай барталямэеўскай ночы брэжнеўскага застою. У адной зь песьняў на вершы Алеся Разанава, што гучалі ў спэктаклі, сьпявалася:
І гэты час,
і гэты лад
— не назаўсёды...
Потым Масьлюк ставіў Шэксьпіра й Гогаля, Дурэнмата і Ўільямза... За пастаноўку быкаўскага «Знаку бяды» ён у 1986 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Ягоныя яркія відовішчныя спэктаклі былі мэтафарычнымі й асацыятыўнымі, народжанымі сучаснай тэатральнай эстэтыкай.
Шмат хто перакананы, што Купалавы «Тутэйшыя» прыйшлі на сцэну дзякуючы Міколу Пінігіну, але насамрэч першую пастаноўку ажыцьцявіў у 1982-м на сцэне Магілеўскага абласнога тэатру Валеры Масьлюк, які, дарэчы, сам выконваў ролю Янкі Здольніка. У яго былі прэстыжныя прэміі й высокія тэатральныя пасады. Ён пісаў таленавітыя п’есы і трапяткія вершы, падобныя да ягоных графічных малюнкаў.
Ягонае жыцьцё, якое Генадзь Бураўкін у прадмове да пасьмяротнай Валеравай кнігі паэзіі, графікі й драматургіі назваў «палётам у нязьведанае», закончылася раптоўна.
У апошніх Валеравых вершах вытанчаную паэзію часта замянялі боль і смутак:
Мы завемся — Беларусы,
Б’ем у грудзі, нібы ў звон,
І скарыліся прымусу,
Узьвялі яго на трон...
Да гэтай раньняй сьмерці найперш прычыніўся глыбокі душэўны разлад, выкліканы беларускай рэчаіснасьцю канца 1990-х, якая бязьлітасна перакрэсьліла мары й ідэалы.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 482-483.
Таксама ў гэты дзень
1814 — Саюзныя войскі антынапалеонаўскай кааліцыі ўвайшлі ў Парыж.
1856 — падпісаная мірная дамова, якая завяршыла Крымскую вайну Расеі зь Вялікай Брытаніяй, Францыяй і Турэччынай.
1867 — у Вашынгтоне падпісаная дамова, згодна зь якой ЗША набылі ў Расеі Аляску за 7,2 мільёна даляраў.
1981 — учынены замах на прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана.
У гэты дзень нарадзіліся
1746 — Франсіска Гоя, гішпанскі мастак.
1844 — Поль Вэрлен, францускі паэт.
1853 — Вінцэнт ван Гог, галяндзкі мастак.
1945 — Эрык Клэптан, адзін з найвыдатнейшых блюзавых гітарыстаў сьвету.
У памяці
1689 — Казімір Лышчынскі, філёзаф зь Берасьця. За трактат «Пра неіснаваньне Бога» Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.
1890 — Іасафат Агрызка, беларускі выдавец, журналіст, грамадзка-палітычны дзеяч.
1992 — Вольга Церашчатава, мастацтвазнаўца, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.
Вольга Васілеўна сама езьдзіла ў экспэдыцыі, дзе лёгка знаходзіла агульную мову й з раённымі начальнікамі, і зь сьвятарамі, і з простымі сялянамі. Яна ўмела браць на сябе адказнасьць. Яна была здольная на фантастычныя рэчы. Немагчыма зразумець, як яна змагла пераканаць міністра культуры Літвы перадаць Беларусі калекцыю з тысячы твораў нашага народнага мастацтва канца ХІХ стагодзьдзя, што, вядома ж, паводле завядзёнкі нашых суседзяў, лічыліся «літоўскімі».
У 1979-м Музэй старажытнабеларускай культуры адчыніўся. Загадчыцай стала Вольга Церашчатава. Яе хапіла і на тое, каб празь некалькі гадоў выдаць сваю манаграфію «Старажытнабеларускі манумэнтальны жывапіс ХІ—ХVІІІ стст.»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 384-385.
2017 — Мікола Рыжы, вядомы беларускі ілюстратар і мастак філятэлістычнай прадукцыі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com