Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У людзях жыве страх вельмі глыбока». Звольненая скрыпачка опэрнага тэатру расказала, чаму зьехала і калі зьбіраецца вярнуцца


Пры канцы кастрычніка скрыпачку беларускага Нацыянальнага тэатру опэры і балету Алу Джыган разам з двума яе калегамі — канцэртмайстрам Рэгінай Саркісавай і альтысткай Аляксандрай Пацёмінай — звольнілі пасьля акцыі салідарнасьці.

Перад пачаткам опэры «Царская нявеста» артысты заявілі са сцэны, што ня могуць быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў краіне. У гэты час нечакана гледачы ў залі засьпявалі «Магутны Божа». Пазьней стала зразумела, што сьпявалі ўдзельнікі «Вольнага хору» — хор нечакана зьяўляецца ў публічных месцах Менску і выконвае кампазыцыі, якія сталі папулярнымі падчас пратэстаў. Пасьля гэтага спэктаклі ў тэатры адмянілі — нібыта праз каранавірус. Тых, хто пасьпеў выступіць са сцэны, звольнілі.

Ала Джыган была вымушана зьехаць зь Беларусі. У эфіры «Настоящего времени» яна апавяла, чаму гэта зрабіла і калі зьбіраецца вярнуцца.

— Я пакінула Беларусь празь месяц пасьля нашага звальненьня. Гэта было рашэньне нялёгкае. З аднаго боку, мая сямʼя, якую я ня бачыла, якая жыве за межамі Беларусі — праз пандэмію цягам году я іх ня бачыла. Калі стала вядома пра тое, што здарылася, дачка адразу ж мне сказала: «Давай я куплю білет, і ты першым самалётам прыляціш да нас». Зь іншага боку, мне хацелася застацца ў краіне, каб ня страціць сувязь зь людзьмі, якія працягваюць змагацца. Але ўсё-такі вырашыла я зьехаць, бо мае сябры, калегі і мае родныя сказалі, што так будзе лепш. Вы самі ведаеце, пэўна, што ў нашай краіне можна атрымаць тэрмін або штраф ці быць затрыманым нават нічога ня робячы. То бок людзі, якія толькі павесілі бел-чырвона-белыя сьняжынкі, сьцяг на ўласнае вакно, могуць быць затрыманымі. Таму я вырашыла зьехаць.

— Вы ня кажаце, дзе знаходзіцеся, у якой краіне?

— Я магу сказаць, я знаходжуся ў Швэйцарыі, тут жыве мая дачка.

— Ці адчуваеце вы сябе ў небясьпецы цяпер?

— Не, вядома. Там, дзе я цяпер, я сябе не адчуваю ў небясьпецы. Больш за тое, цяпер вырашаецца пытаньне пра падаўжэньне майго знаходжаньня тут, бо віза ў мяне скончылася, і мясцовыя ўлады паставіліся з разуменьнем да гэтага. Але сказаць, каб я моцна адчувала небясьпеку ў сябе ў краіне, таксама нельга. Але зноў жа, я вяртаюся да таго, што я сказала раней, цяпер такая абстаноўка, апошнія шэсьць месяцаў, што любы чалавек можа быць затрыманым.

Калі ўжо казаць пра маю сытуацыю, то ў тэатры, калі праходзіла ў нас акцыя, якая была заплянаваная літаральна за тры гадзіны да пачатку, пасьпелі зьвярнуцца да публікі ўсяго некалькі чалавек — канцэртмайстар аркестру Рэгіна Саркісава і яшчэ адна альтыстка. Я не пасьпела сказаць ані слова, бо, з аднаго боку, людзі абураліся, некалькі чалавек, а іншыя людзі казалі: «Дайце сказаць музы́кам». Але на наступны дзень усё роўна нас звольнілі траіх, і мяне ў тым ліку. І ў гэтым немалую ролю, я хацела б пра гэта сказаць, сыгралі людзі, якія пісалі службовыя запіскі, то бок кіраўнікі. Я не адмаўляю таго факту, што я зьбіралася гаварыць, зьвярнуцца, бо ў мяне, як і ў многіх людзей, болем у сэрцы адгукаліся тыя падзеі, якія адбываліся вуліцах, тыя затрыманьні, тыя жорсткія катаваньні, якія прымяняліся да людзей, тое бяспраўе, у якім людзі апынуліся.

— Скажыце, калі ласка, а колькі гадоў вы прарабілі ў гэтым тэатры?

— Ой, страшна сказаць, я прарабіла 37 гадоў.

— Ці вы калі-небудзь маглі б падумаць, што вам давядзецца пакінуць краіну?

— Не. Вы ведаеце, я, вядома, думала, што я скончу сваю карʼеру не такім чынам. У маёй працоўнай кніжцы толькі падзякі, і калі мяне звольнілі з фармулёўкай «за амаральны ўчынак, зьдзейсьнены асобай, якая выконвае выхаваўчыя функцыі», то гэта проста ня ўкладваецца ў галаве.

— Гэта ўпісалі ў працоўную кніжку?

— Так, гэта ўпісалі. І мы, ніводны з нас, ня можам цяпер уладкавацца на працу: то бок з гэтай фармулёўкай нас ніхто ня можа прыняць на працу. Амаральныя тыпы.

— Скажыце, ці нехта з вашых былых калег яшчэ зьехаў зь Беларусі?

— Так, Рэгіна Саркісава зьехала… Ёй паступіў званок з РАУС, і, як стала вядома потым, ёй пагражала 15 сутак. Зьехаў Андрэй Галанаў таксама, дырыжор наш, якога таксама звольнілі з тэатру за ягоны ўдзел у запісе відэа ў падтрымку забастоўкі. Зьехаў Ільля Сільчукоў, наш барытон вельмі вядомы, саліст. Наколькі мне вядома, ён пакуль не зьбіраецца вяртацца ў Беларусь.

— Ці ў калег, якія запісалі відэазварот у вашую падтрымку, былі пасьля гэтага нейкія праблемы?

— Наколькі я ведаю, не. На жаль, гэтая ініцыятыва не атрымала шырокага, скажам, маштабу. Людзі баяліся. Нават сярод нашых калег рэакцыя была: быў напісаны ліст, зварот да дырэкцыі нашага тэатру з патрабаваньнем аднавіць нас на працы. Але нават у гэтым выпадку далёка ня ўсе падпісалі гэты ліст. У людзях, напэўна, жыве страх вельмі глыбока, і вельмі цяжка яго выкараніць.

— Як вы ставіцеся да цяперашняй апазыцыі ў Беларусі, у тым ліку да Сьвятланы Ціханоўскай? Яна выклікае ў вас давер? Ці бачыце вы ў ёй беларускага лідэра?

— Сьвятлана Ціханоўская выклікае вялікі давер. Гэта жанчына, якая за такі кароткі тэрмін прайшла такі шлях, што ня кожнаму мужчыну пад сілу. Яна вельмі блізкая да народу і зразумелая, бо ў ёй ёсьць галоўная якасьць — чалавечнасьць. І я лічу, што яна ёсьць на гэты момант лідэрам і сымбалем нашага часу і нашай рэвалюцыі. Бо тая крытыка, якая ідзе з розных бакоў на ейны адрас, я лічу, не абгрунтаваная. Магчыма, усе мы вучымся, і яна ў тым ліку, і ўзваліць на сябе такую адказнасьць — гэта не пад сілу многім. Таму я захапляюся ёю.

— Ці ёсьць у вас адчуваньне, калі вы вернецеся ў Беларусь?

— Складанае пытаньне. З аднаго боку, я сабе паставіла дату 9 траўня, чамусьці гэта вельмі сымбалічна, гэтая дата. Вельмі шмат людзей робяць столькі высілкаў для таго, каб наблізіць перамогу, каб аднавіць справядлівасьць, каб вызваліць палітвязьняў, якія вымушаныя знаходзіцца ў турме па некалькі месяцаў. Таму я лічу, што гэтыя высілкі павінны ў самы блізкі час прынесьці вынікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG